Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦККВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ.спадчыны і нац. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1413,
заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял.кн.ВКЛВітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ.
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІТА́РНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у галіне гуманіт. (грамадскіх) навук. Структура гуманітарнай адукацыі вызначаецца традыцыямі адукацыі і выхавання, якія склаліся ў канкрэтных супольнасцях. У краінах Зах. Еўропы і ЗША да гуманіт. дысцыплін адносяць гісторыю, філасофію, рэлігіязнаўства, л-ру, выяўл. мастацтва, музыку, замежную і родную мовы, а таксама сац. навукі (псіхалогію, эканоміку, сацыялогію, антрапалогію, лінгвістыку, паліт. дысцыпліны). У Беларусі і ў інш. краінах СНД гуманітарная адукацыя трактуецца больш расшырана — як сац.-гуманітарная ці гуманітарная і сац.-эканамічная. Змест гуманітарнай адукацыі вызначаецца сукупнасцю навук, якія дазваляюць чалавеку пазнаць самога сябе, навакольнае асяроддзе, шляхі развіцця грамадства з улікам яго культ.-гіст.спадчыны. У сістэме адукацыі Беларусі сац.-гуманіт. падрыхтоўка ахоплівае гіст., эканам., сац.-паліт., правазнаўчыя, псіхолага-пед. дысцыпліны, родную і замежную мовы. У ліку асн. тэндэнцый рэфармавання адукацыі прадугледжваецца гуманізацыя (змест гуманітарнай адукацыі павінен грунтавацца на антрапакультуралагічным падыходзе) і гуманітарызацыя (сістэма мер, праз якія рэалізуюцца высакародныя мэты і прынцыпы гуманіст. каштоўнасцей у навуч. працэсе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),
горад на У Канады. Адм. ц.прав. Квебек. 646 тыс.ж. (1992, з прыгарадамі). Буйны порт каля вусця р.Св. Лаўрэнція, даступны для акіянскіх суднаў (вываз лесаматэрыялаў, паперы, збожжа, азбесту). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: лесапільная, папяровая, суднабуд., гарбарна-абутковая, тэкст., харчовая. 2 ун-ты. Музей прав. Квебек, Музей ун-та Лаваля. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 17—19 ст.: кляштар урсулінак, базіліка, жылыя дамы. Гіст. раён К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Панарама Квебека.
Засн. ў 1608 французам С.Шамплейнам на месцы індзейскай вёскі. Хутка К. стаў цэнтрам франц. культуры і гандлю, з 1663 — афіц. сталіца франц. калоніі Новая Францыя. У Сямігадовую вайну 1756—63 заваяваны англічанамі (1759), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 перададзены Англіі. З 1791 сталіца калоніі Ніжняя Канада, потым — прав. Квебек. У 1851—55 і 1859—67 часовая сталіца Канады. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Квебекскіх канферэнцый 1943, 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁЛЬНСКІ САБО́Р, сабор Санкт-Петэр-унд-Марыя,
помнік архітэктуры ням. готыкі 13—19 ст.; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Кёльн (Германія) на ўзор Ам’енскага сабора. Буд-ва пачалося ў 1248—1560 (майстры Герардус, з 1248; Арнальд, з 1271; М.Савойскі, каля 1350; Н. фон Бюрэн, з 1395; К.Кюйн, з 1445; I. фон Франкенбург, з 1469). Завершаны па старых чарцяжах у 1842—80 (у т. л.гал. фасад і вежы). 5-нефавая крыжападобная базіліка з 3-нефавым трансептам і 2 вежамі. Даўж. 144 м, шыр. і выш. 61 м, выш. вежаў 157 м. Высокі (каля 45 м) сярэдні неф, трыфорыі прарэзаны аконнымі праёмамі, сцены запаўняюць часта размешчаныя вял. стральчатыя вокны. На фасадзе традыц. гатычнае акно-ружа заменена на стральчатае. Выразная скіраванасць угару падкрэсліваецца багатым і складаным дэкорам, які ўпрыгожвае ўсе дэталі канструкцыі. У інтэр’еры вітражы (каля 1320), скульптура 10—15 ст. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛХА́СА,
горад на ПдЗ Кітая, у даліне р. Джычу (бас.р. Брахмапутра), на Тыбецкім нагор’і, на выш. 3650 м. Адм., паліт., эканам. і культ. цэнтр Тыбецкага аўт. раёна. Вузел шашэйных дарог, аэрапорт. Засн. ў 7 ст. тыбецкім царом Сранцзангамба. 107 тыс.ж. (1992). Гал.рэліг. цэнтр ламаізму ў Азіі. Прам-сць: шарсцяная і харч., металаапр., лесапільная, дрэваапр., гарбарная; дробныя маш.-буд., цэментныя, шкляныя, хім. прадпрыемствы, з-ды па вытв-сці сывараткі і вакцын, фармацэўтычны з-д, аўтарамонтныя майстэрні, друкарня, ЦЭЦ, ГЭС. Развіты рамёствы (вытв-сць дываноў, вырабаў будыйскага культу). Геафіз. абсерваторыя, метэаралагічная і доследная с.-г. станцыі. Арх. помнікі 7—17 ст. У горадзе шмат манастыроў і палацаў, упрыгожаных разьбою, шматкаляровымі размалёўкамі, драўлянай, мураванай і залатой скульптурай. У Л., на высокай гары — палац-манастыр Патала (7 ст., дабудаваны ў 16—17 ст., колішняя рэзідэнцыя далай-ламы) з Чырвоным Палацам, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́КЕШ,
горад у Марока, у перадгор’ях Высокага Атласа. Адм. ц. правінцыі Маракеш. Каля 1,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр паўд.ч. краіны. Прам-сць: харч., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., цэментная. Саматужная вытв-сць (дываны, саф’ян). Зімовы курорт. Цэнтр турызму. Ун-т. Музеі мараканскага мастацтва, гем і керамікі. Арх. помнікі 11—12 ст. Помнікі медыны (купальны павільён Куба эль-Баадыйн, мячэць Кутубія, вароты Баб-Агвенау) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; шматлікія ансамблі 14—16 ст., палацы.
Засн. ў 1070 (паводле інш. звестак, у 1060 ці 1062) Альмаравідамі. У канцы 12 ст. буйны гандл. цэнтр з насельніцтвам каля 100 тыс.чал. Пры Альмаравідах, Альмахадах і Саадзідах (1554—1659) М. — сталіца Зах. Магрыба; у час феад. міжусобіц — рэзідэнцыя правіцеляў Паўд. Марока. У 1515 партугальцы беспаспяхова спрабавалі захапіць М. У час франц. пратэктарату над Марока (1912—56) паліт. і эканам. значэнне горада зменшылася. Пасля абвяшчэння незалежнасці Марока (1956) адм. цэнтр аднайм. правінцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ (Даніла Канстанцінавіч) (30.9.1914, г. Пінск — 7.7.1996),
бел. дзеяч культуры, вучоны-хімік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Сын Я.Коласа. Скончыў хім.ф-тБДУ (1936), вучыўся ў аспірантуры БДУ і працаваў там выкладчыкам. У Вял.Айч. вайну працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це і хім. групе АНБССР (Ташкент). У 1943 дэкан хімфака БДУ (на ст. Сходня пад Масквой). З 1944 у Ін-це хіміі АНБССР (ст.навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, заг. лабараторыі). Пасля смерці Я.Коласа (1956) збіральнік яго спадчыны, арганізатар Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, дзе ў 1957—80 працаваў дырэктарам, з 1980 да канца жыцця ст.навук. супрацоўнікам. Пад яго кіраўніцтвам музей стаў важным асяродкам коласазнаўства. Распрацаваў канцэпцыю мемарыялізацыі памятных мясцін Я.Коласа на Стаўбцоўшчыне (гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял). Прапагандаваў спадчыну Я.Коласа, выступаў у друку, на радыё і тэлебачанні, у школах. Аўтар успамінаў, артыкулаў па коласазнаўстве і праблемах культуры.
Тв.:
Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа. Мн., 2000.