гар, ‑у, м.
1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.
2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.
3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.
4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.
•••
Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. гладзь; незак., каго-што.
1. Лёгка, ласкава праводзіць па кім‑, чым‑н. рукой; песціць, лашчыць. Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках. Бядуля. // Прыгладжваць што‑н. далонню або пальцамі. Гладзіць бараду. Гладзіць вусы. // перан. Лёгка дакранацца да чаго‑н. (пра вецер, сонца і інш.). Фары вогненным бляскам Гладзяць спіну кургану. Нядзведскі.
2. Рабіць гладкім, роўным. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе. Колас. // Разгладжваць, прасаваць (бялізну, плацце і пад.). Гладзіць касцюм.
•••
Гладзіць па галоўцы (па шэрсці) каго — хваліць каго‑н.; патураць каму‑н.
Гладзіць супраць шэрсці каго — гаварыць ці рабіць каму‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.
2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арэ́х, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Плод, семя ў выглядзе ядра ў цвёрдай шкарлупцы. Грэцкія, кедравыя арэхі. Пражаныя арэхі. Рваць, вылушчваць арэхі. □ Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў. Прыказка. / ‑у, у знач. зб. Міндалевы, мускатны арэх. // ‑а. Аднанасенны плод некаторых раслін, з цвёрдым дравяністым каляплоднікам (напрыклад: дуба, каштана і інш.).
2. ‑а. Дрэва або куст, на якім растуць такія плады.
3. ‑у. Прыгожая, цвёрдая драўніна такіх дрэў, якая ідзе на сталярныя вырабы.
4. ‑у. Спец. Гатунак каменнага вугалю.
•••
Арэх-свістун — пусты арэх.
Зарабіць на арэхі гл. зарабіць.
Моцны арэх — пра што‑н. цяжкае для дасягнення, авалодання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атэста́т, ‑а, М ‑таце, м.
1. Афіцыйны дакумент аб сканчэнні навучальнай установы. [Генадзій:] Атэстат магу прадставіць, а наконт сталасці мяркуйце самі. Крапіва. // Пасведчанне аб прысваенні вучонага або спецыяльнага звання. Атэстат прафесара. Атэстат старшага навуковага супрацоўніка. Атэстат майстра сельскагаспадарчай вытворчасці.
2. Дакумент на права атрымання ваеннаслужачымі грашовага, харчовага і інш. забеспячэння, а таксама дакумент, па якім утрыманец ваеннаслужачага атрымлівае частку яго грашовага забеспячэння. Харчовы, грашовы атэстат.
3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пасведчанне аб праходжанні службы, якое выдавалася пры адстаўцы.
4. Дакумент, які пацвярджае пародзістасць свойскай жывёлы.
•••
Атэстат сталасці — пасведчанне аб заканчэнні сярэдняй агульнаадукацыйнай школы (у дарэвалюцыйнай Расіі — мужчынскай гімназіі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́павы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ліпы 1, уласцівы ёй. Ліпавая кара. // Які складаецца з ліп, абсаджаны імі. Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Колас. // Зроблены з драўніны, лыка, кары ліпы. Ліпавая кадушка. □ З лесу выходзіць бацька. На ім доўгая белая кашуля і новыя ліпавыя лапці. Асіпенка. // Прыгатаваны, сабраны з ліпавага цвету. Ліпавы чай. Ліпавы мёд.
2. у знач. наз. лі́павыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якіх адносяцца ліпа, джут і інш.
•••
Ліпавы цвет гл. цвет.
лі́павы 2, ‑ая, ‑ае.
Разм. Падроблены, фальшывы, несапраўдны. Ліпавыя дакументы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамільгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. З’явіцца, паказацца і хутка знікнуць. Паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Лынькоў. Паміж сасонак адна за адной прамільгнулі цёмныя цені. Шчарбатаў. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек.
2. Вельмі хутка прайсці (пра час). Тыдзень прамільгнуў нібы адзін дзень. Шыцік. Прамільгнуў матыльком светлакрылым дзень. Мурашка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца на імгненне (пра думкі, пачуцці і інш.). І тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Колас. — Шчасце чалавека ў няведанні, — несвядома прамільгнула ў Ігнася думка. Чорны. // перан. Чуць прыкметна, злёгку выявіцца. У сініх вачах жанчыны прамільгнула насцярожанасць. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́та, ‑а, М пуце, н.
1. Вяроўка або ланцуг, якім перавязваюць пярэднія ногі каню ў час пасьбы. Жарабец.. [Зыгмуся] парваў быў раз пута і паўгоняў аўса стравіў. Чорны. [Васіль] з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца. Мележ.
2. толькі мн. (пу́ты, ‑аў). Вяроўкі, кандалы і інш., якімі звязваюць каго‑н., каб пазбавіць свабоды рухаў. І вядуць па іх [сцежках] этапы не ў астрог пад путаў звон, а да явы да багатай жыватворчых нашых дзён. Машара. // перан.; звычайна чаго. Тое, што пазбаўляе волі, прыгнятае. Путы рабства. □ Ўжо многія народы путы збілі І ў будучыню ўпэўнена пайшлі. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарту́х, ‑а, м.
1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.
2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.
[Ням. Vortuch.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шасі́, нескл., н.
1. Рама ці аснова розных машын, механізмаў і ўстановак. Кавалеўскі, Максім Сцяпанавіч і Дзімін пабывалі ў ліцейным, у цэху шасі, у эксперыментальным. Карпаў. // Сукупнасць усіх механізмаў і агрэгатаў, умацаваных на такой раме.
2. Высоўная або нерухомая канструкцыі (колы, паплаўкі, лыжы) у самалёце, якая служыць для яго руху па аэрадроме пры яго ўзлёце і пасадцы. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка.
3. Спец. Панель з ліставога металу, на якой умацоўваюцца дэталі апаратуры (радыёпрыёмніка і інш.).
•••
Самаходнае шасі — трактар, які мае раму універсальнай канструкцыі, што дазваляе абсталяваць яго разнастайнымі зменнымі машынамі і прыладамі.
[Фр. châssis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)