ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ, электрычнае зрушэнне, вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе эл. поле ў рэчыве. Абазначаецца D→. Для ізатропнага асяроддзя D→ = ε ε0 E→ , дзе ε — дыэлектрычная пранікальнасць рэчыва, ε0 — электрычная пастаянная, E→ — напружанасць электрычнага поля. Паток вектара Э.і. праз адвольную замкнёную паверхню (гл. Гаўса тэарэма) вызначаецца толькі свабоднымі эл. зарадамі, што знаходзяцца ўнутры гэтай паверхні, г.зн. не залежыць ад звязаных зарадаў, якія ўваходзяць у склад нейтральных атамаў і малекул. Адзінка Э.і. ў СІ — кулон на квадратны метр.

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАНАСЦЬ МАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магн. поле. Роўная геам. рознасці магнітнай індукцыі B→, падзеленай на магнітную пастаянную μ0, і намагнічанасці асяроддзя J→: H→ = B→ / μ0 − J→ . Для ізатропных асяроддзяў H→ = B→ / μμ0 . Калі аднародны і ізатропны магнетык поўнасцю запаўняе ўсю прастору з магн. полем, Н.м.п. не залежыць ад яго магнітнай пранікальнасці і супадае з Н.м.п., створанага той жа сістэмай макраскапічных токаў у вакууме. Адзінка Н.м.п. ў СІ — ампер на метр. Гл. таксама Поўнага току закон.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАГА ПО́ЛЯ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе сілавое ўздзеянне поля на эл. зараджаныя часціцы і целы, што знаходзяцца ў ім. Вызначаецца адносінамі сілы F→, якая дзейнічае з боку поля на ўнесены ў яго дадатны пробны зарад q0, да абс. значэння гэтага зараду: E = F→0 / q0 . Зарад q0 павінен быць дастаткова малым, каб яго ўнясенне ў даследаванае поле не выклікала змен значэнняў і размеркавання ў прасторы зарадаў, якія стварылі дадзенае поле. Адзінка Н.э.п. ў СІ — вольт на метр.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ве́бер

[ням. W. Weber = прозвішча ням. фізіка (1804—1891)]

адзінка магнітнага патоку ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АБ’ЁМ,

адна з колькасных характарыстык геам. цела; вымяраецца колькасцю змешчаных у целе кубаў з рабром, роўным адзінцы даўжыні. Для вымярэння аб’ёму складаных цел яны змяшчаюцца ў прамавугольны паралелепіпед, які разбіваецца плоскасцямі, паралельнымі яго граням, на n кубаў з рабром A.

Няхай Vn — сума аб’ёму кубаў, якія цалкам змяшчаюцца ў целе, а Wn — сума аб’ёму кубаў, што маюць хаця б адзін пункт цела. Калі граніцы V=limVn і W=limWn пры бязмежным змяншэнні A да O супадаюць, то іх агульнае значэнне V вызначае аб’ём цела. Адзінка аб’ёму ў СІ м³.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВО́Е ПАСКАРЭ́ННЕ,

вектарная велічыня ε→, якая характарызуе хуткасць змены вуглавой скорасці. Пры вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомай восі модуль вуглавога паскарэння ε = lim Δt → 0 Δω Δt = dω dt = d2φ dt2 , дзе Δω — змена вуглавой скорасці ε→ за прамежак часу Δω, φ — вугал павароту. Пры гэтым вектар ε→ накіраваны ўздоўж восі вярчэння (у бок вектара вуглавой скорасці ω→ пры паскораным вярчэнні і супраць ω→ — пры запаволеным). Адзінка вуглавога паскарэння ў СІ — радыян на секунду ў квадраце (рад/с​2).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. inductio навядзенне), фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці эл. ланцуга. Адрозніваюць І. статычную Lст = Φ/I, дзе Φ — магнітны паток, счэплены з контурам, па якім працякае ток I, і дынамічную Lg = lim ΔI→0 ΔΦ / ΔI = dΦ / dI .

І. залежыць ад памераў і канфігурацыі праваднікоў эл. ланцуга, ад магн. пранікальнасці праваднікоў і навакольнага асяроддзя. Пры адсутнасці ферамагнетыкаў і дэфармацый элементаў ланцуга І. не залежыць ад сілы току. Адзінка І. ў СІ — генры (Гн). Гл. таксама Індуктыўнасці шпуля, Самаіндукцыя.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА,

намагнічвальная сіла, фізічная велічыня, што характарызуе здольнасць крыніц магн. поля (эл. токаў) ствараць магнітныя патокі. Уводзіцца для разлікаў магнітных ланцугоў па аналогіі з электрарухальнай сілай эл. ланцугоў.

М.с. роўная цыркуляцыі напружанасці магнітнага поля H→ па замкнёным контуры L, які ахоплівае эл. токі, што ствараюць гэтае поле: F = ∮ H→ ∙ dl→ = ∑ i=1 n Ii , дзе dl→ — элемент контуру L, накіраваны ў напрамку абходу, n — колькасць праваднікоў (віткоў) з токамі Ii, ахопленых контурам L. Адзінка М.с. ў СІ — ампер (або ампер-віток).

М.​А.​Караткевіч.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

вектарная велічыня, роўная напружанасці магнітнага поля, створанага макраскапічнымі (знешнімі ў адносінах да асяроддзя) і мікраскапічнымі (абумоўленымі часцінкамі асяроддзя) эл. токамі. Абазначаецца B→. З’яўляецца асн. сілавой характарыстыкай магн. поля і вызначае сілу, што дзейнічае ў дадзеным пункце поля на эл. ток (гл. Ампера сіла) і рухомы эл. зарад (гл. Лорэнца сіла). Звязана з намагнічанасцю J→ і напружанасцю знешняга магн. поля H→ формуламі: B→ = μ0H→ + μ0J→ і B→ = μ0μH→ , дзе μ0 — магнітная пастаянная, μ — магнітная пранікальнасць рэчыва. Адзінка М.і. у СІ — тэсла.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЯШЧЭ́ННЕ ў механіцы, вектар, які характарызуе змену стану матэрыяльнага пункта (часціцы) адносна выбранай сістэмы адліку за пэўны прамежак часу. Вызначаецца прырашчэннем (зменай) радыус-вектара r→ = r→ ( t ) часціцы за пэўны канечны прамежак часу Δt = t2 − t1 : Δr→ = r→2 − r→1 , дзе r1 і r2 — радыус-вектары рухомай часціцы ў момант часу t1 і t2 адпаведна. Элементарнае П. за малы прамежак часу dt вызначаецца формулай dr→1 = v→dt , v→ — скорасць часціцы. Адзінка модуля П. ў СІ — метр.

Элементарнае перамяшчэнне часціцы за малы прамежак часу.

т. 12, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)