ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,

грамадскія арг-цыі асветнага, навук., дабрачыннага, місіянерскага характару. Узніклі ў Расіі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Мелі на мэце пашырэнне пісьменнасці і асветы, удзел у распрацоўцы актуальных праблем тэорыі і практыкі, навучання і выхавання, садзейнічанне розным відам пазашкольнай, жаночай і прафесійнай адукацыі. На Беларусі П.т. ўзніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску (1897), Мінску (1901), Магілёве (1901), Брэсце і Гродне (1907). Магілёўскае П.т. мела філіялы ў Быхаве, Гомелі, Горках, Калінкавічах, Мсціславе, Оршы, Рагачове, Чавусах і Чэрыкаве (1909—10). Т-вы займаліся распаўсюджваннем метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, перадавых пед. ідэй, абменам вопытам выкладчыцкай працы, папулярызацыяй падручнікаў і дапаможнікаў, павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. У пач. 20 ст. некат. т-вы выдавалі часопісы: «Педагогическое дело», «Белорусский учитель» і «Белорусский учительский вестник». У 1972 створана рэсп. П.т. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі новыя т-вы, якія займаюцца пытаннямі беларускамоўнага навучання і выхавання, рознымі аспектамі пед. дзейнасці: Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны (з 1989), Гарадскі бацькоўскі к-т беларускамоўных школ і класаў Мінска (з 1988), Бел. асацыяцыя дырэктараў школ (з 1989), Асацыяцыя бел. настаўнікаў (з 1991), Т-ва бел. школы (з 1996) і інш.

А.​Ю.​Лозка, М.​Р.​Марчанка.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў Віцебску ў 1834—39; першая на Беларусі спец. навуч. ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў для прыходскіх вучылішчаў, падрыхтоўчых класаў гімназій і пав. вучылішчаў. Засн. па ініцыятыве папячыцеля Бел. навуч акругі Р.​І.​Карташэўскага. Кіраваў гімназіяй дырэктар (упраўляючы) ланкастэрскіх вучылішчаў Бел. навуч. акругі Аглоблін. Навучаліся юнакі з сем’яў дваран, мяшчан, обер-афіцэраў, правасл. царкоўнаслужыцеляў. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся рус. мова, арыфметыка, гісторыя Расіі і ВКЛ, методыка ўзаемнага навучання ў пач. школе паводле Бел-Ланкастэрскай сістэмы. Некаторыя навучэнцы займаліся таксама музыкай і спевамі. У вольны час семінарысты абавязаны былі наведваць урокі рус. мовы і геаграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. Былі падрыхтаваны 62 настаўнікі. Закрыта з-за адсутнасці сродкаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,

спецыяльная мед. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец. класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.

Н.​Я.​Новік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ДУХО́ЎНАЯ АКАДЭ́МІЯ імя свяціцеля Кірылы, епіскапа Тураўскага,

вышэйшая навуч. ўстанова Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата. Засн. ў 1996 у в. Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.). Паводле Статута навучанне мае 2 ступені: 1-я — 3 гады навучання (кандыдат багаслоўя), 2-я — аспірантура (2 гады навучання), дае права на абарону магістэрскай дысертацыі. На 2-ю ступень акад. адукацыі дапускаюцца кандыдаты багаслоўя паводле рашэння Савета акадэміі. У 1999/2000 навуч. г. кафедры: Святога пісання, Старога і Новага запавету, дагматычнага і асн. багаслоўя, царк. гісторыі, стараж. і новых моў. Вывучаюцца акрамя багаслоўскіх такія дысцыпліны, як гісторыя Беларусі, праваслаўе і бел. культура, філасофія, педагогіка, царк.-слав., лац., стараж.-грэч., англ., ням. мовы і інш.

А.​С.​Балоннікаў.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНО́ЧЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ І ГІМНА́ЗІІ,

пачатковыя і сярэднія навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Адны з іх падпарадкоўваліся Ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі (Марыінскія), другія — Мін-ву нар. асветы; епархіяльныя вучылішчы былі пад наглядам Сінода. Марыінскія вучылішчы былі 2 тыпаў: сярэднія (з 7-гадовым тэрмінам навучання, засн. ў 1858, у 1862 перайменаваны ў гімназіі) і з 4-гадовым тэрмінам навучання (з 1880-х г.). З канца 1880-х г. у Беларусі існавалі Мінскі і Віцебскі дзіцячыя прытулкі, Лепельскае 4-класнае вучылішча. У 1911 гімназіі былі ў Гродне, Віцебску, Мінску. Вучылішчы Мінва нар. асветы засн. ў 1858, падзяляліся на вучылішчы з 6-гадовым курсам навучання (1-ы разрад) і 3-гадовым (2-і разрад); у 1870 яны пераўтвораны ў гімназіі і прагімназіі. З 1876 такія вучылішчы працавалі ў Брэсце, Пружанах, Слоніме, Мсціславе, Нясвіжы, Ашмянах, Жыровічах, Віцебску, Мінску, Парычах (для дачок духавенства), Гарадоцкае руска-латышскае вучылішча, а таксама 10 жан. нар. вучылішчаў і жан. змены пры 36 прыходскіх і 7 нар. вучылішчах. Навучанне ва ўсіх жан. вучылішчах і школах Беларусі вялося на рус. мове. У 1913 працавалі 33 яўр. жан. навуч. ўстановы. Пасля 1912 засн. Гарадоцкае і Брэсцкае вышэйшыя жан. пач. вучылішчы, 16 вышэйшых пач. вучылішчаў супольнага навучання (Чачэрскае, Прапойскае, Жлобінскае і інш.). Да 1913 адкрыты жан. дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слоніме, Слуцку і інш. Навучанне платнае. У канцы 1870-х г. у Беларусі было 21 прыватнае жан. вучылішча. Прыватныя гімназіі пачалі адкрывацца з 1872. Выпускніцам гімназій з 1881 прысвойвалася званне настаўніцы пач. школы. Гл. таксама Віцебская Марыінская жаночая гімназія, Брэсцкія гімназіі, Гомельскія гімназіі, Гродзенскія гімназіі і інш.

Г.​Р.​Сянькевіч.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адука́цыя, ‑і, ж.

1. Навучанне, асвета. Грамадзяне СССР маюць права на адукацыю.

2. звычайна з азначэннем. Сукупнасць ведаў, набытых у выніку навучання. Вышэйшая, спецыяльная, сярэдняя адукацыя. □ Бацька Казіміра, Адам Рэклайціс, юрыст па адукацыі, уласнік трохсот дзесяцін зямлі разам з лесам, удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераво́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прызначаецца, служыць для пераводу грошай (па пошце, тэлеграфе, праз банк). Пераводны бланк.

2. Які пераводзіцца, служыць для пераводу з аднаго матэрыялу на другі. Пераводныя карцінкі.

3. Звязаны з пераводам з адной групы навучання ў наступную, больш высокую. Пачаліся вясеннія пераводныя экзамены. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назида́ние ср., книжн. навуча́нне, -ння ср., павуча́нне, -ння ср.; (наставление) настаўле́нне, -ння ср.; (наука) наву́ка, -кі ж.;

в назида́ние кому́ на наву́ку каму́, для навуча́ння каго́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

КАЛУМБІ́ЙСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн. ў 1754 у Нью-Йорку як Каралеўскі каледж, з 1784 — Калумбійскі каледж. З 1912 мае статус ун-та. Прыватная навуч. ўстанова. Мае 2 аддзяленні: Калумбійскі каледж і Школу тэхн. і прыкладных навук; у іх склад уваходзяць асобныя каледжы і школы. У 1996/97 навуч. г. каля 20 тыс. студэнтаў. У К.у. уваходзяць каледжы: лячэбны і хірург.; бізнесу; агульных дысцыплін; калумбійскі (у праграме вывучэнне старажытнасцей, гісторыі мастацтва, астрафізікі, біяхіміі, класічных моў, камп’ютэрных дысцыплін, эканомікі, філасофіі, псіхалогіі і інш.); школы: тэхнікі і прыкладных навук; планавання і архітэктуры; мастацтва і навукі; міжнар. адносін; журналістыкі; права; медыцыны і інш. Выпускнікі ун-та атрымліваюць дыплом бакалаўра мастацтваў, навук, магістра навук (4 гады навучання), доктара (дадаткова 1—2 гады навучання).

В.​М.​Навумчык.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСАНА́ЛЬНАЯ ЭВМ, персанальны камп’ютэр,

малагабарытная мікраЭВМ індывідуальнага карыстання. Дае карыстальніку магчымасць працаваць у дыялогавым рэжыме. Адрозніваюць прафесійныя і бытавыя П. ЭВМ.

Прафесійныя П.ЭВМ па функцыянальных магчымасцях і матэм. забеспячэнні ідэнтычныя ЭВМ агульнага прызначэння сярэдняй прадукцыйнасці, маюць знешнюю памяць вял. ёмістасці, каляровыя графічныя прылады высокай раздзяляльнасці, сродкі для работы з камп’ютэрнымі сеткамі, у т. л. Інтэрнетам, і інш. Пераважна выкарыстоўваюцца як аўтаматызаваныя рабочыя месцы. Бытавыя П.ЭВМ арыентаваны на распрацоўку і рашэнне задач карыстальнікамі без спец. (прафесійнай) падрыхтоўкі ў галіне выліч. тэхнікі і праграмавання. Іх матэм. забеспячэнне мае сродкі навучання, у т. л. саманавучання. карыстальніка. Выкарыстоўваюцца для кіравання быт. тэхнікай, самастойнага навучання і работы, гульняў і інш.

Літ.:

Мячев А.А. Персональные ЭВМ: краткий энцикл. справ. М., 1992.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)