КІЛІКІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры,

армянская школа мініяцюры 2-й пал. 12—14 ст., якая склалася ў Кілікійскай армянскай дзяржаве. Сфарміравалася на аснове традыцый арм. мініяцюры і пад уплывам візант. і зах.-еўрап. жывапісу. Гал. цэнтры К.ш. — манастыры Ромкла, Грнер, Дразарк. У афармленні рукапісаў пераважалі хараны (арачнае афармленне «канонаў згоды»), маргінальныя знакі (паказальнік абзаца або главы тэксту), вял. літары, сюжэтныя ілюстрацыі. Раннія мініяцюры вызначаліся пэўнай цяжкаважкасцю арх. форм харанаў, буйным арнаментам, пераважна геам. і пальметным, цёплымі прыглушанымі тонамі. Мініяцюрам часу росквіту (2-я пал. 13 ст.; найбуйнейшы майстар — Тарос Раслін) уласцівы багацце арнаментальных форм, якія ўключалі і выявы птушак, звяроў, чалавека, віртуозны дынамічны малюнак, гучнасць фарбаў, што падкрэслівалася праз увядзенне золата, яркая эмацыянальнасць індывідуалізаваных выяў людзей. У пач. 14 ст. ў К.ш. выявіліся рысы заняпаду. Традыцыі К.ш. захоўваліся ў арм. мініяцюры да канца 18 ст.

Літ.:

Армянская миниатюра Древней Армении. Ереван, 1969.

Да арт. Кілікійская школа мініяцюры. Тарос Раслін. Пераход яўрэяў праз Чырвонае мора. Мініяцюра з «Чашоца» Хетума II. 1286.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЯ ШКО́ЛА ў мовазнаўстве,

адзін з трох асноўных кірункаў структурнай лінгвістыкі. Цэнтр дзейнасці — Пражскі лінгвістычны гурток (1926—1950-я г.). Гл. ў арт. Структурная лінгвістыка.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСФАХА́НСКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры.

Сфарміравалася на мяжы 16 і 17 ст. у г. Ісфахан (Іран). Заснавальнік стылю Рэза Абасі. Для І.ш. характэрны каліграфічна дакладны віртуозны малюнак з лёгкай падфарбоўкай, пластычная аб’ёмнасць і лёгкасць фігур, найтанчэйшая прапрацоўка дэталей. Для яе майстроў уласцівы спробы надаць мініяцюры новы змест, далучыць да станковага жывапісу (мініяцюры на асобных аркушах, якія збіралі ў альбомы). З 1670-х г.

пад уплывам еўрап. жывапісу ў творах І.ш. з’явіліся элементы святлоценявой мадэліроўкі, лінейнай і паветр. перспектывы ў выявах пейзажных фонаў. Да 18 ст. гэты «еўрапеізаваны» кірунак стаў асноўным.

Ісфаханская школа. Рэза Абасі. Мініяцюра. 1630.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа Італіі ў 13—16 ст. з цэнтрам у г. Сіена. Зыходзіла з традыцый італа-візант. і гатычнага жывапісу. У перыяд росквіту школы (13—1-я пал. 14 ст.) творы яе майстроў (Дуча ды Буанінсенья, С.​Марціні і інш.) вызначаліся адухоўленым лірызмам, эмац. насычанасцю мяккага каларыту, вытанчанасцю лінейнага рытму. С.ш. цесна звязана з пошукамі Джота ды Бандоне і творчасцю фларэнційскіх майстроў протарэнесансу, жывапісам братоў Ларэнцэці. У 15 ст. яе адметнымі рысамі былі вытанчаны дэкаратывізм, лірычная сузіральнасць, атмасфера казачнасці (Джавані ды Паала). Ў 16 ст. паступова страціла сваё значэнне.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст. У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.​Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.​Б.​Кастыльёне, А.​М.​Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.​Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш. маст. цэнтрах Паўн. Італіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.

Да арт. Генуэзская школа. Б.​Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ШКО́ЛА, юрыдычная школа,

адзін з гал. кірункаў у рас. гістарыяграфіі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Пачала складвацца ў 1840-я г. Асн. ідэі распрацаваны К.​Дз.Кавеліным, С.М.Салаўёвым, Б.М.Чычэрыным, развіты В.І.Сергеевічам, П.М.Мілюковым, А.С.Лапа-Данілеўскім. М.М.Багаслоўскім, А.А.Кізеветэрам, С.Ф.Платонавым, М.А.Дзяканавым і інш., а таксама ў ранніх працах Ю.У.Гацье, С.​У.​Бахрушына, Б.​Дз.Грэкава. Прадстаўнікі школы лічылі дзяржаву і яе дзейнасць асн. рухаючай сілай гіст. працэсу (адсюль назва), аддавалі значную ўвагу гісторыі рас. права, асабліва прыгоннага (адсюль другая назва), проціпастаўлялі гісторыю Расіі гісторыі краін Зах. Еўропы.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. [2 изд.]. М., 1993. С. 419—433, 564—602.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́НСКАЯ ШКО́ЛА, кірэнаікі,

філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К.ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́ЦКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры,

адна са школ сярэднеўсх. мініяцюрнага жывапісу (пераважна іл. да кніг). Існавала ў 15 ст. ў сталіцы дзяржавы Цімурыдаў — Гераце; звязана з дзейнасцю прыдворнай майстэрні рукапісаў — кітабхане (засн. прыкладна ў 1410-я г.). Мініяцюрам 1-й пал. 15 ст. (мастакі Халіл, Гіяседдзін, Мансур) уласціва тонкае пісьмо, стрыманы, часам гарачы каларыт («Шахнамэ» Фірдаўсі, 1430; «Хамсе» Нізамі, 1431). У 2-й пал. 15 ст. працавалі мастакі Шах-Музафар, Мірак Накаш, Хаджы Мухамед Накаш, Кемаледдзін Бехзад і яго вучань Касім Алі. Характэрны вытанчаная дэкаратыўнасць, паэтычнасць і разнастайнасць сюжэтаў, шматфігурнасць і шматпланавасць кампазіцый, пейзажныя фоны, гармонія і вытанчанасць колеру, дакладны віртуозны малюнак, развіццё партрэта.

Да арт. Герацкая школа. Мірак Накаш. У лазні. Ілюстрацыя з рукапісу «Хамсе» Нізамі 1495.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.​Феўр, іх пераемнікі — Ф.​Брадэль, Ж.​Ле Гоф, Э.​Леруа Ладзюры, М.​Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст. чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз. таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖСКАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

адзін з кірункаў эканам. тэорыі. Узнікла ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Заснавальнік А.​Маршал, асн. прадстаўнікі А.​С.​Пігу, Д.​Робертсан. Даследавала заканамернасці развіцця асобных прыватных рынкаў, праблемы цэнаўтварэння, эканам. раўнавагі, дабрабыту і інш. Паклала пачатак сучаснаму мікраэканам. аналізу.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)