колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп.дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫў Празе,
грамадская арг-цыябел. эмігранцкай інтэлігенцыі.
Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.Вяршынін, І.Дварчанін, Т.Грыб, В.Грышкевіч, Ф.Грышкевіч, У.Жылка, В.Захарка, А.Клімовіч, М.Коберац, П.Крачэўскі, А.Орса, В.Русак, Я.Станкевіч, М.Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасціт-ва невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛІНГБРОК ((Bolingbroke) Генры Сент-Джон) (16.9.1678, Лондан — 12.12.1751),
англійскі дзярж. дзеяч, філосаф, публіцыст. Віконт (1712). Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1702). Чл. парламента з 1701, адзін з лідэраў торы. Ваен. міністр (1704—08), дзярж. сакратар (1710—14). Садзейнічаў заключэнню Утрэхцкага міру 1713. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1715 выехаў у Францыю пасля абвінавачванняў у змове на карысць Сцюартаў. Вярнуўся ў 1725 і ўзначаліў пазапарламенцкую апазіцыю ўрада вігаў.
Паводле філас. поглядаў (сфарміраваліся пад уплывам эмпірызму і сенсуалізму Дж.Лока) Болінгброк прадстаўнік радыкальнага антыхрысц. кірунку ў англ. дэізме. Лічыцца першым англ. тэарэтыкам гіст. навукі. У працы «Пісьмы аб вывучэнні і карысці гісторыі» (1736—38: рус.пер. 1978) Болінгброк выкладаў філасофію гісторыі як навукі не як тэорыю гіст. працэсу, а як галіну ведаў, сферы духоўнай дзейнасці чалавека, з уключэннем у вобласць гістарычнага элементаў палітыкі, сацыялогіі, этыкі, права, этналогіі, рацыянальнай крытыкі біблейскай традыцыі. Прыроду ўлады прааналізаваў у творы «Ідэя пра Караля-Патрыёта» (1749).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны мужчынскі манастыр у Вільні. Упершыню згадваецца ў 1604, заснаваны пры правасл. царкве Св. Духа, пабудаванай у 1597 на сродкі дачок смаленскага ваяводы Р.Валовіча Фядоры і Ганны. З 1609 пры манастыры дзейнічала брацтва (да гэтага знаходзілася пры Троіцкім манастыры) з уласнай друкарняй. Да 1686 Віленскі Святадухаўскі манастыр падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху, пазней маскоўскаму. З’яўляўся архімандрыяй, яму былі падначалены 17 мужчынскіх і 2 жаночыя манастыры на Беларусі і ў Літве, у т. л. Петрапаўлаўскі ў Мінску, Еўінскі ў Трокскім, Цеперскі ў Навагрудскім, Купяціцкі і Навадворскі ў Брэсцкім ваяв. Настаяцелямі манастыра былі Л.Карповіч (1-ы настаяцель), М.Сматрыцкі, І.Бабрыковіч, І.Нелюбовіч-Тукальскі, Р.Яноўскі і інш. Манастыр валодаў значнымі матэр. сродкамі (маёнткамі, дамамі, млынамі), частка якіх складалася з ахвяраванняў чл. Святадухаўскага правасл. брацтва. У 1833 Віленскі Святадухаўскі манастыр быў прылічаны да манастыроў 1-га класа. Ад часу заснавання манастыр не перапыняў сваёй дзейнасці. Цяпер падпарадкоўваецца архіепіскапу віленскаму і літоўскаму. Сучасны арх. ансамбль манастыра пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЭЛЬБАНД ((Windelband) Вільгельм) (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус.пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЎК-ЛЕВАНО́ВІЧ (Іосіф Васілевіч) (6.11.1891, хутар Лявонаўка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 19.8.1943),
бел. мовазнавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Працаваў у БДУ (1923—30), адначасова з 1927 у Інбелкульце (сакратар Камісіі па ўкладанні гіст. слоўніка бел. мовы). У 1930 быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Працаваў у Саратаўскім ун-це (1930—31), пед. ін-це (1931—34), Арэнбургскім пед. ін-це (1934—37). 17.9.1937 беспадстаўна арыштаваны і засуджаны, памёр у адным з лагераў на Поўначы. Даследаваў гісторыю бел. мовы, бел. дыялекталогію і рус. мову. Аўтар «Лекцый па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка» (1927, факс. выд. 1994), арт. «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі» (1925), «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1926), «Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак» (1928), «Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (1929), «Яшчэ да пытання аб «ляшскіх» рысах у беларускай фанетыцы» (1930) і інш.
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук.дзейнасці. Мн., 1985. С. 115—126.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ — КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (American Federation of Labor-Congress of Industrial Organizations АФП—КВП),
найбольшае прафс. аб’яднанне ў ЗША. Створана ў 1955 у выніку зліцця Амерыканскай федэрацыі працы і Кангрэса вытворчых прафсаюзаў. Да 1969 уваходзіла ў Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў. Штаб-кватэра ў г. Вашынгтон. З’яўляецца асн. сацыял-рэфармісцкай сілай у краіне, на прэзідэнцкіх выбарах у асноўным падтрымлівае Дэмакр. партыю. У сваёй дзейнасці зыходзіць з ідэі, што рабочыя павінны мець права на забастоўку, выкарыстоўвае метады калект. торгу (для дасягнення калект. дагавору з работадаўцам) і паправак да закону (паляпшэнне існуючых законаў); кіраўніцтва АФП—КВП выступае супраць левага радыкалізму і свабоднай рыначнай стыхіі. Аб’ядноўвае (1994) 98 найбуйнейшых прафсаюзаў краіны: рабочых буд. прам-сці, транспартнікаў, партовых грузчыкаў усх. ўзбярэжжа і інш.; больш за 14,5 млн.чл. Старшыні АФП—КВП: Дж.Міні (1955—79), Л.Керкленд (з 1979). Друкаваныя органы: штотыднёвік «AFL—CIO News» («Навіны АФП—КВП») і штомесячны час. «American Federationist» («Амерыканскі федэрацыяніст»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,
першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-таЗах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),
расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.
Літ.:
Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.