асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.

2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.

3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заця́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.

3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.

4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыжава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. скрыжаваць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. скрыжавацца (у 1, 3 знач.).

2. Месца, дзе скрыжоўваюцца дарогі, вуліцы і пад. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. На скрыжаванні вуліц Наташа спынілася, пачакала, пакуль пройдуць машыны. Гамолка. Развітання хвіліна На скрыжаванні лясным... Куляшоў. // Наогул месца, дзе перасякаецца што‑н. чым‑н. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган. У скрыжаванні нааконных крат — нябёсаў родных зрэзаны квадрат. А. Вольскі. / у перан. ужыв. Вёска ў Заходняй Беларусі стаяла на скрыжаванні нацыянальных і сацыяльных супярэчнасцей. У. Калеснік.

3. Спарванне жывёлін або апыленне раслін розных відаў, гатункаў, народ для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку.

4. Узаемадзеянне дзвюх або некалькіх моў. Скрыжаванне моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Націскаць на што‑н. шмат разоў. Смагул ціскаў пяткамі вярблюджую шыю і ўскрыкваў: — І-па! І-па! Беразняк. // Разм. Іграць на гармоніку, баяне і пад. У яе [Агаты], бач, грышча сёння, Дык сышлася вёска ўся; Сцёпка ціскае гармонік, Той пішчыць, як парася. Крапіва. // перан. Уздзейнічаць прымусова на каго‑н.; прымушаць. [Старац:] Калісь і мяне ціскалі няшчасці з усіх бакоў. Купала.

2. Разм. Сціскаць у абнімках, моцна абнімаць. Не, [Антанюк] не праслязіўся. Але ціскаў хлопцаў у абдымках, тоўк кулакамі ў плечы, у жывот, без прычыны смяяўся. Шамякін. // Сціскаць рукой, рукамі, пальцамі; камячыць. Бацюшка ўвесь час ціскаў у руках пугу і капялюш. Чарот.

3. Спец. Друкаваць з дапамогай друкарскага прэса.

4. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, органе друку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АСТА́ШЫН,

вёска ў Беларусі, у Луцкім с/с Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Сэрвач. За 15 км на Пд ад Карэлічаў, 210 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 206 ж., 108 двароў (1995). Пач. школа, клуб, б-ка.

Упершыню згадваецца ў 1428 у складзе Навагрудскага княства ВКЛ. У 15—19 ст. належала Ягелонам, Астрожскім, Чартарыйскім, Бакам, Швыкоўскім, Грабоўскім. У 2-й пал. 16 ст. збудаваны Асташынскі кальвінскі збор (не збярогся). У сядзібным доме і зборы захоўваліся радавыя архівы і б-ка. У 1880-я г. ў Асташыне 57 двароў. У час 1-й сусв. вайны акупіравана герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З вер. 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Валеўскага, потым Карэліцкага р-наў.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ НИ́ВА»,

грамадска-палітычная с.-г. газета. Выдаецца ў Мінску з 1921 на рус. і бел. мовах. У 1921—24 выдавалася на рус. мове пад назвай «Белорусская деревня» як дадатак да газ. «Звязда», з сак. 1924 самаст. газета на бел. мове «Беларуская вёска». У 1931 — жн. 1935 «Калгаснік Беларусі», у крас. 1945 — вер. 1950 «Савецкі селянін» (снеж. 1947 — вер. 1950 на бел. і рус. мовах); у кастр. 1950 — кастр. 1962 «Калгасная праўда» (на бел. і рус. мовах), у 1962—91 «Сельская газета» (на рус. мове), з кастр. 1991 «Белорусская нива». Асвятляе пытанні с.-г. вытворчасці, эканам. і сац. развіцця вёскі, прапагандуе вопыт перадавых грамадскіх гаспадарак, наватараў, дасягненні навукі і тэхнікі ў сельскай гаспадарцы. Друкуе матэрыялы аб паліт., грамадскім і культ. жыцці ў краіне.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛА́РУЧЫ,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Вяча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПдЗ ад Лагойска, 26 км ад Мінска. 89 ж., 55 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

З 16 ст. мяст. Бяларуч Мінскага пав. ВКЛ. У 1600 мястэчка, маёнтак і двор Бяларучы належалі А.​Друцкай-Горскай. У 1870 цэнтр Бяларуцкай вол., у 1880 — 140 ж, 15 двароў, царква, нар. вучылішча, якое ў 1898 скончыў Я.​Купала. З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў ліп. 1942 спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў. У 1970 — 164 ж., 54 двары.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́Ў (Мікалай Платонавіч) (6.12.1813, С.-Пецярбург — 12.6.1877),

рус. паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це (1832—33) удзельнічаў у паліт. гуртках, захапляўся франц. утапічным сацыялізмам. З 1856 у эміграцыі (Лондан, Жэнева). На фарміраванне светапогляду паўплывалі дзекабрысты і А.Герцэн, з якім выдаваў альманах «Полярная звезда» і газ. «Колокол». Адзін з заснавальнікаў рэв. арг-цыі «Зямля і воля» (1860-я г.). У лірычных творах заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем, абгрунтоўваў ідэю грамадскага прызначэння паэзіі, прапагандаваў прынцыпы рэалізму (цыклы «Маналогі», «Успаміны дзяцінства», вершы «Памяці Рылеева», «Свабода», паэмы «Гумар», «Вёска», «Зімовы шлях», «Мацей Радаеў» і інш.). Аўтар аповесцяў, публіцыстычных і літ.-крыт. артыкулаў.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М., 1980;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Конкин С. Огарев. 2 изд Саранск, 1982.

М.П.Агароў.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВО́Е,

вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).

Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав. ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп. група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)