«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2 ½»,

пашыраная назва Міжнар. рабочага аб’яднання сацыяліст. партый (ці Венскага інтэрнацыянала), якое існавала ў 1921—23. Створаны на міжнар. канферэнцыі ў Вене (22—27.2.1921). Аб’ядноўваў партыі і групы т.зв. «цэнтрысцкага» кірунку, якія парвалі з «правым» «апартуністычным» Бернскім інтэрнацыяналам і не далучыліся да «левага» Камуністычнага Інтэрнацыянала. У ім былі прадстаўлены партыі і групы з многіх краін Еўропы і ЗША, а таксама рас. меншавікі і эсэры. Не маючы трывалай ідэйнай асновы, паступова перайшоў на пазіцыі Бернскага інтэрнацыянала, з якім у маі 1923 зліўся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВЕЛЕ́ (Laveleye) Эміль Луі Віктор дэ (5.4.1822—2.1.1892),

бельгійскі эканаміст і сацыёлаг. Вучыўся ў Лёвенскім і Генцкім ун-тах. З 1864 праф. палітэканоміі ў Льежскім ун-це. Падзяляў погляды аўстрыйскай школы і лічыў, што вартасць тавараў вызначаецца каштоўнасцю і рэдкасцю, а цана — попытам і прапанаваннем; цэнтр. месца адводзіў паліт. ладу, выступаў за ўмяшанне дзяржавы ў паліт. жыццё, але супраць сацыяліст. ідэі ўсебаковага рэгулявання гаспадаркі. Ідэалам грамадскага жыцця лічыў саюз «свабодных» «самакіравальных абшчын», дэцэнтралізацыю. У сваёй асн. працы «Уласнасць і яе першабытныя формы» (1874) даў гіст.-этналагічны аналіз прыватнай уласнасці.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДЫК АНЬ (Le Duc Anh; н. 1.12.1920, Хуа Цьен-Хюэ, В’етнам),

в’етнамскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. арміі. Скончыў Акадэмію Ген. штаба Узбр. сіл СССР у Маскве. Удзельнік партыз. руху супраць японцаў у 2-ю сусв. вайну і вайны Супраціўлення супраць французаў (1946—54). У час В’етн. вайны 1964—73 камандаваў сіламі Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама. З 1976 на камандных і штабных пасадах у В’етн. нар. арміі, у 1980—86 нам. міністра, у 1987—92 міністр нац. абароны Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам (СРВ). У 1992—97 прэзідэнт СРВ.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮШФІ́К, Мушфік (сапр. Ісмаілзадэ Мікаіл Кадыр аглы; 5.6.1908, Баку — 12.3.1939),

азербайджанскі паэт; адзін з пачынальнікаў азерб. сав. паэзіі. Скончыў пед. ін-т (Баку, 1931). У 1939 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1926. У зб-ках паэзіі «Вятры» (1930), «Галасы дня», «Сярод буравых» (абодва 1932), «Вершы», «Шэнгюль, Шунгюль і Менгюль» (абодва 1934), «Скала» (1935) і інш. рамантыка рэвалюцыі, героіка барацьбы за сацыяліст. абнаўленне жыцця. Лірыка М. эмацыянальна вобразная, музычная. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў М.​Чарняўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Разбитый саз: Стихи и поэма. Баку, 1968.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАНДРЭ́У (Papandreu) Андрэас (5.2.1919, в-аў Хіяс, Грэцыя — 23.6.1996),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Сын Г.Папандрэу, унук З.Мінейкі. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (г. Кеймбрыдж, ЗША). З пач. 1940-х г. у эміграцыі, да 1964 быў грамадзянінам ЗША. З 1961 у Грэцыі, пасля ваен. перавароту 1967 зноў у эміграцыі, дзе стварыў Усягрэчаскі вызв. рух. Пасля падзення ваен. дыктатуры (1974) вярнуўся ў Грэцыю. Заснавальнік (1974) і старшыня (з 1984) партыі Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК). Прэм’ер-міністр Грэцыі ў 1981—89 і 1993 — студз. 1996. Працы ў галіне эканомікі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУХ 26 ЛІ́ПЕНЯ»,

рэвалюцыйная арг-цыя на Кубе ў 1953—61. Сфарміраваўся ў ходзе барацьбы супраць дыктатуры прэзідэнта Ф.​Батысты-і-Сальдывара, якая пачалася 26.6.1953 (адсюль назва) нападам групы рэвалюцыянераў на чале з Ф.Кастра Рус на вайск. казармы Манкада ў г. Сант’яга-дэ-Куба (гл. Кубінская рэвалюцыя 1959), быў вядучай сілай нац.-дэмакр. антыімперыяліст. фронту, які склаўся вакол Паўстанцкай арміі ў 1957—58. У 1961 самараспусціўся і ўвайшоў у склад Аб’яднаных рэв. арг-цый (з 1963 Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі Кубы, з 1965 — Камуністычная партыя Кубы).

т. 13, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛКО́Ў Ігнат Георгіевіч (13.2.1898, в. Глазамічы Віцебскага р-на — 16.2.1969),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1963), праф. (1964). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1924). У 1924—30 у Наркамземе Беларусі. З 1945 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі. З 1948 заг. аддзела зернебабовых культур БелНДІ земляробства. Навук. працы па пытаннях апрацоўкі глебы, агратэхнікі, фізіялогіі і біяхіміі раслін, селекцыі і насенняводства зернебабовых культур.

Тв.:

Многолетний люпин. Мн., 1962 (разам з М Дз.​Нагорскай, І.​П.​Астравым);

Окультуривание легких почв Белоруссии. Мн., 1967.

т. 15, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРОНТ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (ФНВ); алжырская паліт. партыя, якая ў 1954—62 узначальвала узбр. барацьбу алжырцаў супраць франц. калан. панавання. Створаны 1.11.1954. У 1962—92 — кіруючая партыя ў Алжыры. У 1962—65 пад кіраўніцтвам А.Бен Белы праводзіў курс на сацыяліст. пераўтварэнні. З прыходам у 1965 да кіраўніцтва ФНВ Х.Бумедзьена перайшоў на больш памяркоўныя пазіцыі. Нар. хваляванні ў 1987 прымусілі кіраўніцтва ФНВ на чале з Ш.Бенджэдзідам пачаць дэмакратызацыю паліт. рэжыму. У студз. 1992 пасля перамогі ісламістаў на парламенцкіх выбарах кіраўніцтва ФНВ перадало ўладу ваенным. Цяпер апазіцыйная партыя Алжыра.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЧАТУ́РАЎ Тыгран Сяргеевіч (6.10.1906, Масква — 1989),

расійскі эканаміст. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1943), Ганаровы чл. Венгерскай АН (1970). У 1945—49 дырэктар Усесаюзнага НДІ чыг. транспарту, у 1954—59 — Ін-та комплексных трансп. праблем АН СССР. З 1966 гал. рэдактар час. «Вопросы экономики». Навук. працы па тэорыі сацыяліст. ўзнаўлення, эканам. эфектыўнасці капітальных укладанняў, эканоміцы капітальнага буд-ва, транспарту, размяшчэння прадукц. сіл.

Тв.: Экономика транспорта. М., 1959; Экономическая эффективность капитальных вложений. М., 1964; Советская экономика на современном этапе. М., 1975.

Літ.:

Т.​С.​Хачатуров. 2 изд. М., 1977.

т. 16, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.​М.​Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.​М.​Карклін, С.​Б.​Карп, П.​М.​Рачыцкі, А.​В.​Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.​І.​Ягораў); выбары ЦВК БССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВК СССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыі сял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВК БССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.​Р.​Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Галадзед.

Літ.:

Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;

Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў і I сесіі ЦВК БССР IX склікання. Мн., 1929.

М.​П.​Касцюк.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)