МАРО́ЗАЎ Валерый Францавіч (н. 25.2.1947, Мінск),
бел. архітэктар і гісторык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1987). Скончыў БПІ (1971). З 1971 працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1974 выкладае ў БПА (з 1988 дацэнт), Бел. АМ, Еўрап. гуманіт. ін-це ў Мінску. Асн. работы: праекты комплексу будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні, гандл.-грамадскага цэнтра па вул. Прытыцкага (абодва 1971—74), будынка Дома архітэктараў (1972, усе ў сааўт.) у Мінску. Даследуе архітэктуру Беларусі 18—19 ст.
Тв.:
Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);
Палац у Гомелі. Мн., 1991;
Палац у Жылічах. Мн., 1992;
Гомель классический: Эпоха. Меценаты. Архитектура. Мн., 1997;
Działalność architektów warszawskich i wileńskich na Białorusi w końcu XVIII i 1. połowie XIX wieku // Biuletyn Historii Sztuki. 1990. № 3—4;
Cechy klasycyzmu w planach posiadłości królewskich ekonomii grodzieńskiej końca XVIII wieku // Klasycyzm i klasycyzmy. Warszawa, 1994.
т. 10, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Рой Аляксандравіч (н. 14.11.1925, Тбілісі),
расійскі гісторык і паліт. дзеяч. Д-р гіст. н., канд. пед. н., праф. Скончыў Ленінградскі ун-т. Працаваў настаўнікам, рэдактарам; у 1961—70 у Акадэміі пед. навук СССР. З 1970 займаецца літ.-публіцыстычнай дзейнасцю. З пач. 1960-х г. актыўны ўдзельнік руху дысідэнтаў (у 1969 выключаны з КПСС, у 1989 адноўлены). З 1991 сустаршыня Сацыяліст. партыі працоўных. Аўтар паліт. біяграфій буйных сав. дзярж. і паліт. дзеячаў (М.С.Хрушчова, Л.І.Брэжнева, Ю.У.Андропава, М.А.Суслава, І.В.Сталіна і інш.), прац па розных аспектах паліт. гісторыі СССР.
Тв.:
Они окружали Сталина М., 1990;
О Сталине и сталинизме. М., 1990;
Личность и эпоха: Полит портр. Л.И.Брежнева. Кн.1. М., 1991;
Связь времен: [Ист. очерки]. Ставрополь, 1992;
«Серый кардинал»: М.А.Суслов: полит. портр. М., 1992;
Бел. пер. — М.С.Хрушчоў: Паліт. партрэт. Мн., 1989.
т. 11, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),
агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн. Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Літ.:
Коган М.А. Смелые мореходы средневековья — норманны. Л., 1967;
Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе. Л., 1985;
Викинг. М., 1993.
А.М.Сурта.
т. 11, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎДНЁВА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́Р, складкавая вобласць Андаў, Андыйскі складкавы пояс,
частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, якая акаймоўвае Паўд. Амерыку на З і Пн. На Пн сучляняецца са складкавай вобласцю Паўночна-Амерыканскіх Кардыльераў, на Пд — з Заходне-Антарктычнай складкавай вобласцю. Складзена з сістэм мерыдыянальных (на Пн — шыротных) хрыбтоў: Усходніх, Цэнтральных, Заходніх, Карыбскіх і Патагонскіх Андаў, паміж якімі ляжаць унутр. плато або ўпадзіны.
Развіваецца з позняга пратэразою. Вял. значэнне ў фарміраванні вобласці мела эпоха герцынскай складкавасці. Моцныя арагенічныя працэсы адбываліся і ў мелавы перыяд. У эпоху альпійскай складкавасці (з канца мелу) уздоўж новаўтвораных антыклінорыяў ішло ўкараненне гранітных баталітаў. Найб. актыўны цыкл гораўтварэння адбываецца з канца палеагену (30 млн. г. назад) да нашага часу. У альпійскую эпоху ўтварыліся Карыбскія і Патагонскія Анды, інтэнсіўна праявіўся наземны вулканізм, які працягваецца. Буйныя радовішчы медзі (Чылі), волава, вальфраму і інш. рэдкіх і каляровых металаў (Перу, Балівія), нафты і газу (Венесуэла, Эквадор, Аргенціна і інш.).
В.М.Губін.
т. 14, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАПКО́ Валянціна Уладзіміраўна (н. 25.2.1925, Мінск),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1969), праф. (1976). Скончыла БДУ (1950). З 1953 у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1972 заг. кафедры ў Мінскім пед. ін-це. З 1978 у БДУ: заг. кафедры гісторыі БССР, з 1984 праф. кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў. Даследуе сац.-эканам. працэсы ў Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. Адзін з аўтараў прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 2, 2-е выд. 1961), «Гісторыя Мінска» (1967), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд. 1987). Адзін са складальнікаў зб. дакументаў «Беларусь у эпоху феадалізму» (т. 3—4, 1961—79).
Тв.:
Беларускі першадрукар Георгій Скарына. Мн., 1956;
Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. Мн., 1966;
Классовая борьба в белорусской деревне в первой половине XIX в. Мн., 1972;
Города Белоруссии в первой половине XIX в.: (Экон. развитие). Мн., 1981;
Историография БССР. Эпоха феодализма. Мн., 1986 (разам з З.Ю.Капыскім).
т. 17, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
міяцэ́н
(ад гр. meion = меншы + -цэн)
ранняя эпоха неагенавага перыяду (гл. неаген) у геалагічнай гісторыі Зямлі, якая пачалася каля 25 млн. гадоў назад і цягнулася каля 14 млн. гадоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
век, -у, мн. вякі, вяко́ў, м.
1. Стагоддзе.
Дваццаты в.
Мінулы в.
Цэлы в. не бачыліся (вельмі доўга).
2. Гістарычны перыяд, эпоха, характэрныя чым-н.
Каменны в.
Касмічны в.
З векам упоплеч (ісці, крочыць і пад., не адстаючы ад жыцця).
3. Жыццё, перыяд існавання каго-, чаго-н. або ўзрост каго-н.
Многа пабачыць на сваім вяку.
У хлусні кароткі в. (прыказка). Чалавек сярэдняга веку.
4. у знач. прысл. Заўсёды, вечна.
В. дома яе няма.
В. буду помніць вас.
◊
На векі вечныя (разм.) — назаўсёды.
Праз вякі — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.
|| прым. векавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
эліні́зм
(гр. hellinismos, ад Hellen = грэк)
1) эпоха росквіту змешанай грэка-ўсходняй культуры, якая наступіла пасля заваяванняў Аляксандрам Македонскім на Усходзе;
2) лінгв. слова ці словазлучэнне, запазычанае са старажытнагрэчаскай мовы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, мучкапскае міжледавікоўе, гюнц-міндэльскае міжледавікоўе,
другая міжледавіковая эпоха ранняга плейстацэну Беларусі (каля 543—532 тыс. гадоў назад). Наступіла пасля ясельдзінскага зледзянення (гюнцкага, данскога). Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1958. Тыповы разрэз адкладаў міжледавікоўя каля в. Боркі Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці (сапрапеліты і мергелі на глыб. 80—87 м). Магутнасць адкладаў Белавежскага міжледавікоўя 20 і больш метраў, пераважаюць азёрныя — сапрапеліты, мергелі, дыятаміты, супескі і суглінкі. Пароды Белавежскага міжледавікоўя найб. пашыраны ў Палессі, на Беларускай градзе і прылеглых раўнінах. Залягаюць блізка ад паверхні зямлі (нярэдка ў адорвенях) і да глыб. 210 м. Раней яны разглядаліся як адклады шклоўскага міжледавікоўя.
У час кліматычнага оптымуму міжледавікоўя раслі шыракалістыя лясы з дубу, вязу, ліпы, клёну, сярод вышэйшых раслін было 28% невядомых у сучаснай флоры Беларусі, развівалася адметная флора дыятомавых водарасцяў з характэрным відам цыклятэля рэчыцкая.
Літ.:
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Проблемы плейстоцена. Мн., 1985;
Плейстоцен Речицкого Приднепровья Белоруссии. Мн., 1986;
Березовский страторайон плейстоцена Белоруссии. Мн., 1993.
Г.К.Хурсевіч.
т. 2, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ЎСКІ Васіль Васілевіч (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),
расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф. Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).
Тв.:
Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;
Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;
Русские мыслители и Европа. 2 изд. Париж, 1955;
Русская педагогика в XX в. Париж, 1960;
Основы христианской философии. М., 1992.
В.В.Краснова.
т. 7, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)