АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),
буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.
Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.Ф.Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.С.Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.
У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.Картэса, «Званы» Я.Глебава, «Мы — беларусы» К.Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.Смольскага. З 1970-х г.бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.Дарохіна (сл. П.Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.Купалы, «Памяць Хатыні» В.Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, «Думкі рускія» А.Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.Танка) А.Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.Шлег, «Куранты» В.Капыцько, «Зорка паэта» Э.Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.Алоўнікава і інш.
Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору, увядзенненац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.
Літ.:
Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.
масавая легальная рэв.-дэмакр.нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.А.Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн.дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш.Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл.Незалежная сялянская партыя), укр.рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел.нац. фракцыі сейма (гл.Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦКБСРГ выдаваў газ.«Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.
Літ.:
Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.
У.А.Палуян.
Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.Мятлы, П.Валошына, Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.Галавача. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),
граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл.Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА РАСЛІ́Н,
1) комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці дзікарослых раслін, уключае ахову генафонду, фітацэнозаў, біягеацэнозаў у цэлым і інш. рэсурсаў расліннага свету, састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі. Уключае ахову лясоў, ахову расліннага покрыва, зялёных насаджэнняў, балотнай і лугавой расліннасці, лек., асабліва ахоўных раслін і інш. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі праз увядзенне забароны на іх збіранне, праз аднаўленне колькасці, утварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый ў месцах іх росту, абвяшчэнне помнікамі прыроды асобных месцаў іх росту, штучнае развядзенне некат. відаў, уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання.
На Беларусі ахова раслін рэгулюецца законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), парадкам выдачы дазволаў на збіранне раслін з відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. У адпаведнасці з канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, забаронены збіранне, продаж і купля ўсіх відаў сям. ятрышнікавых, лабеліі Дортмана і воўчніка баравога. Ахова некат. гаспадарча карысных відаў раслін і грыбоў ажыццяўляецца ліцэнзаваннем, правядзеннем біятэхн. мерапрыемстваў, увядзеннем часовых забарон на збіранне асобных відаў. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове раслін ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Адной з формаў аховы раслін з’яўляецца вырошчванне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў на спец. участках, у гадавальніках, бат. садах і гэтак далей.
2) Галіна с.-г. навукі, якая распрацоўвае метады і спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі с.-г. культур і лясных парод, з пустазеллем. Прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў у сельскай і лясной гаспадарцы, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і зберажэнне якасці прадукцыі за кошт ліквідацыі страт ад шкодных арганізмаў, а таксама на прадухіленне біял. забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. задача — знішчэнне шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі арганізмаў або абмежаванне іх дзейнасці (гл.Каранцін). Ахову тэр. Беларусі ад пранікнення каранцінных шкоднікаў, хвароб і пустазелля, каранцінныя мерапрыемствы ажыццяўляе Бел.дзярж. каранцінная інспекцыя. Дзярж. служба аховы раслін праводзіць практычныя мерапрыемствы па ахове ў калгасах, саўгасах, арг-цыях, установах, на прадпрыемствах, а таксама на прысядзібных участках, у калект. садах і агародах. Распрацоўку сістэм мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем, метадычнае кіраўніцтва вытв. службай па ахове раслін ажыццяўляе Аховы раслін Беларускі НДІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),
рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.Бруна, Г.Галілей, Дж.Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв.рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш.дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.
Літ.:
Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,
найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.Дз.Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзеннедэмакр.дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.
У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.Ф.Грачэўскі, М.М.Рагачоў, М.П.Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).
Літ.:
Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;
Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АД РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
сукупнасць фіз. і хім. сродкаў аховы арганізма, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў працы персаналу і пражывання насельніцтва пры магчымым уздзеянні радыеактыўнага выпрамянення. Уключае: ахову ад вонкавага выпрамянення «закрытых» крыніц (радыеактыўныя прэпараты, ядз. рэактары, рэнтгенаўскія і паскаральныя ўстаноўкі і інш.); ахову біясферы ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі «адкрытых» радыеактыўных крыніц (адходы ядз. прам-сці, прадукты выпрабаванняў ядз. зброі і выкідаў прадпрыемствамі атамнай прам-сці, работа з «адкрытымі» радыеактыўнымі прэпаратамі і інш.).
Ахова ад вонкавага выпрамянення мае на мэце аслабленне выпрамянення пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам асяроддзя: для паглынання альфа- і бэта-часціц дастаткова аркуша паперы, гумавых пальчатак, адзення ці слоя паветра таўшч. 8—9 см; для паглынання электронаў — некалькіх мм алюмінію, плексігласу або шкла; для паглынання гама-квантаў — матэрыялы, якія ўключаюць элементы з вял. атамнымі нумарамі (вальфрам, свінец, жалеза і інш.), для нейтронаў — водазмяшчальныя рэчывы (парафін, гідрыды металаў, бетон і інш.). Каб знізіць пранікальную здольнасць другаснага выпрамянення (напр., жорсткага зыходнага гама-выпрамянення, тармазнога выпрамянення пры паглынанні бэта-часціц), дадаткова ўжываюць літый або бор. Ахова ад вонкавага апрамянення праводзіцца з улікам спектральнага складу іанізавальнага выпрамянення, магутнасці яго крыніц, адлегласці, на якой знаходзіцца абслуговы персанал, і працягласці знаходжання ў сферы ўздзеяння выпрамянення. Ахоўныя прыстасаванні падзяляюцца на суцэльныя, частковыя, ценявыя і паасобныя (ахоўныя сцены, перакрыцці падлогі і столі, дзверы, назіральныя вокны, кантэйнеры і інш.). Ахова біясферы прадугледжвае спец. захады па зніжэнні канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў у вадзе і паветры да гранічна дапушчальных канцэнтрацый (пастаянна ўдакладняюцца і пераглядаюцца; гл.Дозы выпрамянення). Уздзеянне радыеактыўных рэчываў, што трапляюць у арганізм чалавека і жывёлы, зніжаюць пры дапамозе радыеахоўных рэчываў, якія ўводзяць у арганізм перад ці на працягу ўздзеяння іанізавальнай радыяцыі. Іх умоўна падзяляюць на сродкі агульнабіял. дзеяння, якія павышаюць натуральную радыерэзістэнтнасць — агульную супраціўляльнасць арганізма (вадкія экстракты і настойкі элеўтэракоку калючага, жэньшэню, лімонніку кітайскага, лагахілусу, вітаміны, гармоны, каферменты, вітамінна-амінакіслотныя комплексы, некат. мікраэлементы і антыбіётыкі, біястымулятары) і спецыфічныя радыеахоўныя рэчывы — радыепратэктары, якія ствараюць умовы штучнай радыерэзістэнтнасці. Да іх належаць пераважна рэчывы сінт. паходжання, увядзенне якіх за некалькі мінут ці гадзін перад апрамяненнем у арганізм чалавека і жывёлы паніжае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення. Найбольш эфектыўныя індалілалкіламіны і серазмяшчальныя злучэнні (напр., амінаалкілтыяфасфаты, пептыды і адпаведныя ім дысульфіды, серазмяшчальныя амінакіслоты, дытыякарбаматы, вытворныя тыязалідзіну). Яны выкарыстоўваюцца ў асноўным для індывід. засцярогі арганізма ад вонкавага апрамянення ў надзвычайных абставінах (аварыйныя, ваен. ўмовы) і для пераважнай аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Найбольш эфектыўныя сумесі з радыепратэктараў, якія валодаюць рознымі механізмамі ахоўнага дзеяння.
Ва ўстановах, дзе праводзяцца работы з крыніцамі іанізавальных выпрамяненняў, ажыццяўляецца дазіметрычны і радыеметрычны кантроль. Пры рабоце з «закрытымі» крыніцамі робяць замеры індывід. дозаў для ўсіх відаў апрамянення, перыядычны кантроль магутнасцяў дозаў на рабочых месцах і ў сумежных памяшканнях. Пры правядзенні работ з вял. крыніцамі ўстанаўліваюць прылады з аўтам. сігналізацыяй. Пры наяўнасці «адкрытых» крыніц дадаткова кантралююць колькасць радыеактыўных рэчываў у паветры рабочых памяшканняў, забруджанне рабочых паверхняў, абсталявання, рук і адзення працуючых, радыеактыўнасць сцёкавых водаў і паветра, што выдаляецца ў атмасферу. У выпадках буйнамаштабных аварый на АЭС (накшталт Чарнобыльскай) прадугледжваюцца паэтапныя мерапрыемствы: першачарговыя — укрыццё, эвакуацыя і ўвядзенне стабільнага ёду насельніцтву ў першыя дні пасля аварыі; перасяленне, абмежаванні на ўжыванне харч. прадуктаў з забруджаных тэрыторый, дэзактывацыйныя работы і рэкультывацыя с.-г. угоддзяў і інш.
Літ.:
Владимиров В.Г., Красильников И.И., Арапов О.В. Радиопротекторы: структура и функция. Киев, 1989;
Beir V. Health effects of exposure to low levels of ionizing radiation. Washington, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬШАВІКІ́,
прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас.рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв.рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл.Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац. праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.
Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),
ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш.ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах.ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.Я.Алібегаў і У.С.Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах.ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзеннетэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел.стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах.ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач.Вял.Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.Ф.Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр.Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ.ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),
рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл.рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.
Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л.рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).