персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТЫ (Getae),
паўночна-ўсходнія фракійскія плямёны, якія ў 5 ст. да н.э. засялялі тэр. паміж Балканамі і Дунаем. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. У 60-х г. да н.э. аб’ядналіся з дакамі і стварылі магутны ваенна-племянны саюз. У 20-я г. да н.э. заваяваны Рымам, вялі вызваленчую барацьбу. У 106 канчаткова пераможаны, іх тэрыторыя ўвайшла ў склад рымскай правінцыі Дакія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКТЫ́Н (Iktinos),
старажытнагрэчаскі архітэктар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Буйнейшы архітэктар перыяду класікі. Яго работам уласцівы выкарыстанне сістэмы арх. ордэраў, пластычнасць, сінтэз форм дарычнага ордэра і іанічнага ордэра Пабудаваў Парфенон (447—438 да н.э., з Калікратам) і адэон Перыкла ў Афінах, храм Апалона ў Басах (каля 430 да н.э.), у якіх упершыню выкарыстаў карынфскую капітэль (гл.Карынфскі ордэр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́НСУЛ (лац. proconsul),
дзяржаўная пасада ў Стараж. Рыме (з 327 да н.э.). Першапачаткова выконваў ваен. даручэнні па-за Рымам. Пасля ўтварэння правінцый ажыццяўляў вышэйшую юрыд., адм. і ваен. ўладу ў правінцыях (з 27 да н.э. П. кіравалі ў асноўным сенацкімі правінцыямі). Прызначаўся сенатам з б.консулаў, а з канца 3 ст. да н.э. — прэтараў. Паўнамоцтвы П. даваліся звычайна на год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́НІЯ (Iónia),
каланізаваная іанійцамі ў 11—9 ст. да н.э. вобласць у цэнтр.ч.зах. ўзбярэжжа М. Азіі (з прылеглымі астравамі) паміж гарадамі Факея і Мілет. Зручныя гавані садзейнічалі развіццю гандлю і рамяства ў гарадах І., якія знаходзіліся на перакрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам. Высокая культура гарадоў І. паўплывала на культ. развіццё ўсёй Грэцыі. У 6 ст. да н.э.тэр. І. заваявана Лідыяй, пасля 546 — персамі, у 4 ст. да н.э. пад уладай Македоніі, з 2 ст. да н.э. — Рыма. Радзіма філосафаў Фалеса, Анаксімандра, Анаксімена, паэтаў Гамера, Анакрэонта, гісторыкаў Герадота, Дыянісія Галікарнаскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),
старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛІЯ,
рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.
А.В.Лоў.
Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕ́КІЙ (грэч. Myrmēkion),
старажытны горад Баспорскай дзяржавы. Руіны М. знаходзяцца каля мыса Каранціннага, за 4 км ад г. Керч у Крыме (Украіна). Выяўлены ў 1820-я г.Археал. раскопкі праводзяцца з 1934. М. засн. каля сярэдзіны 6 ст. да н.э., з 3 ст. да н.э. з’яўляўся буйным цэнтрам вінаробства, рыбалоўства і рамёстваў (керамічнага, ткацкага і інш.) Баспора. У пач. 4 ст. да н.э. быў абнесены абарончымі сценамі. У горадзе існавала квартальная забудова. Асабліва вылучаўся культавы раён. Вакол М. існаваў вялізны некропаль. М. спыніў сваё існаванне ў 2-й пал. 3 ст.н.э. На руінах ант. М. ў 8—9 ст. і 14 ст. існавалі пасяленні. Пры раскопках выяўлены вял. рыбазасолачныя цыстэрны 2—3 ст.н.э., мясц. і імпартная кераміка, тэракоты, манеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) з Аргаса, старажытнагрэчаскі скульптар і тэарэтык мастацтва 2-й пал. 5 ст. да н.э. Адзін з вядучых прадстаўнікоў высокай класікі. Працаваў у Аргасе. Творчасць вызначаецца імкненнем да маст. нарматыўнасці, што выявілася ў яго сачыненні «Канон» (захаваліся 2 фрагменты). Пад уплывам Піфагора спрабаваў матэматычна абгрунтаваць і ўвасобіць ідэальныя прапарцыянальныя суадносіны фігуры чалавека, стварыць узвышаны гарманічны вобраз грамадзяніна поліса. Статуі, якія вызначаліся цяжкавагавасцю прапорцый, унутр. дынамікай, абагульненасцю і класічнай яснасцю пластыкі, свабоднай ураўнаважанай кампазіцыйнай пабудовай, не захаваліся і вядомы паводле рым. копій і сведчанняў ант. аўтараў: «Дарыфор» («Кап’яносец», каля 440 да н.э.), «Параненая амазонка» (каля 440—430 да н.э.), «Дыядумен» (каля 420—410 да н.э.), хрысаэлефанцінная статуя Геры ў свяцілішчы Гераён у Аргасе і інш.
Паліклет. Параненая амазонка. Рымская мармуровая копія. Каля 440—430 г. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПАНЕ́СКІ САЮ́З,
аб’яднанне стараж.-грэчаскіх полісаў Пелапанеса на чале са Спартай у 2-й пал. 6 — сярэдзіне 4 ст. да н.э. У саюз увайшлі: Карынф (582 да н.э.), Эліда (570), Аркадыя, Сікіён (550), Аргаліда (520), Мегара (510). Склаўся як гарантыя гегемоніі Спарты ў Грэцыі, з’яўляўся сістэмай двухбаковых пагадненняў, якія звязвалі Спарту паасобку з кожным саюзнікам. Саюзнікі павінны былі ўдзельнічаць у ваен. паходах спартанцаў (кожны чл. саюза павінен быў выстаўляць 2/3 сваёй ваен. сілы) і пастаўляць караблі. У пытаннях знешняй палітыкі саюз дзейнічаў у інтарэсах арыстакратаў і алігархаў. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. П.с. — агульнагрэч. арг-цыя. Распаўся пасля паражэння Спарты ў вайне з Фівамі (362 да н.э.). Спроба аднавіць яго ў 330-я г. да н.э. не ўдалася.