відо́чны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Тое, што і відавочны. Можа, і Сухаварава не ўпадабаў ён за тое, што яна аддавала відочную перавагу яму... Колас. Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну. Быкаў.

2. Які добра відаць, знаходзіцца на відным месцы. Трошкі на водшыбе, на відочным узгорку, стаяла мураваная двухпавярховая будыніна. Сабаленка. І маленькая беларуская вёсачка, адкуль мы як бы пачыналі слухаць голас паэта, робіцца відочнай і блізкай людзям далёкіх земляў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папуля́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, зразумелы, даступны (па зместу, мове, форме і пад.). Папулярная літаратура. Папулярная музыка.

2. Які карыстаецца сімпатыямі грамадскасці, шырока вядомы. Яго [Каліноўскага] імя было вельмі папулярным сярод мае. Ларчанка. Па той зацікаўленасці, якую праяўлялі палітвязні да Мікодыма Вайцяхоўскага, Максім здагадаўся, што яго новы сусед сярод палітвязняў з’яўляецца папулярнай асобай. Машара. // Распаўсюджаны, шырока вядомы. Папулярная песня. □ Верш [М. Танка] «Спатканне» — адзін з лепшых і найбольш папулярных у свой час узораў грамадзянскай лірыкі паэта давераснёўскай пары. Бугаёў.

[Ад лац. popularis — народны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Па якіх‑н. прыкметах, дадзеных зразумець сэнс чаго‑н. няяснага, незразумелага для каго‑н., уясніць значэнне, характар каго‑, чаго‑н. Разгадаць намеры. Разгадаць сон. □ Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад? Колас. Янка Купала быў першым, хто чуццём геніяльнага мастака разгадаў у Багдановічу выдатнага паэта. Майхровіч.

2. Знайсці правільны адказ на што‑н. загаданае; адгадаць. Разгадаць загадку. Разгадаць рэбус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэмпера́мент, ‑у, М ‑нце, м.

1. Характарыстыка індывіда з боку дынамічных асаблівасцей яго псіхічнай дзейнасці (тэмпу, рытму, інтэнсіўнасці псіхічных працэсаў), якія ўтвараюць пэўны псіхалагічны тып. Флегматычны тэмперамент. Халерычны тэмперамент. // з азначэннем. Тое, што вылучае людзей пэўнага занятку, прызвання. Акцёрскі тэмперамент. Паэтычны тэмперамент. □ Асабліва пачаў нарастаць публіцыстычны тэмперамент паэта [М. Багдановіча] ў 1914–1915 гадах. Лойка.

2. Жыццёвая энергія, здольнасць да ўнутранага ўздыму, страснасць. Палымяны тэмперамент [Ржэцкай] захапляў нас [студэнтаў]. «Работніца і сялянка».

•••

З тэмпераментам — жыва, хутка, азартна (рабіць што‑н.).

[Ад лац. temperamentum — належныя суадносіны частак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узмужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Дасягнуць поўнага фізічнага развіцця; стаць дарослым, сталым. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Дзеці выраслі і ўзмужнелі. Дзяргай. / Пра расліны. Падраслі маладыя дрэвы, узмужнелі намнога старыя. Дубоўка.

2. перан. Дасягнуць высокай ступені ў сваім развіцці. Тэатр настолькі вырас і ўзмужнеў, што летам 1931 года змог ужо выехаць на гастролі ў Маскву і Ленінград. Сяргейчык. У «Іранскім дзённіку», на матэрыяле вялікай, грамадска значнай тэмы, яшчэ больш узмужнела майстэрства паэта. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРБАЦЭ́ВІЧ (Васіль Савіч) (19.4.1893, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985),

бел. драматург. Засл. настаўнік Беларусі (1947). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі (1918) і вышэйшы пед. (1933) ін-ты. Працаваў настаўнікам на Сенненшчыне (1913—15), у Дукорскай школе (1918—24, 1933—57), выкладаў бел. мову ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924—29). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняк». Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Вяселле» (нап. на аснове бел. вясельнага абраду, паст. БДТ 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апубл. 1923) пра подзвіг дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх акупантаў, «Пад вішнёвымі садкамі» (1927) і «Песні нашых дзён» (1930, прысвечана калектывізацыі) і інш. Напісаў успаміны пра сустрэчы з М.​Багдановічам у Яраслаўлі.

Тв.:

Чырвоныя кветкі Беларусі: П’есы. Мн., 1983;

у кн.: Шлях паэта. Мн., 1975.

Літ.:

Казека Я. Прызванне // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.

І.​Д.​Казека.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТА́ЦЫ (Ніна Барысаўна) (н. 14.5.1908, г. Цэсіс, Латвія),

бел. бібліёграф, літаратуразнавец. Засл. дз. культуры Беларусі (1963). Скончыла БДУ (1930). У 1930—92 працавала ў Нац. б-цы Беларусі (з 1945 — гал. бібліёграф аддзела бел. л-ры і бібліяграфіі). Складальнік фундаментальных бібліягр. паказальнікаў асобных выданняў бел. маст. л-ры, літ.-знаўства і крытыкі. Унікальны па шырыні зафіксаваных звестак даведнік «Беларуская савецкая драматургія, 1917—1965» (1967). Склала бібліягр. даведнікі па творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, К.​Крапівы, П.​Труса, І.​Шамякіна, П.​Панчанкі і інш. бел. пісьменнікаў. Даследуе жыццё і творчасць М.​Багдановіча: склала літ. альбом пра яго жыццё і творчасць (1968, разам з А.​Лойкам), зборнік успамінаў і біягр. матэрыялаў «Шлях паэта» (1975), бібліягр. паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай л-ры «Максім Багдановіч» (1977).

Тв.:

Песня Максіма. Мн., 1981;

Шляхі. Мн., 1986.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭН ((Benn) Готфрыд) (2.5.1886, г. Мансфельд, Германія — 7.7.1956),

нямецкі паэт і пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст. Уменне спалучаць прыгожае з агідным, дэманстраваць найб. цяжкія і страшныя бакі жыцця, праўдзіва гаварыць пра чалавечыя пакуты выявілася ўжо ў першых зб-ках «Морг» (1912), «Плоць» (1917), «Шчэбень» (1919). У гады нацысцкага рэжыму Бэн у т.зв. унутр. эміграцыі. Яго творы забаронены да друку. У зб-ках «Статычныя вершы» (1948), «П’яны прыліў» (1949), «Дыстыляцыі» (1953) і інш. пераважалі філас. матывы, разважанні над шляхамі цывілізацыі (у свеце крывавых падзей 20 ст. погляд паэта часта песімістычны), над вечнай адзінотай чалавека, душу якога можа выратаваць толькі мастацтва. Позняй лірыцы Бэна ўласцівыя класічная яснасць і філігранная апрацоўка формы. Аўтар аповесці «Пталамеец» (1949), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Сумерки человечества. М., 1990;

Избр. стихотворения. М., 1994.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКХІЛІ́Д, Бакхілід (Bakchylidës),

старажытнагрэчаскі паэт 5 ст. да н.э. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў харавой мелікі (лірыкі). Родам з в-ва Кеас, таму атрымаў імя В.​Кеоскі. Пляменнік і вучань вядомага харавога паэта Сіманіда Кеоскага. Пісаў эпінікіі — гімны ў гонар пераможцаў агульнагрэч. гімнастычных спаборніцтваў (Алімпійскіх, Піфійскіх, Немейскіх, Істмійскіх гульняў). Яго стыль адрозніваецца ад складанага, цьмяна-метафарычнага, асацыятыўнага стылю Піндара выразнасцю, лёгкасцю, празрыстасцю, павольнасцю ў разгортванні тэмы. Дзякуючы вял. эпічным фрагментам міфаў, уключаным у лірычны тэкст, дыфірамбы Вакхіліда нагадваюць балады. Адзін з іх («Тэсей»), пабудаваны ў форме вершаванага дыялогу, дае яскравае ўяўленне пра вытокі грэч. Трагедыі. У 1896 знойдзены фрагменты 14 эпінікіяў і 6 дыфірамбаў Вакхіліда.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Пиндар. Вакхилид. Оды. Фрагменты. М., 1980.

Літ.:

Тронский И.М. Хоровая лирика // Тронский М.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮАМЕ́ЛЬ ((Duhamel) Жорж) (30.6.1884, Парыж — 13.4.1966),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1935), яе старшыня (з 1960). Скончыў мед. ф-т Сарбоны (1908). Адзін з заснавальнікаў творчага аб’яднання «Абацтва» (1906), што дало пачатак унанімізму (літ. плынь франц. л-ры, прыхільнікі якой прапагандавалі ідэю калектыўнай аднадушнасці, злітнасці чалавека, у т. л. паэта, з масамі). Аўтар серыі раманаў «Жыццё і прыгоды Салавэна» (т. 1—5, 1920—32), «Хроніка сям’і Паск’е» (т. 1—10, 1933—44), зб-каў апавяданняў («Жыццё пакутнікаў», 1917, «Цывілізацыя», 1918, «Прыпавесці майго саду», 1936) і вершаў («Сябры», 1912. і інш.). Пісаў таксама п’есы, літ.-крытычныя даследаванні, мемуары. У творах аддаваў перавагу маральна-інтэлектуальным праблемам: асобы і цывілізацыі, небяспекі навук.-тэхн. прагрэсу і звязанай з ім дэгуманізацыі людзей.

Тв.:

Рус. пер. — Гаврский нотариус;

Наставники;

Битва с тенями. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)