Руно́ 1 ’шэрсць авечкі’ (ТСБМ), ’воўна з адной авечкі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’воўна з ягнят і маладых авечак’ (малар., Сл. Брэс.), ’неразабраная воўна з авечкі’, ’пух у качкі’ (ТС), ру́на ’шэрсць’ (Касп.), ’воўна з адной авечкі’, ’скрутак воўны’ (Сл. ПЗБ, Нас.), ст.-бел. руно ’адзінка колькасці воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ру́но, рус. руно́, польск. runo, чэш. rouno, славац. rúno, славен. rúno, серб.-харв. ру́но, балг. ру́но, макед. руно, ст.-слав. руно. Прасл. *runo [< *rou̯‑no] ’воўна на целе авечкі; скура авечкі з воўнай’ — вытворнае з суфіксам ‑no ад таго ж кораня, што і рваць < прасл. *rъvati з карнявым вакалізмам, як у літ. ráuti ’рваць, вырываць, скубці’, лат. raût ’вырываць, дзерці’. Прасл. *runo першасна — ’тое, што вырвана, выскубана’ > ’воўна, выскубаная з авечкі’, бо калісьці воўну бралі, выскубаючы яе з авечкі. Параўн. лац. vellus ’авечая воўна’ ад vellō ’рву, вырываю, скубу’ (Борысь, 527–528; Міклашыч, 284; ESJSt, 13, 783; Глухак, 534).

Руно́ 2 ’густая рунь’ (ТС), ру́на (ру́но) ’пушыстая зелень на засеяным полі’ (Нас.), укр. ру́но ’усходы’, рус. руно́ ’пучок хмелю з карэннаму. Гл. рунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус. — БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑no ‘шкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́лер 1 ’старажытная нямецкая манета’ (ТСБМ), ’манета ў 90 кап. серабром, што ўжываецца ў Літве’ (Нас.), ’манета’ (Касп., Бяльк.), та́лер, та́ляр ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́ляр ’тс’ (Кольб.): try talàry (Федар. 6). Ст.-бел. талеръ, таляръ ’сярэбраная манета; вагавая адзінка для вырабаў са срэбра, што адпавядае масе талера’ (Ст.-бел. лексікон) згадваецца ў пісьмовых дакументах з 1555 г. і запазычана са ст.-польск. taler, talar ’тс’ (Булыка, Запазыч., 316), куды трапіла з ням. Táler ’старажытная нямецкая срэбная манета’, вынік скарачэння першаснага Joachimstaler ’тс’ ад Joachimstal — горада ў Чэхіі, дзе здабывалі срэбра і ўпершыню вырабілі гэту манету (ЕСУМ, 5, 510; Голуб-Ліер, 484; Брукнер, 564).

Та́лер 2 ’вялікая, ёмістая талерка’ (капыл., Жыв. сл.). Ст.-бел. талеръ, тарелъ (Ст.-бел. лексікон), талеръ, таліръ, тарель ’талерка’ (фіксуецца з 1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 102) запазычанне са ст.-польск. talerz ’тс’, якое трапіла ў польскую са ст.-в.-ням. talier, што з іт. tagliere ’дошка для рэзання мяса’. Параўн. пазнейшае запазычанне та́леж (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад талерка (гл.), успрынятага як памяншальнае па тыпу буталь і бутэлька, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фа́за, ‑ы, ж.

1. Перыяд, стадыя, этап у развіцці якой‑н. з’явы, працэсу і пад. К. Маркс у сваёй рабоце «Крытыка Гоцкай праграмы» ўпершыню ў гісторыі сфармуляваў навуковыя палажэнні аб дзвюх фазах развіцця камуністычнага грамадства. Лушчыцкі. Следства, як відаць, зацягвалася на доўгі час, яно як бы набывала кабінетную фазу. Чорны. // У біялогіі — пэўны этап у індывідуальным развіцці арганізма. Фазы спеласці збожжа. Фаза цвіцення расліны.

2. Спец. Пэўны момант у змене формы ці стану чаго‑н. Фазы месяца.

3. У хіміі — аднародная частка якой‑н. неаднароднай сістэмы. Фазы сплаву.

4. У геалогіі — найменшая адзінка часу, якой адпавядае пэўны характар парод.

5. У фізіцы — велічыня, якая характарызуе стан хістальнага працэсу ў кожны момант часу.

6. У электратэхніцы — асобная група абмотак генератара, а таксама далучаны да яе провад, па якім ідзе электрычны ток.

[Ад грэч. phasis — з’яўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

метр​1

(фр. metre, ад гр. metron = мера)

1) адзінка даўжыні ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная 1650763,73 даўжыні хвалі ў вакууме выпрамянення, якая адпавядае пераходу паміж пэўнымі ўзроўнямі атама крыптону 86;

2) лінейка такой даўжыні з нанесенымі на яе дзяленнямі ў сантыметрах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вольт​1

[іт. A. Volta = прозвішча іт. фізіка (1745—1827)]

асноўная адзінка розніцы электрычных патэнцыялаў (напружання, электрарухальнай сілы) у Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная розніцы патэнцыялаў паміж двума пунктамі правадніка, па якім працякае ток сілай у 1 ампер, калі магутнасць роўная 1 вату.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КУЯ́ЎСКА-ПАМО́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Kujawsko-Pomorskie),

адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 17,7 тыс. км². Нас. 2,1 млн. чал. (1999), гарадскога 61%. Адм. цэнтр — г. Быдгашч. Найб. гарады: Торунь, Улацлавак, Грудзёндз, Інавроцлаў. Большая частка ваяводства размешчана ў межах Велікапольска-Куяўскай нізіны. На Пн заходзіць частка Паморскага Паазер’я, на Пд — ускраіны Велікапольскага Паазер’я. Пашыраны ледавіковыя і водна-ледавіковыя адклады і формы рэльефу. Карысныя выкапні: каменная соль, буд. матэрыялы, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -2 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—550 мм за год. Гал. рэкі Вісла (з прытокамі Брда, Вда, Оса, Дрвенца) і Нотаць (бас. Одры) злучаны Быдгашчцкім каналам. Шмат азёр (Гопла, Караноўскае і інш.). Глебы пераважна падзолістыя і бурыя, на паніжэннях — тарфяныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 24% тэрыторыі (дуб, граб, хвоя, елка). Гаспадарка аграрна-прамысловая. Развіты машынабудаванне (вытв-сць абсталявання для харч., дрэваапр. і цэм. прам-сці, веласіпедаў, паўправаднікоў, эл.-тэхн. прылад), хім. (вытв-сць пластмас, фарбаў, лакаў, гумавых вырабаў, мінер. угнаенняў), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровая, мэблевая), лёгкая (абутковая, швейная, шарсцяная), паліграф., харч. (цукр., мяса-малочная, мукамольная, алейная, агароднінна-кансервавая) прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча каменнай солі. Пад с.-г. ўгоддзямі 63% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі 55%. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, бульбу, цукр. буракі, тытунь, рапс, кармавыя травы. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Бальнеагразевы і кліматычны курорт Інавроцлаў. Турызм.

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1565 у складзе Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв. ВКЛ. Цэнтр — г. Мазыр. Асн. частку М.п. складалі дзярж. Мазырская, Бчыцкая (Пціцкая) і Уборцкая воласці (з пач. 15 ст. належала Віленскаму каталіцкаму біскупству). У М.п. увайшла таксама тэр. на паўн. беразе р. Прыпяць ад р. Пціч да р. Случ з маёнткамі Ленін, Жыткавічы і інш. Найб. значныя мястэчкі: Капаткевічы, Каралін, Лельчыцы, Ленін, Нароўля, Петрыкаў, Скрыгалаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай павет скасаваны. 3.5.1795 адноўлены ў складзе Мінскага намесніцтва, з 12.12.1796 — Мінскай губерні. Пл. 15,6 тыс. км². У павеце было 8 мястэчак: Давыд-Гарадок, Ельск-Каралін, Капаткевічы, Лахва, Ленін, Петрыкаў, Скрыгалаў, Тураў; 6 каталіцкіх касцёлаў, 7 уніяцкіх і каля 50 правасл. цэркваў. У 1860 у М.п. 112 прыватных маёнткаў. У 1861 утворана 21 воласць: Буйнавіцкая, Бярозаўская, Грабаўская, Дзякавіцкая, Жыткавіцкая, Камаровіцкая, Капаткевіцкая, Лахвенская, Лельчыцкая, Ленінская, Лучыцкая, Ляскавіцкая, Мялешкавіцкая, Міхайлаўская, Петрыкаўская, Скараднянская, Слабода-Скрыгалаўская (у 1913 падзелена на Слабадскую і Скрыгалаўскую), Тонежская, Тураўская, Хорская, Чучавіцкая; пазней утворана Каралінская воласць. У 1878—95,3 тыс. чал. На 7.11.1917 у М.п. 23 воласці. З 29.8.1919 да 10.8.1920 у Гомельскай губерні, потым зноў у Мінскай. 18.3.1921 Бярозаўская, Лахвенская, Хорская і Чучавіцкая вол. адышлі да Польшчы, астатняя частка М.п. ўключана ў БССР. 17.12.1921 Ленінская вол. перададзена Слуцкаму пав. 3.3.1924 да М.п. далучана зах. частка Рэчыцкага пав. (7 валасцей цалкам і 3 часткова). 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэр. ўключана ў Мазырскую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРО́Н (ад грэч. neuron нерв, жыла),

нервовая клетка, нейрацыт, асноўная структурная і функцыян. адзінка нерв. сістэмы, якая валодае спецыфічнымі праяўленнямі ўзбуджальнасці. Здольны ўспрымаць сігналы, перапрацоўваць іх у нерв. імпульсы і праводзіць да нерв. канцоў, што маюць кантакт з інш. Н. або эфекторнымі органамі (мышцы, залозы). Утвараюцца ў эмбрыягенезе з нейрабласта на стадыі нерв. трубкі. Гал. структурная асаблівасць — наяўнасць адросткаў (аксонаў і дэндрытаў), якія адыходзяць ад цела клеткі. Успрымальная ч. Н. — разгалінаваныя дэндрыты. Сумацыя мясц. працэсаў узбуджэння і тармажэння выклікае нерв. імпульсы. Яны распаўсюджваюцца ад цела клеткі па аксоне да нерв. канцоў, што выслабаняюць медыятар, які прыводзіць да актывацыі мембран нерв. клетак, што ўспрымаюць імпульсы. Адрозніваюцца Н. формаю цела (пірамідныя, многавугольныя, круглыя, авальныя), памерам (5—150 мкм) і колькасцю адросткаў. Паводле функцый бываюць Н. чуллівыя (сенсорныя), якія ўспрымаюць сігналы з вонкавага ці ўнутр. асяроддзя, асацыятыўныя — звязваюць Н. паміж сабой і рухальныя, што перадаюць нерв. імпульсы ад Н. да выканаўчых органаў. Паслядоўнае сінаптычнае аб’яднанне чуллівых, асацыятыўных і рухальных Н. утварае рэфлекторную дугу. Паводле характару ўздзеяння Н. на клеткі, з якімі яны маюць кантакт пры дапамозе сінапсаў, адрозніваюць узбуджальныя і тармазныя Н., паводле тыпу выдзеленага медыятара — норадрэнэргічныя, пептыдэргічныя, халінэргічныя і інш. Нейрасакраторныя Н. выпрацоўваюць і выдзяляюць нейрагармоны. Для Н. характэрны высокі ўзровень абмену рэчываў, асабліва сінтэзу бялкоў і РНК. У філагенезе колькасць Н. павялічваецца і дасягае ў чалавека некалькіх мільярдаў. У большасці жывёл дыферэнцыраваныя Н. не дзеляцца.

А.​С.​Леанцюк.

Нейрон: 1 — цела клеткі; 2 — дэндрыт; 3 — аксон.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛК,

воінская часць; арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва узбр. сілах шэрагу дзяржаў. Прызначаны для выканання баявых задач у складзе злучэнняў і самастойна; у залежнасці ад прыналежнасці да роду войск (сіл), спец. войск можа весці агульнавайск., паветр., марскі, проціпаветр. бой або забяспечваць баявыя дзеянні (напр., П. інж. войск, войск сувязі і інш.). У склад П. ўваходзяць органы кіравання (штаб і інш.), некалькі батальёнаў (дывізіёнаў, эскадрылляў), падраздзяленні баявога, матэрыяльнага і тэхн. забеспячэння.

З 10 ст. ў Кіеўскай Русі, пазней у інш. княствах усх. славян П. — асобны атрад, прыведзены князем на поле бою. У 13—14 ст. — баявыя парадкі дзеючай арміі падзяляліся на некалькі П. (напр., перадавы, вялікі, правай рукі, левай рукі, вартавы, засадны, разведвальны). У 14—15 ст. вял. князі ВКЛ стваралі П. для абароны паўд. рубяжоў ад качэўнікаў. У Зах. Еўропе П. існавалі з 16 ст. У 16—18 ст. на Украіне П. наз. ваен. адзінкі і тэр.-адм. акругі (ваен. фарміраванні мелі назву гарадоў і мястэчак па месцы стварэння). У канцы 18—19 ст. шэраг П. рас арміі мелі бел. найменні. Ва Узбр. Сілах СССР П. быў асн. тактычнай адзінкай і, за выключэннем асобных, уваходзіў у склад злучэння. У Вял. Айч. вайну дзейнічалі партыз. П. (гл. Партызанскі полк).

У сучасных арміях некат. краін СНД, у т. л. Беларусі на базе значнай ч. П. створаны батальёны, якія ўваходзяць у склад брыгад; у інш. дзяржавах, напр. ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, — баявыя групы і інш.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)