Разла́ты (разла́тый) ’сукаваты’ (Юрч. СНЛ), параўн. балг.разлат (ръзлат) ’роўны, расшыраны’, ’неглыбокі (пра пасудзіну)’, рус.дыял.разла́тый ’які расшыраецца, паступова павялічваецца ў шырыню’. Мяркулава (Очерки, 29) звязвае апошняе слова з укр.лататий ’шырокі’, рус.лата́тый горошек ’рагаты гарошак, які тырчыць у розныя бакі’ і далей з ла́та, ла́тка ’кусок матэрыі, латка’. Аднак для этымалогіі слова істотнае значэнне мае дзеяслоўная ізалекса, параўн. рус.разла́тить ’шырока растапырыць’ (разан.) і серб.-харв.razlatiti ’расшырыць, шырока адкрыць’, вытворнае ад latiti ’схапіць, сціснуць’ (Цыхун, БЛ, 5, 49). Апошняе да *latiti, роднаснае *latati і, нарэшце, *lětati (ЭССЯ, 14, 48–49), гл. лятаць, лата3. Пра адносіны *latiti і *lātāti гл. спец. Рыкаў, Зб. Лекаву, 325–327; пра сувязь *latiti і letěti гл. Немец, Slavia, 66, 319–324. Адносна ст.-слав.разлатыи гл. Геродас, Slavia, 49, 397–398.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Расхры́станы ’расшпілены, расхлістаны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк., Ян.), расхрэ́станы ’тс’ (Скарбы), расхрыста́ны ’тс’ (Янк. Мат.). Дзеепрыметнік ад расхры́стацца ’агаліць грудзі’ (Нас.), ’расшпіліцца і расхінуць адзенне’ (Варл.), расхрэ́стацца ’тс’ (Сцяц.). Параўн. укр.росхри́станий ’з адкрытымі грудзямі, незашпілены’, рус. экспр. расхри́станный ’у расшпіленай, разарванай на грудзях вопратцы’, што ўтворана ад расхристать < *христать ’рваць’, гл. Мяркулава, Этимология–1970, 194, дае прыводзіцца толькі рус.дыял.хрыста́ть ’скабліць, стругаць’. У сувязі з гэтым дапускаецца вывядзенне з расхрыданы (гл.) з распадабненнем зычных: *xrydti > *xrysti > *христатъ ’рваць’ (там жа). Гл. аднакхры́ста (хри́ста) ’той, хто ходзіць незашпілены’ (Нас.), хрысце́нь (хрысце́нь) ’хто ходзіць з голымі грудзямі; прастак’ (Нас.), што не выключае ўтварэнне ад экспрэсіўнага хрысці́ць ’біць, лупцаваць’ (гл.) аналагічна да расхлі́стацца (гл.) ці на аснове апошняга; да фанетыкі параўн. укр.росхри́стя ’хто ходзіць з расшпіленай сарочкай’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Ро́цезка, ро́тэзка ’вузкая палоска матэрыялу, якой завязваюць хвартух’ (пін., Шатал.). Супастаўляецца з ст.-рус.ретязь, укр.ре́тяз, польск.wrzeciądz, ст.-польск.rzeciądz, н.-луж.rjeśaz, в.-луж.rjećaz, чэш.řetěz, славац.reťaz ’ланцуг’. Кіпарскі (Gemeinslav., 263) дапускае старое слав.*relędzь, *retęgъ, якія, магчыма з герм. моў: ст.-ісл.rėkendi, rėkendr, ст.-англ.racente ’ланцуг’, ст.-в.-ням.rahhinza ’тс’. Дапускаецца ў якасці зыходнага герм.*reking, параўн. ст.-ісл.rekk ’путы, кайданы’ (гл. Фасмер, 3, 476), аднак сумніўна, каб герм.k дало слав.t. Махэк₂ (531) звяртае ўвагу на ст.-чэш.vrtoviez ’вяроўка, што звязвае вярхі ручак у возе’, якое з *vьrto‑vęzь і, абапіраючыся на гэтае слова, для retądzь выводзіць *vert‑ęz‑ь, а з гэтага — vřě‑ [на пісьме перадавалася як rzye‑]. Параўн. і ўкр.веретя́з (у Брукнера, 633). Форма з суф. ‑ка, як укр.гуц.пері́зка ’пасак’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сікляк ‘мурашка’ (Інстр. 2), сіклі́ўкі, сікля́хі, сікуны́, сіку́чкі ‘малыя рудыя мурашкі’ (чэрв., віл., паст., круп., лудз., Сл. ПЗБ), сіку́шкі ‘мурашкі’ (Сл. рэг. лекс.), сі́каўка ‘малая рудая мурашка’: сікаўка як сікнет ядам (барыс., Сл. ПЗБ). Ад сікаць і асновы прым. сікл‑, параўн. сіклі́вы ‘які выдзяляе пякучую вадкасць’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Тое ж рус.пск.сікля́ха ‘мурашка’, сікля́шнік ‘мурашнік’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) мяркуе, што разглядаемыя назвы мурашкі таго ж паходжання, што і назва рыбы сікла (гл.). Асноўны прызнак, што іх аб’ядноўвае — ‘невялікі, дробны’ — прадстаўлены лат.sîks ‘маленькі, дробны’. Аднак шырокае распаўсюджанне назваў мурашак з коранем сік‑ і наяўнасць такой матывацыі ў іх назвах далёка за межамі балтыйскага рэгіёна, параўн. ненец.javoroptsa ‘мурашка’ < jaw ‘мача’ і інш., цалкам адводзіць такую версію іх паходжання, гл. Анікін, Опыт, 277; Трубачоў, Труды, 1, 505–506.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыш- у прыгаворцы: Сем пол наперадзе, / Чаму мяне не бераце. / І трыштыкі туды ж такі (Вушац. сл.). Няясна. У трыштыкі вычляняецца фармант ‑тыкі, адносна якога Насовіч сцвярджае, што ён далучаецца да слоў як бы для пацверджання (Нас.), гл. такі2. Параўн. запісанае на Смаленшчыне три́ш‑таки ‘выклічнік, што ўжываецца для выражэння незадавальнення’ (?): у триш‑таки тудыш‑таки (СРНГ). Першую частку можна зблізіць з тры́шты (гл.), параўн., аднак, харв.trîž, triš ‘тры разы, тройчы’, чарнаг.три̂ш ‘тс’, серб.цімак.триш ‘тс’, балг.триж ‘тс’, макед.триш ‘тс’, што выводзяцца з прасл.*trišьdъ, гл. Ільінскі, Зб. Ягічу, 298; Скок, 3, 501; Младэнаў, Диалектология, 547–550; Тодараў, Этим. етюди, 149. Адзіная засведчаная ў паўночнаславянскім арэале беларуска-паўднёваславянская паралель з канцавым ж/ш са значэннем ‘тройчы, у тры разы’? З-за фармальных цяжкасцей малаверагодна вывядзенне з трышты (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэ́йка1 ‘мяльшчык, мяльшчыца’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), ‘трапальшчыца’ (хойн., ЛА, 2, Трух.); ‘мяліца, церніца, на якой труць лён, каноплі’ (ельск., Мат. Гом.). Да церці (гл.). Суфіксацыя, як у жне́йка, варажэ́йка і пад.
Трэ́йка2 ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́йкі ‘тс’ (Янк. 1; маз.. Мат.), трэ́йко ‘тс’ (Нар. Гом., ТС). Параўн. укр.тре́йки ‘тс’. Утвораны пры дапамозе канцавых часціц з элементам ‑к‑ (гл. Копечны ў ESSJ SG, 1, 316), як у словах колькі, укр.скі́лько, польск.kilko, kilka, серб.ко̏лико, балг.колко і пад. Да тры, гл. тройка1. Карэннае ‑эй‑ замест ‑ой‑ можна патлумачыць уплывам балцкага субстрату, параўн. літ.trejì ‘тры’, trẽjos ‘трое’, лат.treji ‘трое’ (якое ўжываецца толькі з множналікавымі назоўнікамі), trejāds ‘траякі’; аднак, хутчэй за ўсё, тут мае месца варыянтнасць асноў *tri‑/*tre‑, параўн. трэці, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калды́га1, колды́га ’крывы, кульгавы чалавек, які павольна ідзе’ (Нас.), колдыгаць ’кульгаць’ (Нас.). Дакладны адпаведнік у суседніх смал. гаворках: колдыга ’кульгавы чалавек’, колдыгай ’тс’ (тут дадатковая суфіксацыя, як у смал.колдыбай ’тс’), колдыгать ’кульгаць’. Утварэнне, аналагічнае калдыба1 (гл.). Рэгіянальны наватвор, інавацыя ва ўсх.-бел. гаворках. Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і росл., смал.колдыка, смал.колдыкаць ’кульгаць’. Відаць, няма патрэбы разглядаць бел.калдыга як звонкі дублет да прыведзеных слоў. Суфіксацыя ў бел. слове з’яўляецца натуральнай, параўн. маг. утварэнні хварыга ’хворасць, прыпадак’ (Нас.). Падобную смал. суфіксацыі адзначае Сцяцко, Афікс. наз., 76, у некаторых беларускіх гаворках, параўн. полац.хадыка ’хадок, хадуля’. Што датычыць мяркуемай намі суфіксацыі ў калдыба (гэты элемент лёгка выдзяляецца, параўн. прыведзеныя словы), можна думаць, што яна нерэгулярная, магчыма, трасфармацыя ‑ыг‑а пад уплывам дзеяслова дыбаць ’кульгаць’. Падрабязней гл. кандыба, відаць, роднаснае гэтаму кругу лексікі.
Калды́га2 ’скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на заскароджаным молі’ (слаўг., Яшк.). Утварэнне, аналагічнае калдыба2. Суфіксацыя (па тыпу) у даным выпадку не вельмі ясная, аднак іншы варыянт тлумачэння таксама не высвятляе гэтага пытання. Параўн. рус.дыял.колча ’кульгавы чалавек’, ’купіна’, пск., кур.колчеватый ’ухабісты, няроўны, купісты (звычайна пра дарогу)’, колчи ’ўхабіны, камкі замёрзлай гразі на дарозе, ворыве і да т. п.’. Аднак, думаецца, няма патрэбы суадносіць семемы ’кульгавы’ і ’ўхабісты’, відаць, тут незалежныя ўтварэнні ад асновы колт‑. У такім выпадку тут не толькі семантычная паралель да разглядаемага слова, але і генетычна роднасная лексіка (дэрываты ад kl̥t‑/kl̥d‑).
Калды́га3 ’парода лесуна’ (Кірк.). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова няма. З фармальных паралелей бел.калдыга ’кульгавы’, параўн. у Насовіча колдыга ’крывы, кульгавы, які павольна ходзіць’. Вельмі сімптаматычная інфармацыя ў Насовіча, 241: «Колдыга… хромой чортъ. Колдыга чортовъ, усе круциць да муциць», відавочна, сведчыць на карысць таго, што калдыга3 паходзіць ад калдыга ’кульгавы’. Адносна этымона гл. калдыга1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр.зах.в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус.колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш.мар.kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск.kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял.в.-польск.kodłuch і kvoduch, сілез.kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднакрус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кады́р ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (глус., Янк. 2), кадырчык ’невялікая драўляная дзежачка, завужаная кверху’ (Мат. Маг.). Адзначым, што магілёўскі слоўнік зафіксаваў слова таксама ў Глускім раёне, што вымушае лічыць кадыр вузкарэгіянальным утварэннем. Як і ў іншых выпадках, гэта можа азначаць запазычанне, архаізм або інавацыю. Першае і другое на прычыне адсутнасці паралелей адпадаюць. Для версіі новаўтварэння можна прапанаваць некалькі варыянтаў этымалогіі. Магчыма, кадыр — суфіксальнае ўтварэнне ад асновы кад‑ (гл. кадзь, кадушка) і суфікса ‑ыр, пры дапамозе якога, паводле Сцяцко, Афікс. наз., 127, утвараюцца асабовыя і неасабовыя назоўнікі (націск на суфіксе); дэрываты характарызуюць істоты, прадметы па выразнай прыкмеце: жаўтыр ’птушка жаўтушка (амялушка)’, пустыр ’пустка’. Відавочна, што такую суфіксацыю для слова кадыр можна прыняць толькі па фармальнаму крытэрыю. З семантычнага боку (значэнне ’выдзеўбаная з кавалка дрэва’) перашкоды для такой этымалогіі няма, параўн. палес.кадушка ’выдзеўбаная з кавалка дрэва пасудзіна’. Паводле другога варыянта этымалогіі, кадыр < кадоўб, кадуб ад асновы кад, якая вычленена ў выніку зацямнення і перараскладання структуры гэтых слоў. Такім чынам, лёгка тлумачыцца значэнне слова, аднак застаюцца цяжкасці, звязаныя з семантыкай суфікса. Разглядаць кадыр таксама можна як утварэнне, аналагічнае і паралельнае слову кадоўб. У такім выпадку ка‑ < ко‑ дзеяслоўнага ў назоўніку, а ‑дыр суадносіцца з слав.dirałi. Фанетыку ў бел. слове можна вытлумачыць фармальным уздзеяннем ‑ыр‑суфіксацыі, аднак цяжка ўзгадніць семантыку патэнцыяльнага аддзеяслоўнага кадыр і слав.dьrti. Як магчымыя аналагічныя ўтварэнні можна прывесці рус.асташ., цвяр.кадра ’дрэнь, калі гаварыць аб пэўным саслоўі або класе людзей’. Даль прыводзіў як магчымыя сінонімы падера, падра. Цікавай выглядае магчымасць суаднесці бел.кадыр і бал.дыял.кадра ’кадка’, кадурка ’кадушка’, якое аўтары балгарскага этымалагічнага слоўніка выводзяць ад када ’чан, бочка’, кадра < кадурка з сінкопай ‑у‑, гл. БКР, 3, 129 і 132. Калі прыняць этымалогію балгарскага слова, застаецца магчымасць прывесці яго як словаўтваральна падобнае бел. слову, гл. нашу першую версію.