ПАЛІ́ АРАШЭ́ННЯ,

зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца для дадатковай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам фільтрацыі праз глебавыя гарызонты і адначасова для арашэння с.-г. раслін. Ствараюць у комплексе з ачышчальнымі збудаваннямі пераважна на лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах і грунтах. На П.а. размяшчаюць звычайна кармавыя культуры: шматгадовыя травы, караняплоды і інш. Арашэнне праводзіцца камунальнымі, вытв. (ад прамысл. і с.-г. прадпрыемстваў), мяшанымі сцёкавымі водамі, якія адпавядаюць аграмеліярац. і сан. патрабаванням і прайшлі папярэднюю мех., хім. ці біял. ачыстку.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЭТРО́ІДЫ,

група сінт. інсектыцыдаў аналагаў пірэтрынаў паводле характару і механізму фізіял. ўздзеяння. Хім. будовай некаторыя П. істотна адрозніваюцца ад прыродных. Найб. даследаваны эфіры хрызантэмавай к-ты (т.зв. П. першага пакалення), якія, як і пірэтрыны, лёгка акісляюцца на святле. П. новых пакаленняў маюць больш шырокі спектр дзеяння, эфектыўныя пры вельмі нязначных нормах расходу (напр., для найб. актыўнага з сучасных інсектыцыдаў дэльтаметрыну — 5—20 г/га), устойлівыя да ўздзеяння святла. Іх выкарыстоўваюць для апрацоўкі пасеваў многіх с.-г. культур, садоў.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЛА (Pula),

горад у Харватыі, на п-ве Істрыя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Каля 100 тыс. ж. (2000). Порт на Адрыятычным м. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., у т. л. танкераў; буд. матэрыялаў, хім., дрэваапр., тэкст., харчовая; цэнтр рыбалоўства і рыбакансервавай прам-сці. Археал. музей. Добра захаваліся рымскія пабудовы 1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.: трыумфальная арка, амфітэатр, рэшткі гар. умацаванняў і віл. Маўзалей і царква св. Міколы (абодва 6 ст.) і інш. Турызм.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСА́Н,

горад на ПдУ Паўд. Карэі, на беразе Карэйскага праліва. Адміністрацыйна прыраўнаваны да правінцыі. Ўзнік, верагодна, у першых ст. н.э. пад назвай Кая (Карак). 3830 тыс. ж. (2000). Найбуйнейшы порт краіны, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. вытв-сць суднавых рухавікоў і аўтамабіляў; металургічная, ваенная, радыё- і эл.-тэхнічная, хім., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1983). База рыбалоўства. 2 ун-ты. Музеі. Паблізу — АЭС, марскія курорты.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕНУКЛІ́ДЫ,

радыеактыўныя атамы (нукліды) хім. элементаў. Бываюць прыродныя і штучна атрыманыя (тэхнагенныя). Адрозніваюць паводле тыпу радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць). Большасць Р. з’яўляюцца крыніцамі рэнтгенаўскага ці гама-выпрамянення. У адпаведнасці з нормамі радыяцыйнай бяспекі паводле таксічнасці падзяляюцца на Р. асабліва небяспечныя для чалавека і Р. высокай, сярэдняй і малой радыетаксічнасці (гл. Радыеактыўнае рэчыва). Значная колькасць тэхнагенных Р. утвараецца пры рабоце ядз. рэактараў, пераважна атамных электрастанцый. Уздзеянне прыродных і тэхнагенных Р. навакольнага асяроддзя на жывыя арганізмы вывучае радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧМАНД (Richmond),

горад на ПдУ ЗША, адм. ц. штата Віргінія. Засн. у 1607. У 1861—65 — сталіца канфедэрацыі Паўд. штатаў. 194,2 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1998). Порт у нізоўях р. Джэймс, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Важны гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША. Гандлёва-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна (тытунь і арахіс). Прам-сць: тытунёвая (адзін з гал. цэнтраў у краіне), хім., цэлюлозна-папяровая, паліграф., металаапр., радыёэлектронная. 20 ун-таў і каледжаў.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДКАЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

сям’я з 17 хім. элементаў ІН групы перыяд. сістэмы: скандый, ітрый, лантан і лантаноіды. У зямной кары трапляюцца даволі рэдка: найб. пашыраны цэрый (7∙10​−3% па масе), найменш — тулій (2,7∙10​−5%). З’яўляюцца прыроднымі спадарожнікамі тытану, цырконію, гафнію, ніобію, танталу, урану і некаторых інш. металаў. Найважн. мінералы — бастнезіт, манацыт, ксенатым. Першапачаткова вылучаны ў выглядзе нерастваральных аксідаў (устарэлая назва — землі; адсюль назва). У навук. л-ры Р э. абазначаюцца: РЗЭ і TR (ад лац. terra rara).

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАРЦЫ́Н,

1,3-дыгідраксібензол, двухатамны фенол, C6H4(OH)2. Бясколерныя крышталі, tпл 109—110 °C, шчыльн. 1285 кг/м³ (15 °C). Раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне. Мае хім. ўласцівасці фенолаў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці фарбавальнікаў, рэзарцына-альдэгідных смол (гл. Фенола-фармальдэгідныя смолы), рэагент у аналіт. хіміі, антысептык (кампанент мазей і раствораў для лячэння скурных хвароб); эфіры Р. — стабілізатары і пластыфікатары палімераў. Пыл і пара Р. раздражняюць скуру, слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў. выклікаюць кашаль.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСІ́ФІ (Recife),

Пернамбуку, горад у Бразіліі, на крайнім усходзе мацерыка Паўд. Амерыка. Адм. ц. штата Пернамбуку. Засн. ў 1548 на месцы рыбацкага пасёлка. Разам з прыгарадамі каля 3 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найважн. порт краіны. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр ПнУ Бразіліі. Прам-сць: харчасмакавая (цукровая, тытунёвая, спіртагарэлачная), тэкст., маш.-буд., цэм., хім., гарбарна-абутковая. 3 ун-ты. Філалагічная акадэмія, Музей штата. Арх. помнікі калан. перыяду і класіцызму 19 ст. Цэнтр турызму.

Горад Рэсіфі. Прыморская частка.

т. 14, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРАКТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. refractus пераломлены + ...метрыя),

сукупнасць метадаў даследаванняў фіз. і хім. уласцівасцей рэчываў на аснове вымярэння пераламлення паказчыка святла; раздзел прыкладной оптыкі. Вымярэнні праводзяцца з дапамогай рэфрактометраў і двухпрамянёвых інтэрферометраў (для вымярэння паказчыка пераламлення з блізкімі да 1 значэннямі). Метады Р. выкарыстоўваюцца ў хіміі, фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці для вызначэння саставу і структуры рэчываў, а таксама для кантролю іх якасці; у аэра- і гідрадынамічных даследаваннях і аптычнай прам-сці — для праверкі аднароднасці рэчываў і інш.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)