КАШАВО́Й (Пётр Кірылавіч) (8.12.1904, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна — 30.8.1976),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1968), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік сав.-польск. вайны 1920. У Вял.Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі, корпуса; удзельнік вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі (Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы, Барысава, Мінска), Усх.-Прускай аперацыі. У 1945—57 1-ы нам. галоўнакамандуючага, у 1965—69 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. У 1957—65 камандуючы войскамі ваен. акруг. З 1969 у Мін-ве абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВЕ́НЧЫЦЫ,
вёска ў Антонаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл. За 13 км ад Чавусаў, 50 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Чавусы. 171 ж., 81 двор (1997). Клуб, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці, дзярж. ўласнасць. У 1785 цэнтр памешчыцкага маёнтка Чавускага пав. Магілёўскага намесніцтва; 438 ж., 58 двароў, драўляная царква. У 1885 вёска ў Чавускай воласці, 256 ж., 52 двары, раз на год праводзіўся кірмаш. З 1924 да 1954 Галавенчыцы — цэнтр сельсавета Чавускага р-на. У Вял.Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 122 двары, загубілі 13 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́НЬКІ,
вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад Касцюковічаў, 185 ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Бялынкавічы. 523 ж., 204 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
У 19 ст. вёска ў Клімавіцкім пав. Працавала царкоўнапрыходская школа, з 1909 — нар. вучылішча. З крас. 1919 Баронькі ў Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 у Бялынкавіцкім раёне, з 20.8.1924 цэнтр сельсавета. З 4.8.1927 у Касцюковіцкім раёне. У жн. 1941—вер. 1943 вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 было 627 ж., 180 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛБАС (Аляксандр Карпавіч) (н. 11.12.1911, в. Слабодка Бабруйскага р-на),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскую саўпартшколу (1936), курсы палітсаставу пры Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войскаў (1946), курсы палітсаставу (1956). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Сцяпным, Варонежскім, 1-м Укр., 1, 2 і 3-м Прыбалтыйскім франтах, удзельнік абароны Мінска, Бабруйска, Рагачова, Магілёва, Смаленска, Масквы, Сталінградскай і Курскай бітваў. У баях каля Кіева ў вер. 1943 байцы батальёна пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро, захапілі і ўтрымалі плацдарм. Да 1958 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Грабёнка і гар.пас. Ржышчаў (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬНІН (Пётр Іванавіч) (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-тграмадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ»,
«Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...», найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал.ч.сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЦЕ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.
Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус.ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПЯТРУ́ШКА (Peucedanum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 120 відаў. Пашыраны ў субтрапічных, умераных і субарктычных абласцях Еўропы, Азіі, у трапічнай і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 3 віды: Дз.п. горная (P. oreoselinum) — расце ўсюды ў хваёвых і мяшаных лясах, на ўзлесках; аленевая (P. cervaria) — трапляецца рэдка ў паўд. і зах. частках краіны, занесена ў Чырв. кнігу; настуркавая, або цар-зелле (P. ostruthium) — у наваколлі Мінска, Гродна і Магілёва.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або галінастым сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем. Лісце трайчастае або перыстае, прыкаранёвае чаранковае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек., харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛІ́НІЯ (Caulinia),
род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.