МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗНАК,

архітэктурна-скульптурнае збудаванне, звычайна ў выглядзе невысокай стэлы з рэльефам або каменя з тэкстам. Устанаўліваецца ў гонар значнай гіст. падзеі або выдатнай асобы. Уключае надпіс-прысвячэнне, сціплы дэкор, часта партрэтную, сюжэтную ці алегарычную выяву. Бывае самаст. ці ўваходзіць у мемар. комплекс. Ставіцца звычайна там, дзе адбылася падзея або на месцы, звязаным з жыццём выдатнай асобы. М.з. ў Мінску: на бульвары Шаўчэнкі Тарасу Шаўчэнку (1978, скульпт. С.​Вакар), на пл. Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газ. «Звязда» Героя Сав. Саюза У.​С.​Амельянюка (1980, скульпт. А.​Анікейчык, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), у двары Дома друку на ўшанаванне памяці рабочых друкарні, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (1984, арх. А. і М. Ткачукі); у Барысаўскім р-не на Брылёўскім полі каля в. Студзёнка ў гонар рас. арміі, якая перамагла напалеонаўскія войскі ў час іх пераправы цераз р. Бярэзіна ў 1812 (1912) і на ўшанаванне памяці франц. салдат, што тут загінулі (1997, скульпт. І.​Міско); у Магілёўскім р-не каля в. Буйнічы на месцы, дзе быў развеяны прах рас. пісьменніка К.​Сіманава (1980), на бел.-літ. памежжы ў гонар К.​Каліноўскага (скульпт. В.​Янушкевіч), на месцы трагедыі 30.5.1999 на станцыі метро «Няміга» (скульпт. Г.​Буралкін, арх. А.​Чадовіч; абодва 1999), і інш. М.з. — састаўная ч. ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (на месцы заставы Наганава), «Праклён фашызму (на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльны знак на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» У.​С.​Амельянюка.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІЦІЛАПО́ЧТЛІ,

у стараж. рэлігіі і міфалогіі ацтэкаў вярх. бог. Першапачаткова племянное бажаство, пазней — бог блакітнага яснага неба, маладога сонца, вайны і палявання, апякун ацтэкскай знаці. У час штогадовага свята ў гонар У. ацтэкі рабілі і з’ядалі яго вялізную выяву з цеста і мёду. У Тэначтытлане існаваў храм У., дзе яму прыносіліся крывавыя чалавечыя ахвяры.

т. 16, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРА́НЦКІЯ АСТРАВЫ́ (Amirantes Islands),

архіпелаг нізінных каралавых а-воў (каля 150) у Індыйскім ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар, тэр. дзяржавы Сейшэльскія Астравы. Пл. каля 85 км². Плантацыі какосавых пальмаў. Лоўля рыбы і чарапах. Адкрыты ў 1502 партугальцамі, названы ў гонар мараплаўца адмірала Васка да Гамы.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСК,

малая планета № 3012. Сярэдні дыяметр 20 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца 482,3 млн. км, перыяд абарачэння 5,8 гада. Адкрыта ў 1979 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар горада-героя Мінска.

Літ.:

Коротцев О., Дахие М. Созвездие памяти: Косм. мемориал героев Вел. Отеч. войны. СПб., 1995.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАКА́ЛЬСКАГА ПРАЛІ́Ў.

У архіпелагу Паўн. Зямля, паміж а-вамі Бальшавік і Кастр. Рэвалюцыі. Злучае моры Карскае і Лапцевых. Даўж. 106 км, шыр. 19—56 км, найменшая глыб. на фарватэры 55 м. Берагі абрывістыя, укрыты ледавікамі, ад якіх аддзяляюцца айсбергі. Б.ч. года ўкрыты лёдам. Названы ў гонар Ю.М.Шакальскага.

т. 17, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЖЫ́-МАГАМЕ́Д (? — 1877),

імам Дагестана і Чэчні. Сын шэйха Абдурахмана Хаджы Сагратлінскага, паплечніка Шаміля. Вучоны-багаслоў, аўтар паэмы ў гонар трох імамаў (Газі-Магамед, Гамзат-бек і Шаміль). У 1877 узначаліў паўстанне горцаў у Дагестане і Чэчні супраць рас. улад. 4.11.1877 узяты ў палон, паводле рашэння ваенна-палявога суда пакараны смерцю.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЙТА,

горад у Японіі, прамысл. спадарожнік г. Осака. Каля 400 тыс. ж. (2001). Чыг. вузел, буйная сартавальная станцыя. Прам-сць: металургічная (вытв-сць электрасталі, пракату), маш.-буд., тэкст., харчовая; піваварны з-д. Месца правядзення сусв. экалагічнай выстаўкі «ЭКСПА-70», мемар. парк у гонар выстаўкі. Нац. этнаграф. музей. Паблізу нац. парк Сэнры.

т. 15, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКХАНА́ЛІІ,

у Старажытным Рыме святкаванні, містэрыі ў гонар Дыяніса (Вакха). Першапачаткова да ўдзелу ў вакханаліях дапускаліся толькі жанчыны, пазней і мужчыны. З 2 ст. да н.э. набылі характар оргій. У 186 да н.э. на вакханаліі сенацкім указам накладзены абмежаванні. У пераносным сэнсе вакханаліі — дзікі разгул, оргія.

Вакханалія. Мастак Н.​Пусэн. 1620-я г.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЗАРЭ БЕ́РАГ (Banzare Coast),

частка ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда), паміж 122° і 130° усх. даўгаты. Ледавіковы схіл з рэдкімі выхадамі скальных пародаў. Антарктычныя аазісы Бангера і Грырсана. Вывадныя ледавікі (у сярэдняй частцы шэльфавы ледавік Ваейкава). Вял. колькасць айсбергаў. Адкрыты ў 1931 Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай даследчай экспедыцыяй, у гонар якой (у скарачэнні) названы.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФІРА́МБ (грэч. dithyrambos),

першапачаткова харавая культавая песня ў Стараж. Грэцыі ў гонар бога Дыяніса (Вакха), пазней — літ. форма, блізкая да оды ці гімна. У новай еўрап. л-ры мае пераймальны характар («Дыфірамб Пегасу» А.​Сумарокава). У стараж.-бел. л-ры блізкія да Д. панегірыкі. У пераносным сэнсе Д. — перабольшаная пахвала, захапленне ўслаўленнем.

т. 6, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)