ПАРАЛЕКСІ́Я,

моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.

Літ.:

Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;

Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ ПАРА́Д 1944.

Адбыўся 16 ліп. ў Мінску ў гонар вызвалення сталіцы ад ням.-фаш. захопнікаў і баявых заслуг партызан, якія прымалі актыўны ўдзел у правядзенні Беларускай аперацыі 1944, у т. л. ліквідацыі акружанай групоўкі ням. войск (гл. Мінскі кацёл»), Адбыўся на тэр. іпадрома (цяпер раён вул. Першамайскай і Чырвонаармейскай). Ва ўрачыстым мітынгу жыхароў горада (каля 50 тыс. чал.) і партызан (каля 30 тыс. чал.) прымалі ўдзел дэлегацыі воінаў Чырв. Арміі на чале з камандуючым 3-м Бел. фронтам ген. арміі І.Д.Чарняхоўскім і працоўных г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад у Расіі), якая перадала Мінску эшалон падарункаў. Парад прымаў нач. ЦШПР і старшыня СНК БССР П.К.Панамарэнка, камандаваў парадам нач. БШПР П.З.Калінін. Партызаны Мінскай і некат. суседніх абласцей Беларусі ішлі са сваімі сцягамі і зброяй, везлі артылерыю, ехалі на кулямётных тачанках, аўтамабілях, у т. л. трафейных, самаходных гарматах. Асобнай калонай прайшла зводная група кавалерыі. Пасля парада ўдзельнікі строем прайшлі па вуліцах горада. М.Г.Нікіцін.

т. 12, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРОБ,

бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».

Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНАСЦЬ у фізіялогіі,

здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с.група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,

група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.

Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],

псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.

Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баявая аперацыя Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў па знішчэнні чыг. моста цераз р. Пціч у Капаткевіцкім р-не Палескай вобл. (цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) З ліст. ў Вял. Айч. вайну. Партызаны неаднаразова перапынялі рух на чыг. магістралі Брэст—Гомель і, каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскія падп. абком КП(б)Б і штаб партыз. злучэння распрацавалі план аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі» з удзелам 11 партыз. атрадаў (1300 чал.). Мост ахоўвалі 2 узводы ням. салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі, непадалёку размяшчаўся гарнізон праціўніка (750 чал.). Партызаны падарвалі чыг. палатно на З і У ад моста, каб перашкодзіць падыходу падмацавання акупантам. У час абстрэлу гарнізона і дзотаў група падрыўнікоў падарвала мост. Праціўнік адступіў. Партызаны пры адыходзе пасля бою знішчылі групу падмогі ворагу. Рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 больш як на 3 тыдні.

М.​У.​Філімоненкаў.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ РАСІ́І (РППВР),

палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.​М.​Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Літ.:

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.

У.​Я.​Казлякоў.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апера́тар

(лац. operator = выканаўца)

1) спецыяліст, які кіруе работай якога-н. механізма або ўстаноўкі;

2) тое, што і кінааператар;

3) інф. каманда або група каманд праграмы 5, складзенай на якой-н. мове праграміравання.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Ку́па1 ’куча, група’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., Бяльк., Яруш., Нар. сл., Яшк., ТС, Касп.). Укр. купа, рус. купа ’тс’, балг. купа ’капа сена’, макед. купа ’купа’, серб.-харв. ку́па, польск. kupa, чэш. kupa, славац. kupa, в.-луж. kupa ’тс’. Прасл. kupa адпавядае літ. kúopa, лат. kuopa ’тс’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш далёкія (Бернекер, 646; Траўтман, 138; Фрэнкель, 231).

Ку́па2 ’сухі, здробнены торф’ (Нар. лекс.), ’перагной’ (Яшк.), ’дзе гоняць смалу, выпальваюць попел’ (Яшк.). Гл. купіцца.

Ку́па3 ’вялікая бочка для зерня’ (ТС, КЭС, лаг.). Ст.-бел. куфа ’тс’ (з 1583 г.) запазычана з польск. kufa, якое са ст.-в.-ням. kuofa (Булыка, Запазыч., 182). Магчыма, для бел. купа крыніцай быў н.-ням. або ст.-сакс. варыянт (параўн. ст.-сакс. kōpa ’тс’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)