пе́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да адзін. Першы дом з краю. Першае паўгоддзе. Першы том. Першы параграф. □ Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце. Колас. // толькі мн. Пачатковыя ў радзе пералічаных прадметаў. Першыя кіламетры дарога ішла лесам. Якімовіч. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Колас.

2. у знач. займ. пе́ршы, ‑ага, м. Ужываецца для абазначэння асобы, прадмета і пад., якія былі названы раней. — Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Якімовіч.

3. Які з’явіўся крыніцай або аб’ектам дзеяння раней за іншых. Да дошкі першым выклікалі хлопца. □ [Алесь:] — Мне давялося быць за мяжой, калі наша краіна першай запусціла спадарожнік. Шыцік. — Перакур! — скамандаваў Лазавік і першы лёг на траву. — Сядай, братва! Хомчанка. // у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, м. Тое, што адбылося або стала аб’ектам якога‑н. дзеяння раней за ўсё. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. Першае, што кінулася .. [Антону і яго сябрам] у вочы, — нідзе не відаць было саламяных стрэх. Пальчэўскі.

4. Які з’яўляецца, здараецца, адбываецца ў самым пачатку чаго‑н.; першапачатковы. Першае ўражанне. □ Вось і першы сонечны прамень бліснуў. Лынькоў. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас. // Які з’яўляецца пачатковым этапам, ніжэйшай формай чаго‑н. Першая фаза камунізма. // Які з’явіўся ўпершыню ў сезоне, новы, ранні (пра з’явы прыроды, расліны і пад.). Першыя замаразкі. Першыя кветкі. □ Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі шлях. Мележ. У аконныя шыбы глядзіць першая вясна. Чорны. // Які здарыцца, адбудзецца ў бліжэйшы час. Пры першай магчымасці.

5. Які раней не існаваў, не ўзнікаў. Першы штучны спадарожнік Зямлі. Першая ў свеце сацыялістычная дзяржава. □ Значную з’яву ў гісторыі беларускага тэатра ўяўляе першы беларускі прафесійны тэатр, які насіў назву «Народны тэатр». «Беларусь». // Не спазнаны раней. Першае каханне. □ Тут упершыню Лене адкрыўся свет, тут яна спазнала першую радасць і першае гора. Ваданосаў.

6. Які пераўзыходзіць у якіх‑н. адносінах усіх іншых. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі, — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Колас. Сашка так стараецца, што настаўніца дзівіцца: ледзь не першы вучань. Дадзіёмаў. [Юрка:] — Ён тут у нас, брат, цяпер першы грамацей. Якімовіч. // Самы лепшы, выдатны. Першы гатунак. Купэ першага класа. □ — Закурвайце... Табак першага сорту. Два гады ляжаў. Чорны. // Самы важны, галоўны. Першы сакратар. Рэчы першай неабходнасці.

7. Перадавы, вядучы. Ваяваць у першым эшалоне. □ На варце краіны, — На сушы, ў марах, — Байцы-камсамольцы У першых радах. Колас. Што будзе з дачкою? Бяда! На работу — першая, але і на гульні таксама. Пестрак.

8. Які выконвае асноўную партыю ў аркестры, хоры і пад. Першая скрыпка ў аркестры. // Які вядзе асноўную мелодыю, верхні. Першыя галасы хору.

9. у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, н. Рэдкая страва, якая падаецца ў пачатку абеду (суп, боршч і пад.). З’есці першае. □ На першае.. [Ніна] зробіць халаднік з яйцом, на другое — рыбу. Лобан.

10. У граматыцы — які ўказвае, што суб’ектам дзеяння з’яўляецца сам гаворачы. Першая асоба дзеяслова.

11. у знач. пабочн. пе́ршае. Разм. Тое, што і па-першае.

•••

Першая дапамога гл. дапамога.

Першае мая гл. май.

З першага знаёмства гл. знаёмства.

З першых рук гл. рука.

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

На першы абыходак гл. абыходак.

На першы выпадак гл. выпадак.

На першы погляд гл. погляд.

Не першага веку гл. век.

Не першай маладосці гл. маладосць.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні — пра складаныя сітуацыі, у якія трапляюць многія.

Першай гільдыі гл. гільдыя.

Першай рукі гл. рука.

Першая ластаўка гл. ластаўка.

Першы блін камяком гл. блін.

Першы крок гл. крок.

Першы сустрэчны гл. сустрэчны.

У першую чаргу гл. чарга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вус, укр. вус, рус. ус, польск. wąs, чэш. vous, славац. fúz, в.-луж. wusy мн. л., палаб. vǫs ’барада’, славен. vȏs ’вус’, балг. дыял. въс ’барада, волас’. Прасл. *vǫsъ або *ǫsъ; параўн. ст.-прус. wanso ’першая расліннасць на твары’, ст.-ірл. fés ’барада’, грэч. ἴονθος ’юначая барада’ (*vi‑vondho‑) і інш. (Махэк₂, 697; Фасмер, 4, 169 і 477; БЕР, 1, 214; Брукнер, 604; Слаўскі, 1, 266).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Канадры́ста, канодрыста ’кураслеп (анемона) дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (лун., Шатал.), стол. конадрысь, драг. коноздрыця ’тс’ (Нар. лекс.). Складанае слова: першая часткада прасл. kotib ’конь’, у паўн.-слав. гаворках яна замяняецца на каза‑ (параўн. гродз. казадрост белы# казарост жоўты): другая — да прасл. drbslb (ад дзеяслова ärtstati, drbščę) ’дызентэрыя’. Параўн. яшчэ ст.-польск. kozia drześć ’казялец, Ranunculus Candidus’ (SP, 5, 38), мар. kozi drisi, польск. kozidrzyst ’анемона’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сівагра́к ‘тое, што і сіваваронка’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Дэмб. 1, Меер Крыч., ТС), сівігра́к ‘тс’ (Бяльк.), сівагра́ка ‘тс’ (маг., ЛА, 1). Укр., рус. сивогра́к ‘тс’. Да сівы і грак, гл. (Праабражэнскі, 2, 283; Фасмер, 3, 616); паводле Ніканчука (БЛ, 9, 59), першая частка складанага слова характарызуе колер апярэння, а другая — вынік збліжэння анаматапеічнага кораня з грак (гл.), параўн. сівадрака, сівакрака (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трох- — першая частка складаных слоў трохгадо́вы, трохго́ддзе, трохмоўны, трохдзённы, трохсо́ты, трохчле́н і пад. (ГСБМ, Некр. і Байк.), трохро́жкі ‘вілы’ (ЛП), трохро́жка ‘рогі лася, прыстасаваныя пад вешалку’ (ТС). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 2, 171), “штучная форма” Р. скл. ад тры (гл.) на месцы старой формы трый, якая дала тры — форму Р. скл., што “заўсёды засталася ў словах складаных, а ў нескладаных вельмі рэдка”, гл. трысцен, трыножак і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэнтгена-

[ням. W. Roentgen = прозвішча ням. фізіка (1845—1923)]

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцце «звязаны з выкарыстаннем рэнтгенаўскіх прамянёў».

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэле-

(гр. tele = далёка)

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцці «які здзяйсняецца на адлегласці», «які дзейнічае на далёкую адлегласць», «тэлевізійны».

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.

Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУ Зах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч, А.​Я.​Красоўскі, Г.​М.​Савельева, В.​А.​Бадзяжына, У.​І.​Кулакоў і інш.

На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт. агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).

Літ.:

Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;

Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАГЛЯ́НЕ СО́НЦА І Ў НА́ША АКО́НЦА»,

першая легальная бел. выдавецкая суполка. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—14. Створана па ініцыятыве Б.Д.Эпімах-Шыпілы; ставіла перад сабой асветныя мэты. Выдавала кнігі (38 назваў, агульным тыражом больш за 100 тыс. экз.), навук.-папулярныя і публіцыстычныя брашуры, паштоўкі з краявідамі Беларусі і партрэтамі бел. пісьменнікаў. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.​Л.​Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай. Асн. частка тыражу трапляла на Беларусь. Дзейнасць пачала з выдання падручнікаў для школ, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909). У 1907—09 наладзіла выданне літ. спадчыны ў падпісной серыі «Беларускія песняры» (творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш.). З аб’яўленых 8 кніг да сак. 1908 выйшла 6, кожная тыражом 4300 экз. Выдала першыя кнігі Я.​Купалы («Жалейка», 1908), З.​Бядулі («Абразкі»), Ц.​Гартнага («Песні», абедзве 1913). Асобнымі кнігамі перавыдала творы Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» (1909), «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» (1910). Ў 1910—13 літаграфскім спосабам выдала рэпертуарную серыю драм. твораў («Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Сватанне» А.​Чэхава, «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, «Хам» Э.​Ажэшкі, «Паўлінка» Купалы). Суполцы належыць спроба стварэння літ.-мастацкага альманаха «Маладая Беларусь». Дзейнасць суполкі прыпынена ў сувязі з 1-й сусв. вайной.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 169—184;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Саламевіч Я. Выйшлі з светлага знання сяўбою // Маладосць. 1986. №6;Туронак Ю. «Загляне сонца...» і Вацлаў Іваноўскі // Спадчына. 1992. № 2.

Н.​Л.​Ракіцкая.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст. засн. М.​Кавячынскім і Л.​Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.​Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.​К.​Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.​Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.​С.​Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.​Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.​Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)