БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік рус. архітэктуры. Засн. ў канцы 14 ст., пабудаваны ў 1-й пал. 16 ст. ў пас. Барысаглебск каля г. Растоў (Яраслаўская вобл.). Вакол цэнтр. прамавугольнай плошчы — сабор Барыса і Глеба (1522—24, прыпісваецца арх. Р.​Барысаву), трапезная (з царквой Благавешчання; 1524—26, арх. Барысаў; перабудавана ў 17 ст.), келлі (16 ст.), званіца (1680). Манастыр абкружаны сценамі з 14 вежамі і 2 цэрквамі 17 ст. Прамавугольныя ў плане сцены з сіметрычна пастаўленымі брамамі і вежамі надаюць ансамблю рысы рэгулярнасці, а свабоднае размяшчэнне багатых пабудоў — жывапісны выгляд.

Брама Барысаглебскага манастыра.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1772—1856. Узначальвалася ген.-губернатарам (ваен. губернатарам). Цэнтр — г. Магілёў, з 1796 — г. Віцебск. Аб’ядноўвала губерні, утвораныя на землях, далучаных да Расіі ў 1772: Беларускую (1796—1802), Віцебскую (з 1802), Калужскую (1823—31), Магілёўскую (у 1778—96 намесніцтва), Мінскую (студз.—крас. 1831), Полацкую (у 1776—96; з 1778 намесніцтва), Пскоўскую (1772—76), Смаленскую (з 1823). З 2-й пал. 1820-х г. у сувязі са зменамі ў складзе і нац. палітыкай самадзяржаўя тэрмін «беларускае» ў назве паступова замяняўся пералікам асобных губерняў.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ АДЭ́СКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.

Існавала ў 1918—23 (?). Займалася культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны ў Адэсе (у 1922 іх было там каля 20 тыс. чал.). Пад кіраўніцтвам секцыі ў 1922 працавалі 6 бел. школ, у т. л. 2 школы-камуны (400 вучняў). Арганізавала і кіравала бел. дзіцячым прытулкам (1919—22), дзіцячым тэатрам і хорам. З 1921 супрацоўнічала з Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У секцыі працаваў С.​Некрашэвіч, ёй дапамагалі А.​Баліцкі, А.​Ільючонак, Л.​Рытар і інш.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Арле,

таварыства бел. бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1917—18. Аб’ядноўвала беларусаў — жыхароў Арла і наваколля. Асн. задачы: абарона правоў і інтарэсаў беларусаў, матэрыяльная дапамога, культ.-асв. дзейнасць, абарона ідэі аўтаноміі Беларусі ў яе этнагр. межах. Вяла рэгістрацыю бел. бежанцаў у Арле і Арлоўскай губ., займалася дабрачыннай дзейнасцю, праводзіла культ.-асв. мерапрыемствы. Кантактавала з Бел. радай у Мінску і падзяляла яе ідэі. У чэрв. 1918 наладзіла сувязь з Беларускім нацыянальным камісарыятам. Увосень 1918 не зарэгістравана як ідэалагічна варожая, пасля чаго спыніла дзейнасць.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,

часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.​Ярош, Т.​Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.​Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.

Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.

З.​А.​Казлоўская.

Беларускі сінап.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ»,

незалежная, народна-радыкальная газета групы Беларускі фронт, створанай ксяндзом В.​Гадлеўскім. Выходзіла штомесячна з чэрв. 1936 да жн. 1939 (у 1939 два разы на месяц) у Вільні на бел. мове. Выйшла 50 нумароў, некаторыя з іх былі канфіскаваны. Выступала за роўныя паліт., эканам. і сац. правы ўсяго бел. народа. Асвятляла жыццё беларусаў у Зах. Беларусі, БССР, краінах Зах. Еўропы і Амерыкі; імкнулася быць іх аб’яднаўчым органам пад заклікамі незалежнасці, нац. годнасці і роўнасці. Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫННЫ СУД,

суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж. звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл. Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЧ,

старажытнарускі горад на р. Луква (прыток Днястра) каля с. Крылас Івана-Франкоўскай вобл. Украіны, за 5 км на Пд ад сучаснага горада. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1140. З 1144 цэнтр Галіцкага, з 1199 Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 12 ст. дасягнуў найб. росквіту, меў княжацкія палацы, храмы, развітыя рамяство і гандаль, тут складзены Галіцка-Валынскі летапіс. Пасля зруйнавання ў 1241 татарамі прыйшоў у заняпад. Паводле археал. даследаванняў, узнік у 10 ст. У выніку раскопак выяўлены рэшткі Успенскага сабора 12 ст., наземных і паўзямлянкавых жытлаў і майстэрняў.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1706—1832 у Друі. Засн. браслаўскім падчашым П.​К.​Качаноўскім. Мураваныя касцёл і жылы корпус пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. па праекце італьян. архітэктара Парака. Касцёл св. Антонія асвячоны ў 1767 бел. біскупам-суфраганам Ф.​Тавянскім. У 1839 будынкі кляштара перададзены праваслаўным; мясц. памешчык Мілаш царскім загадам быў абавязаны пераабсталяваць касцёл у царкву, але потым выдаткі былі перакладзены на прыхаджан. З-за адсутнасці сродкаў работы не выконваліся. У канцы 19 ст. кляштар разабраны на цэглу, касцёл узарваны ў 1909.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)