ВАЛЬФРА́М (лац. Wolframium),

W, хімічны элемент VI гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 74, ат. м. 183,85. Прыродны складаецца з 5 ізатопаў ​180W (0,135%), ​182W (26,41%), ​183W (14,4%), ​184W (30,64%) і ​186W (28,41%). У зямной кары знаходзіцца 10​−4% па масе, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Вальфраміт). Светла-шэры метал, шчыльн. 19 300 кг/м³, tпл 3380 ± 10 °C (самы тугаплаўкі метал), tкіп 5900—6000 °C. Пры звычайных умовах у кіслотах (акрамя сумесі азотнай і плавіковай) і шчолачах не раствараецца. Акісляецца кіслародам паветра пры t > 400 °C і ў расплаве шчолачаў (утварае вальфраматы). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, азотам, вугляродам (гл. Вальфраму карбіды). Здабываюць з вальфрамавых руд. Атрымліваюць аднаўленнем аксідаў вадародам да парашкападобнага вальфраму. Метал вырабляюць метадамі парашковай металургіі. Выкарыстоўваюць як аснову сплаваў (гл. Вальфрамавыя сплавы), для легіравання сталі, у вытв-сці вакуумных прылад і ніцяў лямпаў напальвання.

І.​В.​Боднар.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Й апяразвальны герпес,

вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛА́НФІ ((Bertalanffy) Людвіг фон) (19.9.1901, Ацгерсдорф, цяпер у межах Вены — 12.6.1972),

аўстрыйскі біёлаг-тэарэтык і натурфілосаф, стваральнік агульнай тэорыі сістэм. У 1934—48 праф. Венскага ун-та, у 1949—72 ва ун-тах Канады і ЗША. Аўтар прац «Тэарэтычная біялогія» (т. 1—2, 1931—51), «Біялагічная карціна свету» (1949), «Робаты, людзі, розум» (1967), «Агульная тэорыя сістэм. Асновы, развіццё, выкарыстанне» (1968) і інш. У пачатку сваёй дзейнасці схіляўся да ідэй Венскага гуртка, пазней крытыкаваў некаторыя аспекты неапазітывізму. Адзін са стваральнікаў тэорыі адкрытых біял. сістэм, якія валодаюць уласцівасцю эквіфінальнасці, г. зн. дасягнення сістэмай аднаго і таго ж канчатковага стану пры розных пач. умовах. Сваімі ідэямі праграма Берталанфі блізкая да тэарэт. кібернетыкі, тэрмадынамікі незваротных працэсаў і сінергетыкі. Ідэі Берталанфі знайшлі выкарыстанне ў медыцыне, псіхіятрыі і інш. Адзін з арганізатараў «Таварыства па даследаваннях у галіне агульнай тэорыі сістэм» і яго штогодніка «General Systems» («Агульныя сістэмы», 1956).

В.​В.​Краснова.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНАЯ ЗО́НА матэрыяльна нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў,

тэрыторыя, якая непасрэдна прылягае да помнікаў гісторыі, археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры і прызначана для захавання і выяўлення іх гісторыка-мастацкіх вартасцяў і мэтазгоднага выкарыстання.

Мяжу ахоўнай зоны вызначаюць, зыходзячы з патрэб забеспячэння найлепшага рэжыму зберажэння і выкарыстання каштоўнасці, найб. поўнага выяўлення яе вартасцяў і ўмоў агляду, з яе тыпу, сістэмы планіроўкі, даступнасці для навук. даследаванняў і наведванняў. Распрацоўваюць ахоўныя зоны на падставе вывучэння літ. і архіўных крыніц, натурных даследаванняў. З устанаўленнем ахоўнай зоны робяць пад’езды і пешаходныя падыходы да каштоўнасці, відавыя пляцоўкі, тэрыторыю азеляняюць і добраўпарадкоўваюць. У межах ахоўных зон горада новае буд-ва дапускаецца пры ўмове яго кампазіцыйнага падпарадкавання гіст. аб’ектам.

Найважнейшыя ахоўныя зоны на Беларусі: тэрыторыі Верхняга і Ніжняга замкаў у Полацку, Замкавая гара ў Гродне, гіст. цэнтр Мінска, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГО́ЦКІ (Сільвестр Сільвестравіч) (17.1.1813, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 11.7.1889),

украінскі багаслоў, філосаф, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1837). Прафесар гэтай акадэміі (1841—51) і Кіеўскага ун-та (1851—86). Вял. ўвагу аддаваў пытанням гіст.-філас. навукі ў яе ўзаемаадносінах з самымі рознымі галінамі навук. і грамадскага жыцця. Спрабаваў крытычна пераасэнсаваць гегелеўскую і інш. ідэаліст. сістэмы з хрысц. пазіцый. Аўтар «Філасофскага лексікона» (т. 1—4, 1857—73), які быў, па сутнасці, першай у Расіі спробай філас. слоўніка. Свае філас. погляды свядома падпарадкоўваў абароне праваслаўя, крытыкаваў матэрыялізм як вучэнне, што вядзе да атэізму.

Тв.:

Критический взгляд на философию Канта. Киев, 1847;

О характере философии средних веков // Современник. 1849. № 6;

Обозрение системы философии Гегеля. Киев, 1860;

Введение в историю философии. Киев, 1871;

Философский словарь... Киев, 1876;

Философия XVII и XVIII вв. в сравнении с философиею XIX в. и отношение той и другой к образованию. Вып. 1—3. Киев, 1878—84.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.​Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр. СССР (1941); з вер. 1941 таксама нам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супраць мясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.

Літ.:

Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЭ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл. Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст. сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.​Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.​Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.​Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.

Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕР’Я́ДРЫ ў фізіцы,

ядрападобныя сістэмы, якія складаюцца з нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) і аднаго або некалькіх гіперонаў (Λ, Σ і інш.). Утвараюцца пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з нуклонамі ядраў або пры захопе ядром павольнага K​-мезона; выяўляюцца па прадуктах распаду. Вывучэнне ўласцівасцей гіпер’ядраў з’яўляецца адным з найб. важных кірункаў ядз. фізікі, дазваляе высветліць сувязі паміж фундаментальнымі барыён-барыённымі ўзаемадзеяннямі і ядз. структурай.

Λ-гіпер’ядры адкрыты эксперыментальна ў 1953 польскімі вучонымі М.​Данышам і Е.​Пнеўскім; у 1963 выяўлены гіпер’ядры з двума Λ-гіперонамі (падвойныя гіпер’ядры), у 1979 — Σ-гіпер’ядры. Большасць уласцівасцей гіпер’ядраў эксперыментальна вызначана пры ўзаемадзеянні K​-мезонаў з ядром: гіпер’ядры маюць ненулявую дзіўнасць; іх структура вызначаецца моцным узаемадзеяннем нуклонаў і гіперонаў, час жыцця гіпер’ядраў — часам жыцця гіперона; большасць гіпер’ядраў могуць знаходзіцца ў некалькіх станах (асн. і ўзбуджаным) з пэўнымі значэннямі поўнага вуглавога моманту і цотнасці.

А.​В.​Берастаў.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)