на..., прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў са знач.:

1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, напр.: насыпаць (солі на агурок), наляпіць (аб’яву на сцяну);

2) паўната, дастатковасць дзеяння, напр.: нагаварыць, насеяць, накідаць;

3) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напр.: наесціся, нагаварыцца, нагуляцца.

II. Утварае:

1) дзеясловы закончанага трывання, напр., пісаць — напісаць;

2) дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са знач. вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напр.: наабіраць, наабломваць, наразбіваць.

III. Ужыв. пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са знач.: знаходзіцца на паверхні чаго-н., напр.: насценны, наскальны, наручнікі, наморднік.

IV. Ужыв. для ўтварэння прыслоўяў са знач.: на які-н. тэрмін, у якім-н. напрамку, у якой-н. меры, ступені, напр.: назаўсёды, насупраць, нацянькі, настолькі, наколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

навалі́цца, -валю́ся, -ва́лішся, -ва́ліцца; зак.

1. Налегчы сваім цяжарам на што-н.

Н. на стол.

2. перан. Дружна ўзяцца за якую-н. работу; з прагнасцю накінуцца на што-н.

Н. на вучобу.

Хлопцы дружна наваліліся на клёцкі.

3. Напасці, накінуцца на каго-, што-н.

Н. на пазіцыі ворага.

Наваліліся ўсе на аднаго.

4. Падаючы, насыпацца (пра многае; разм.).

Навалілася яблыкаў за ноч.

5. перан. Змарыць (пра сон, спёку і пад.).

Сон наваліўся.

6. перан. Спасцігнуць, нечакана напаткаць.

Хвароба навалілася.

7. перан. Нахлынуць, сабрацца ў вялікай колькасці.

Пад канец тыдня навалілася столькі работы.

8. Накінуцца на каго-н. з лаянкай (разм.).

Ён мог ні за што н. на чалавека.

|| незак. нава́львацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.

2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.

3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няхва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці; недахоп чаго‑н. [Віхура:] Справа такая: няхватка рабочых, некаторае спазненне будаўнічай часткі не павінна спыніць работы па мантажу... Гурскі. Красніцкі спаслаўся на няхватку часу, і, падзякаваўшы яшчэ раз за шчырую гасціннасць, мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі.

2. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; нястача. Была не лёгкая пара, часамі не хапала тэхнікі, .. былі няхваткі і з харчамі. Сташэўскі. Пратасевічы, жывучы сям’ёй у Мінску, не ведалі няхваткі ні ў чым неабходным. Аднак запасаў.. не мелі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парадзе́ць, ‑ее; зак.

Стаць радзейшым, менш частым. Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Грамовіч. Грымоты неўзабаве пачалі аддаляцца і заціхаць, дождж парадзеў, і навокал пасвятлела. Сіняўскі. Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Асіпенка. // Паменшыцца па колькасці. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні. Мележ. Касяк гусей над борам парадзеў. Барадулін. // Стаць празрыстым, менш густым. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Дзесьці далёка на ўсходзе пачынаўся золак, і ледзь-ледзь парадзела цемра. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разрасці́ся, ‑расцецца; пр. разросся, ‑раслася, ‑лося; зак.

1. У выніку росту стаць большым, гусцейшым, захапіць больш месца. Цяпер ліпы разрасліся так густа, што здалёку здаваліся адным суцэльным гаем. Якімовіч. [Макрына:] — А надвячоркам пасадзім капусту. Пара садзіць — разраслася расада, пачынае старэць. Баранавых.

2. Стаць большым па велічыні, па колькасці. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. За апошнія гады горад разросся, і былая ўскраіна ўпрыгожылася вялізнымі шматпавярховымі дамамі. Пальчэўскі. // Стаць мацнейшым па праяўленню. Гучаў недзе і голас сумнення, але Мікалай не даваў яму разрасціся. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лік1 ’колькасць чаго-небудзь, паняцце колькасці’, ’лічба’, ’вынік гульні’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Янк. БП, Бяльк., Касп., Шат., ТС), маг. ’гандлёвая адзінка для верхаводкі, якая складаецца з 25 рыбак’ (Дэмб.). Укр. лік, рус. алан., смал., кур. лик ’лічба, колькасць’, Комі АССР ’многа’, ст.-рус. ликъ ’шмат’, ’хор’, польск. (з 1603 г.) lik ’лічба, лічэнне, колькасць’. Паўн.-слав. архаізм likъ утвораны ад дзеяслова ličiti > лічыць (гл.).

Лік2 ’твар, абрысы твару’ (Нас., ТСБМ), укр. лик, рус. лик ’твар, выява, ікона, адлюстраванне’, ст.-рус. ликъ ’тс’, славен. lȋk, серб.-харв. ли̑к, макед., балг. лик ’адлюстраванне, выява, вобраз, воблік, фігура’. Прасл. likъзах. і ўсх.-слав. мовах пазней яно замянілася ў lice ’твар, аблічча, шчокі’). Звычайна прасл. likъ параўноўваецца з ірл. lecco, н.-ірл. leaca, ст.-прус. laygnan (< *laiknan ’шчака’) — гл. Фасмер, 2, 495–496. Мартынаў (Лекс. взаим., 213–217) гаворыць аб пранікненні лексемы з прасл. у прагерм. у выглядзе lika, што Слаўскі (4, 224–225) дапускае малаімаверным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́жны ’кожны’ (лаг., КЭС; мал., драг., Нар. словатв.), кажный ’тс’ (Бяльк., Грыг., Нас.), кажан ’тс’ (лаг., КЭС), кажен ’усякі’ (Нас.), кажэнь ’кожны’ (жытк., браг., Мат. Гом.), кажон (драг., Нар. словатв.), кажын ’тс’ (Мат. Маг., Сцяшк.), кажынный ’тс’ (віц., Нар. сл.; вілен., Нас.), кажнюткі ’кожны’ (ваўк., Сцяшк.). Укр. дыял. кажний (і памянш. формы), кажінний, рус. смал. кажан, дыял. кажинный, кажиный, кажин, кажней, кажний, кажный. Як паказваюць рус. (паўдн., паводле Даля, — укр.?) каждный, польск. każden, каш. kazdulny, пам.-славін. kouždèrï і інш., існавала тэндэнцыя да ўзмацнення абагульнення або ўдакладнення прасл. kažьdъjь суфіксальным спосабам. Паводле ESSJ, 2, 398, суф. ‑n(ъ)‑ быў устаўлены паміж асновай слова і суф. ‑jь. Калі ў групе зычных пасля заняпаду «ераў» знік галосны, група спрасцілася. Нягледзячы на тое што суфіксальна ўскладненыя формы зафіксаваны ў некалькіх паўн.-слав. мовах, можна думаць, што сепаратных сувязей не было і рэалізавана была агульная тэндэнцыя, якая і прывяла да вялікай колькасці варыянтаў ускладненага kažьdъjь. Адносна дублетнасці кажны/кожны былі розныя меркаванні, падрабязней гл. кожны. Аб прасл. kažьdъjь гл. кажды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́ска1 ‘мера палатна ў 100 метак’ (ТС), ст.-бел. троска ‘звязка, нізка’, ‘адзінка колькасці рыбы’ (Ст.-бел. лексікон): уюновъ троску одну (ГСБМ). Параўн. польск. troska ‘тс’: troska junów (Варш. сл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад тро́ска3 ‘трысціна, кій’ (гл.) у сувязі з тым, што апошнія выкарыстоўваліся ў якасці меры розных матэрыялаў і тавараў.

Троска2 ‘трэска’ (Мат. Гом., Янк. 2). Да трэ́ска2 (гл.); аб спарадычнай мене э > о гл. Карскі 1, 170–179.

Тро́ска3 ‘трысціна, кій’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. тро́стка ‘кій, трысціна ў бёрдзе’, ст.-рус. тростка ‘кій’. Апошняе Фасмер (4, 106) звязвае з рус. треска́, гл., троска3, трэска, далучаючы сюды чэш. troska ‘абломак, руіна’. Хутчэй да тростка, тросць (гл.), параўн. харв. tr̀ska ‘чарот’, макед. трска ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *trъstьka < *trъstь (Глухак, 640). Сюды ж назвы раслін тро́ска чаро́тавая ‘трызубка аўсянічная, Graphephorum arundinaceum Asch.’ (Байк. і Некр.), тро́ська, тро́скі ‘трысцянка аўсяніцавая, Scolochloa festucacea Link.’ (Касп.; маг., Кіс.), ст.-бел. тростка ‘назва экзатычнай расліны’ (ГСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. lumen святло + -escent суфікс, які абазначае слабае дзеянне),

выпрамяненне, якое з’яўляецца залішкавым над цеплавым выпрамяненнем цела і доўжыцца на працягу часу, значна большага за перыяд светлавых ваганняў. Л. часта наз. халодным святлом (магчыма пры любой т-ры цела). У адрозненне ад раўнаважнага цеплавога выпрамянення, спектр якога не залежыць ад саставу рэчыва, а вызначаецца яго т-рай, Л. — нераўнаважнае выпрамяненне, спектр якога залежыць ад прыроды рэчыва (характэрны менавіта для дадзеных атамаў і малекул). Неабходная ўмова ўзнікнення Л. — папярэдняе паступленне энергіі ў рэчыва і паглынанне яе.

Паводле спосабу ўзбуджэння Л. адрозніваюць фоталюмінесцэнцыю (узбуджаецца святлом), катодалюмінесцэнцыю (паскоранымі электронамі), электралюмінесцэнцыю (эл. полем), хемілюмінесцэнцыю (хім. працэсамі), трыбалюмінесцэнцыю (мех. дэфармацыяй) і інш. Паводле прыроды працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве, адрозніваюць Л. самастойную (працэсы адбываюцца ўнутры аднаго цэнтра і свячэнне настае адразу пасля ўзбуджэння), вымушаную (узбуджанае рэчыва пачынае свяціцца пасля вонкавага ўздзеяння — награвання, апрамянення) і рэкамбінацыйную (свячэнне выклікаецца рэкамбінацыяй, г.зн. злучэннем зараджаных часціц — іонаў і электронаў). Кароткачасовая Л. (10​−8—10​−10 с) наз. флуарэсцэнцыяй, больш працяглае «паслясвячэнне» — фасфарасцэнцыяй. Асн. характарыстыкі Л.: працягласць жыцця часціц ва ўзбуджаным стане (ад ~10​−10 да ~10​4 с); квантавы выхад (адносіны колькасці вылучаных квантаў святла да колькасці паглынутых); энергетычны выхад (ккдз); палярызацыя; спектры выпрамянення і ўзбуджэння (залежнасць інтэнсіўнасці свячэння ад даўжыні хвалі выпрамянення і ўзбуджэння). Характарыстыкі Л. маюць важнае значэнне ў люмінесцэнтным аналізе. Л. ў прыродзе (палярнае ззянне, свячэнне некаторых насякомых. мінералаў, гнілякоў) назіралася даўно, сістэматычна вывучаецца з 17 ст. Уклад у вывучэнне Л. зрабілі А.С. і Ж.Бекерэлі, У.Крукс, Ф.​Ленард і інш. Многія заканамернасці Л. вызначаны фізікамі школы С.І.Вавілава (гл. Вавілава закон) і А.М.Цярэніна.

На Беларусі даследаванні па Л. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ і інш. У 1960-я г. створаны навук. цэнтр па Л. (адзін з найбуйнейшых у СССР). Найб. значныя працы школы фізікаў па Л. на чале з Б.І.Сцяпанавым, А.Н.Сеўчанкам, М.А.Барысевічам. Распрацаваны тэорыі Л. складаных малекул і адмоўнай Л., выяўлена і вывучана з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (гл. Стабілізацыі-лабілізацыі з’ява), даследавана Л. пары складаных малекул, Л. рэдкіх зямель, складаных малекул, уранілавых злучэнняў, малекул біял. важнасці, у т. л. хларафілу і яго аналагаў. На аснове даследаванняў па Л. створаны новыя тыпы лазераў — лазеры на растворах і на пары арган. злучэнняў.

Літ.:

Вавилов С.И. Собр. соч. Т. 1—4. М., 1952—56;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Поглощение и испускание света квантовыми системами. Мн., 1991;

Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. М., 1967;

Саржевский А.М., Севченко А.Н. Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971.

Г.​П.​Гурыновіч, Б.​М.​Джагараў.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)