САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,

адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАКХА́ЛЕ (Гапал Крышна) (9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),

дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл. заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр. заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ САКРАТА́Р ААН,

галоўная адм. асоба ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узначальвае Сакратарыят ААН. Назначаецца Ген. Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі на 5 гадоў (можа быць назначаны паўторна). Удзельнічае ў пасяджэннях гал. органаў ААН (апрача Міжнар. суда), прадстаўляе Ген. Асамблеі штогоднія справаздачы аб рабоце ААН, даводзіць да ведама Савета Бяспекі любыя пытанні, звязаныя з пагрозай міжнар. міру і бяспецы, выступае пасрэднікам у вырашэнні міжнар. спрэчак і інш.

Генеральны сакратар ААН: Т.Х.Лі (Нарвегія, 1946—53), Д.Я.Хамаршэльд (Швецыя, 1953—61), У Тан (М’янма, 1961—71), Х.Вальдгайм (Аўстрыя, 1972—81), Х.Перэс дэ Куэльяр (Перу, 1982—91), Б.Бутрас-Галі (Егіпет, з 1992—96), К.​Анан (Гана, з 1997).

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 16.8.1925, в. Дубравіца Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Засл. будаўнік Беларусі (1964). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1954). З 1948 на Мінскім маторарамонтным з-дзе, з 1954 майстар, прараб, нач. буд. ўпраўлення, кіраўнік будтрэста ў Мінску і Салігорску. З 1966 нам. міністра буд-ва БССР. У 1967—77 старшыня Мінскага гарвыканкома, у 1977—78 1-ы нам. старшыні Дзяржплана БССР, з 1978 нам., з 1983 1-ы нам., у 1986—90 Старшыня Савета Міністраў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1971—90, ЦК КПСС у 1986—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1970—90, СССР у 1984—91.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДКА (Лукаш Сямёнавіч) (31.10.1887, в. Лесуны Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 16.5.1966),

дзеяч бел. нац. руху пач. 20 ст. Ген.-маёр інтэнданцкай службы (1940). Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1904—07). У 1907 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны, у 1909 апраўданы. З 1910 у арміі. З 1917 эсэр, чл. Савета салдацкіх дэпутатаў 12-й арміі, выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў, Цэнтр. бел. вайсковай рады, Бел. абл. к-та, дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1921—22 ад’ютант М.​Фрунзе ў Турцыі, у 1941—51 нач. кватэрна-эксплуатац. ўпраўлення Узбр. СІД СССР.

В.​У.​Скалабая.

Л.С.Калядка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРА́Н (Роберт Седракавіч) (н. 31.8.1954, г. Ханкэнды, Нагорны Карабах),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі. Скончыў Ерэванскі політэхн. ін-т (1982). У 1980—88 на камсамольскай і парт. рабоце ў Нагорным Карабаху. З лют. 1988 адзін з удзельнікаў руху за незалежнасць Нагорнага Карабаха, адзін са стваральнікаў (1989) і кіраўнік грамадска-паліт. арг-цыі «Міяцум» («Уз’яднанне»). З 1989 дэп. Вярх. Савета Арменіі, адначасова (з 1997) дэп. Вярх. Савета Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). У 1992—94 прэм’ер-міністр НКР, выконваючы абавязкі старшыні Дзярж. к-та абароны НКР. Са снеж. 1994 прэзідэнт НКР. З сак. 1997 прэм’ер-міністр Арменіі. З сак. 1998 прэзідэнт Арменіі.

Р.С.Качаран.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЕЎ (Уладзімір Георгіевіч) (3.6.1899, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.3.1963),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў спец. курсы пры ЦК ВКП(б) (1950). З 1925 на прафс. рабоце. З 1933 на парт. рабоце ў Чырвонаслабодскім, Глускім і Парыцкім р-нах. З 1940 2-і сакратар Мінскага, 1-ы сакратар Палескага, Беластоцкага абкомаў КП(б)Б. З 1943 1-ы сакратар Беластоцкага, Віцебскага абкомаў КП(б)Б. З 1950 1-ы нам., з 1952 нам. старшыні СМ БССР. У 1956—58 міністр хлебапрадуктаў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, Вярх. Савета СССР у 1946—54.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ГІН (Міхаіл Васілевіч) (1900, с. Марчугі Васкрасенскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.7.1956),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. У 1918—20 у Чырв. Арміі. З 1937 старшыня Слуцкага акр. выканкома, старшыня Аргкамітэта ЦВК БССР па Мінскай вобл., нам. старшыні СНК БССР, адначасова са студз. 1939 2-і сакратар ЦК КП(б)Б. У 1941—49 1-ы сакратар Новасібірскага абкома ВКП(б). Потым у Савеце па справах калгасаў пры СМ СССР і Мін-ве сельскай гаспадаркі СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—41, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1939—41. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХА́НАЎ (Павел Аляксандравіч) (17.1.1798—28.12.1871),

расійскі дзярж. і вайсковы дзеяч, гісторык. Правадз. тайны саветнік, чл. Дзярж. савета (1861). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це і Школе калонаважатых. З 1815 служыў у Генштабе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29, задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. У 1834 пакінуў вайсковую службу, заняўся публікацыяй рукапісаў, якія набыў у Польшчы. З 1842 віцэ-прэзідэнт Савета нар. адукацыі ў Польскім каралеўстве, з 1844 папячыцель Варшаўскай навуч. акругі, з 1856 гал. дырэктар урадавай камісіі ўнутр. і духоўных спраў. З 1869 старшыня Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу. Апублікаваў шмат дакументаў па гісторыі Польшчы і рас.-польскіх адносінах.

Д.​У.​Караў.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ХЫЎ ТХО (Nguyễn Hu’u Tho; 10.7.1910, г. Шалон, В’етнам — 24.12.1996),

в’етнамскі дзярж. і паліт. дзеяч. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю ў Францыі. З пач. 1950-х г. адзін з арганізатараў антыфранц. і антыамер. руху на Пд В’етнама, змагаўся за аб’яднанне краіны. Двойчы арыштаваны і зняволены паўд.-в’етн. ўладамі (1950—52, 1954—61). У 1962—64 старшыня ЦК, у 1964—76 — прэзідыума ЦК Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама. У 1969—76 кіраўнік Часовага рэв. ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам. У 1976—80 віцэ-прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам (СРВ). Нам. старшыні Дзярж. савета СРВ (1981—84, 1986—92), адначасова старшыня Пастаяннага савета Нац. сходу СРВ.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)