ЛО́НДАНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў і навукова-даследчых цэнтраў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1836 паводле ўказа караля Вільгельма IV як установа, правамочная прысуджаць вучоныя ступені; пасля рэарганізацыі з 1898 выконвае функцыі і ВНУ. У склад Л.у. ў 1907 уключаны Універсітэцкі (засн. ў 1826), а ў 1910 — Каралеўскі (засн. ў 1829) каледжы. У 1997 было 51,4 тыс. студэнтаў; ф-ты: тэалогіі, педагогікі, эканомікі, тэхн., права, мед., музыкі, мастацтваў і інш. Навуч. працэс і даследчая работа ва ун-це праводзяцца ў школах, каледжах і ін-тах, у т. л. ў Каралеўскай мед. школе, фармацэўтычнай, па даследаванні краін Усходу і Афрыкі, Імперскім каледжы навукі тэхналогіі і медыцыны, ін-тах класічнай адукацыі, германазнаўства, правазнаўства, мастацтваў і інш. У б-цы Л.у. каля 1,5 млн. тамоў. Ёсць б-кі пры школах і каледжах.

В.​М.​Навумчык.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя А.​А.​Куляшова.

Засн. ў 1918 у Магілёве як пед. ін-т на базе Магілёўскага настаўніцкага інстытута. У 1919 перайменаваны ў Ін-т нар. адукацыі. У 1924 аб’яднаны з пед. ф-там БДУ. У 1930 адноўлены як пед. ін-т. У 1937 пры ін-це створаны настаўніцкі ін-т з 2-гадовым тэрмінам навучання для падрыхтоўкі настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Імя Куляшова прысвоена ў 1978. З 20.6.1997 ун-т. У 1998/99 навуч. г. ф-ты: гіст., пед., філал., замежных моў, біял., прыродазнаўства, эканам., фізіка-матэм., дашкольнага выхавання, фіз. выхавання, даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1992. Пры ун-це больш за 100 спецыялізаваных лабараторый і кабінетаў, б-ка (каля 500 тыс. экз.), навуч.-спарт. комплекс і навучальна-біял. база «Любуж». На базе М.у. створаны вучэбна-навук. комплекс.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМА́НКСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых ун-таў Іспаніі і Еўропы. Засн. ў 1218 у г. Саламанка. У эпоху Адраджэння адзін з найб. навук. і культ. цэнтраў Еўропы. У ім зроблены першыя пераклады твораў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. вучоных; яго прафесараў запрашалі выкладаць у іншыя еўрап. ун-ты. Дзярж. ўстанова. Навучанне вядзецца на ісп. мове. У 1995/96 навуч. г. каля 31 тыс. студэнтаў; ф-ты: філал.; філас.; геаграфіі і гісторыі; права; прыгожых мастацтваў; прамысл. тэхнікі; навук; хім.; біял.; мед.; фармакалогіі; эканомікі і бізнесу; сац. навук; перакладаў і дакументацыі; псіхалогіі; педагогікі і адукацыі. У складзе ун-та школы (падрыхтоўкі настаўнікаў, адукацыі, політэхн., тапаграфіі і інш.), ін-ты (педагогікі і адукацыі, універсітэцкая бальніца), выдавецкі дом, Цэнтр. б-ка (140 тыс. тамоў), б-кі ф-таў (больш за 365 тыс. тамоў).

В.​М.​Навумчык.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1409 у г. Лейпцыг. У гады фаш. дыктатуры (1933—45) ун-т быў закрыты. У 1946 аднавіў работу. Ф-ты: права, тэалогіі, гіст., філал., адукацыі, мастацтва і ўсходніх дысцыплін, біял., вет., мед., эканам., сац. навук і філасофіі, матэматыкі і камп’ютэрных дысцыплін, фармацэўтычных дысцыплін і псіхалогіі, хіміі і мінералогіі, фізікі і навук аб Зямлі. У 1995 у Л.у. больш за 18,5 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць ін-ты, лабараторыі, н.-д. ўстановы, б-ка (з 1543; больш за 4,2 млн. тамоў), музеі (муз. інструментаў, медыцыны і прыродазнаўства, стараж. свету, егіпталогіі, манет і манускрыптаў), бат. сад, радыёстанцыя. У розны час у ім вучыліся У. фон Гутэн, Т.Мюнцэр, Г.В.Лейбніц, Г.Э.Лесінг, А.М.Радзішчаў, І.В.Гётэ, І.Г.Фіхтэ., Ф.Шлегель, В.Р.Вагнер, Ф.Ніцшэ і інш.; выкладалі К.Людвіг (у яго лабараторыі працаваў І.П.Паўлаў), А.В.Кольбе, В.Вунт, В.Ф.Оствальд і інш.

В.​М.​Навумчык.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДРЫ́ДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

найбуйнейшая вышэйшая навуч. ўстанова Іспаніі. Створаны ў 1836 аб’яднаннем ун-та ў г. Алькала-дэ-Энарэс (засн. ў 1508 у правінцыі Мадрыд) і Цэнтр. ун-та ў Мадрыдзе (з 1821). Меў назву Цэнтр. ун-т Мадрыда. З 1850 — М.у. Дзярж. навуч. ўстанова. У 1994/95 навуч. г. больш за 127 тыс. студэнтаў; ф-ты: філасофіі і адукац. навук. геаграфіі і гісторыі, філал., матэм., фіз., геал., біял., права, мед., вет. навук, фармацэўтычны, эканомікі і кіравання, паліт. навук і сацыялогіі, інфарматыкі, выяўл. мастацтва, аданталогіі. Пры ун-це працуюць: ін-ты прыкладнога магнетызму, навук аб навакольным асяроддзі, эмбрыялогіі, судовай анатоміі, крыміналогіі, астраноміі і геадэзіі, пед. навук, сучасных моў і перакладу, правоў чалавека, наркалогіі, кампаратыўнага права, феміністычных праблем, патэнцыялу чалавека і інш.; Цэнтр еўрап. дакументацыі, 4 каледжы, 7 школ, 7 клінічных шпіталяў. Мае б-ку (больш за 1,5 млн. тамоў), музей, бат. сад.

В.​М.​Навумчык.

т. 9, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адна са старэйшых і буйнейшых ВНУ Кітая. Засн. ў 1898 як Вышэйшая школа, з 1911 П.у. У час нац.-вызв. вайны 1937—45 знаходзіўся ў эвакуацыі ў г. Куньмін. У выніку рэарганізацый у 1945, 1952, 1977 да яго далучаны некаторыя ф-ты інш. ВНУ Пекіна, шэраг ф-таў ун-та пераўтвораны ў самастойныя ін-ты. У 1995/96 навуч. г. больш за 12 тыс. студэнтаў; ф-ты: матэматыкі; тэорыі імавернасці і статыстыкі; механікі; фізікі; геафізікі; прыкладной фізікі; радыёэлектронікі; камп’ютэрных навук; хіміі; біялогіі; геалогіі; геаграфіі; псіхалогіі; кіт. мовы і л-ры; гісторыі; археалогіі; філасофіі; знешняй палітыкі; эканомікі; менеджменту ў эканоміцы; права; бібліятэчнай справы і інфарматыкі; сацыялогіі; усх. моў і л-ры; зах. моў і л-ры; англ. мовы; рус. мовы і л-ры; палітыкі і адм. кіравання. У складзе ун-та выд-ва, б-ка (4 млн. тамоў).

В.​М.​Навумчык.

т. 12, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т «Ла Сапіенца»

(La Sapienza),

адзін са старэйшых і найбуйнейшых ун-таў Еўропы. Засн. ў 1303 папам рымскім Баніфацыем VIII. Пасля аб’яднання Італіі (1870) буйнейшы навуч. і навук. цэнтр. Каля 1575 для ун-та пабудаваны спец. палац «Сапіенца» (арх. Дж. дэла Порта), назву якога іншы раз пераносяць і на ун-т. Новы комплекс будынкаў узведзены ў 1935. Ун-т з’яўляецца дзярж. установай, мае адм. аўтаномію. Навучанне вядзецца на італьян. мове. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: права; паліталогіі; эканомікі і камерцыі; статыстыкі, дэмаграфіі і актуарнай навукі; філалогіі і філасофіі; псіхалогіі; матэматыкі, фізікі і прыродазнаўчых дысцыплін; сацыялогіі; тэхн. дысцыплін; архітэктуры; медыцыны, хірургіі, стаматалогіі; фармакалогіі. У складзе ун-та школы (аэракасмічнай тэхнікі, архіў і бібліятэчныя навукі), музеі (мінералогіі, геалогіі, палеанталогіі, фізікі, антрапалогіі, класічнага мастацтва, заалогіі, гісторыі медыцыны, ін-таў), б-ка (1 млн. тамоў), б-кі ф-таў і інш.

В.​М.​Навумчык.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Камуністычны універсітэт Беларусі 3/213, 215; 5/355, 359; 8/286

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ТАЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.​Г.​Чарнышэўскага,

адзін са старэйшых ун-таў Расіі, буйны адукацыйны і навук. цэнтр. Засн. ў 1909, з 1921 імя Чарнышэўскага. У 2000/01 навуч. г. больш за 22 тыс. студэнтаў і 1,5 тыс. выкладчыкаў; 19 ф-таў, у т. л. фіз.; хім.; механіка-матэм.; філал.; біял.; геагр.; геал.; філас.; гіст.; гуманіт. і сац. навук; камп’ютэрных навук. і інфарм. тэхналогій; сацыялогіі; нелінейных працэсаў і інш. Аспірантура з 1925. Дактарантура з 1992. Працуюць 15 спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. У складзе ун-та Балашоўскі і Астраханскі філіялы; ін-ты — пед., Міжрэгіянальны грамадскіх навук, дадатковай прафес. адукацыі, Ін-т «Адкрытыя сістэмы»; каледж радыёэлектронікі; палітэхнікум; 4 НДІ (механікі і фізікі; геалогіі; хіміі; рус. мовы, л-ры і журналістыкі); Паволжскі рэгіянальны цэнтр новых інфарм. тэхналогій (у 1988 на яго базе створаны Цэнтр Інтэрнет), Цэнтр тэсціравання, Цэнтр міжнар. супрацоўніцтва і акад. мабільнасці, Цэнтр нелінейнай дынамікі і біяфізікі, Цэнтр еўрап. саюза, Цэнтр усходазнаўства, Цэнтр перспектыўных навук. даследаванняў; Занальная навук. б-ка (больш за 3 млн. экз. кніг; мае доступ да сусветных баз даных), бат. сад і інш.

т. 14, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

найбуйнейшы навучальны і навуковы цэнтр Польшчы. Засн. ў 1816 у Варшаве паводле загаду рас. імператара Аляксандра I як Аляксандраўскі ун-т (статут зацверджаны ў 1818). Меў ф-ты: юрыд., мед., прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-матэм., тэалагічны. Пасля задушэння паўстання 1830—31 ун-т зачынены. У 1862 аднавіў дзейнасць пад назвай «Галоўная школа». Адыграў выключную ролю ў развіцці польск. культуры і навукі. Сярод яго выхаванцаў Г.Сянкевіч, Б.Прус, Бадуэн дэ Куртэнэ, гісторык матэматыкі С.​Дзікштэйн і інш. У 1869 школа пераўтворана ва ун-т з выкладаннем на рус. мове. У 1893—1915 у Варшаўскім універсітэце выкладаў Я.Ф.Карскі. У час герм. акупацыі 1915—18 фармальна лічыўся ням. ун-там, з 1917 — польскі. У 2-ю сусв. вайну не працаваў. Аднавіў дзейнасць у 1945. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: біял., хім., журналістыкі і паліт. Навук. філасофіі і сацыялогіі, фізікі, геаграфіі і вывучэння рэгіёнаў, геалогіі, гісторыі; матэматыкі, інфарматыкі і механікі; эканам. Навук. неафілалогіі, педагогікі, паланістыкі, прававых навук і адміністрацыі, прыкладных грамадскіх навук і рэсацыялізацыі, псіхалогіі, русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (мае кафедру бел. філалогіі), кіравання. Філіял ун-та ў Беластоку. Б-ка (засн. 1817).

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)