МЕ́ЗІНСКАЯ СТАЯ́НКА,

познапалеалітычнае (каля 20 тыс. гадоў назад) паселішча на беразе р. Дзясна каля с. Мезін Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Захаваліся рэшткі доўгачасовых невял. жытлаў з дрэва і касцей маманта, месцы апрацоўкі крэменю і косці, заглыбленыя агнішчы па-за жытламі. Сярод вял. колькасці крамянёвых прылад працы выяўлены спец. інструменты для гравіроўкі па косці, шмат прылад і рэчаў з косці і рогу жывёл. Знойдзены скульптурныя фігуркі жанчын і жывёл, бранзалеты і інш. рэчы з іклаў маманта, з геам. графікай (у т. л. меандравымі ўзорамі), размалёўкі чырв. вохрай на вял. касцях маманта, шмат марскіх ракавін паўд. паходжання.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШЦЫ, мускулы,

органы, якія ажыццяўляюць рухальную функцыю арганізма і яго асобных органаў. Адрозніваюць 2 асн. групы М.: папярочнапаласатыя і гладкія. Пад уздзеяннем нерв. імпульсаў валодаюць уласцівасцю скарачальнасці. Сукупнасць гладкіх, папярочнапаласатых і сардэчнай М. утвараюць мышачную сістэму арганізма, якая складае ў чалавека 28—32% ад масы цела (жанчыны) і 35—45% (мужчыны). М. размешчаны пераважна на касцях шкілета (шкілетныя мышцы). Яны ажыццяўляюць перамяшчэнне цела ў прасторы, работу канечнасцей, рух галавы, пазваночніка, міміку, рух вачэй і інш. М. маюць актыўную ч. — цела і пасіўную — сухажылле (для прымацавання М. да касцей шкілета).

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫЯ МЯШКІ́ ў жывёл,

паветраносныя поласці, спалучаныя з дыхальнымі шляхамі, ротавай поласцю або страваводам, дзе газаабмен не адбываецца. Да П.м. належаць галасавыя мяшкі бясхвостых земнаводных, лёгачныя вырасты паўзуноў. У птушак сістэма П.м. (5 пар), аб’ём якіх мяняецца пры дыханні, прызначана для аэрацыі лёгкіх (асабліва ў час палёту), тэрмарэгуляцыі арганізма, змены шчыльнасці цела пры плаванні і ныранні. Вырасты П.м. заходзяць і ў поласці касцей (пнеўматызацыя шкілета). У млекакормячых П.м. характэрны для некат. няпарнакапытных, даманаў, самцоў паласатага цюленя і маржа, кашалота. У раслін узнікаюць у зернях пылку пры разыходжанні слаёў экзіны (у многіх ветраапыляльных раслін, пераважна хвойных).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэфле́ктар, ‑а, м.

1. Увагнутае люстра для адбіцця светлавых або цеплавых праменяў. Кінааператары здымалі вячэрнюю Маскву. Яркае святло рэфлектараў сляпіла. Савіцкі. «Магчыма, грэлкі давалі мала цеплыні, — крыху збянтэжана думаў я, — электрычная печка з рэфлектарам пройме да самых касцей». Паслядовіч.

2. Тэлескоп, у якім адлюстраванне атрымліваецца пры дапамозе ўвагнутага люстра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карыёз, ка́рыес

(лац. caries = гніенне)

запаленчы працэс у цвёрдай тканцы касцей, які суправаджаецца гніеннем (напр. к. зубоў); кастаеда.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АПЁК,

пашкоджанне тканак арганізма, якое выклікаецца высокай т-рай (тэрмічны апёк), хім. сродкамі (хімічны апёк), электрычным токам (электрычны апёк), сонечнымі і рэнтгенаўскімі прамянямі (сонечны і радыяцыйны апёк). У чалавека і жывёл адрозніваюць 4 ступені апёку: 1-я — пачырваненне скуры, ацёк; 2-я — узнікненне пухіроў; 3-я — амярцвенне скуры на ўсю таўшчыню; 4-я — амярцвенне падскурнай тлушчавай клятчаткі, мышцаў і касцей (абвугліванне). Лячэнне залежыць ад памераў апечанай паверхні, агульнага стану арганізма і г.д., уключае барацьбу з шокам, хірург. апрацоўку апечаных месцаў, тэрапеўтычныя метады. У раслін бываюць апёкі кары (напр., сонечны апёк пладовых дрэў), лісця і пладоў пры няправільным карыстанні ядахімікатамі, пашкоджанні грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМАРАЖЭ́ННЕ,

пашкоджанне тканак арганізма ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Абмаражэнню садзейнічаюць высокая вільготнасць халоднага паветра, слабая супраціўляльнасць арганізма, цесныя абутак і адзенне.

Адрозніваюць 4 ступені абмаражэння: 1-я — сінюшная ацёчная скура, боль і сверб; 2-я — пашкоджанне паверхневага слоя скуры, вадзяныя пухіры; 3-я амярцвенне скуры і падскурнай клятчаткі, крывяністыя пухіры; 4-я — амярцвенне мяккіх тканак і касцей. Лячэнне: 1-я і 2-я ступені — саграванне (вадзяныя ванны з т-рай 18—20 °C, потым 35—40 °C з адначасовым масажам; фізіятэрапія — сухое цяпло, кварцавае апрамяненне); 3-я і 4-я ступені — хірургічнае. Прафілактыка: загартоўванне арганізма, зручнае адзенне і абутак, своечасовая дапамога пры першых прыкметах абмаражэння.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПІДЫ, аспідавыя (Elapidae),

сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 43 роды, 181 від. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Паўд. Азіі, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў тропіках і субтропіках. Найб. вядомыя кобры, крайты (Bungarus), мамбы (Dendroaspis), каралавыя (Micrurus). Некат. ахоўваюцца. Сярэднеазіяцкая кобра (Naja naja oxiana) водзіцца на Пд Сярэдняй Азіі.

Цела стройнае, даўж. да 5,5 м. Афарбоўка разнастайная, стракатая. Галава ў большасці не адмежавана ад тулава, укрытая буйнымі сіметрычнымі шчыткамі. Наперадзе верхнясківічных касцей буйныя парныя ядаправодныя зубы. Яд нервова-паралітычнага дзеяння, небяспечны для жывёл і чалавека. Кормяцца грызунамі, жабамі, яшчаркамі і інш. змеямі. Большасць жывародныя. Жывуць на зямлі і дрэвах.

Да арт. Аспіды: змяя-акулярніца.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РДЫЖ,

паселішча эпохі верхняга палеаліту касцёнкаўска-вілендорфскай культуры каля в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.; адно з самых стараж/ паселішчаў на тэр. Беларусі. Яго ўзрост 27—25 тыс. гадоў. Адкрыта ў 1926, даследавана ў 1927—29, 1938—39, 1958—60, 1967—71. Культурны пласт 0,3—0,7 м. Выяўлены рэшткі 4 жытлаў з адкрытымі агнішчамі і 5 гасп. ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчастыя косці маманта і інш. жывёл. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі коп’яў, разцы, нажы-кінжалы, скрабкі, адбойнікі і інш.), пласціны з біўня маманта з геам. арнаментам.

Скопішча касцей маманта на паселішчы Бердыж (раскопкі 1928).

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯ́ЗКІ ў жывёл і чалавека,

валакністыя злучальнатканкавыя ўтварэнні (пучкі, цяжы, пласціны), што злучаюць косці шкілета і іх часткі ці асобныя органы. Размешчаны пераважна ў вобласці суставаў. Функцыі З.; павышаюць трываласць змацавання касцей (умацавальныя З.), абмяжоўваюць амплітуду руху (тармазныя З.) ці накіроўваюць рух (накіравальныя З.). У некат. суставах З. выконваюць ролю т.зв. пасіўных зацяжак, аслабленне іх выклікае парушэнне статычных функцый (расцяжэнне З.). У тоўшчы некат. З. праходзяць асн. крывяносныя сасуды, што жывяць косць. З. называюць таксама дублікатуры і лісткі серозных абалонак (брушыны, плеўры і інш.), што злучаюць органы са сценкамі поласцей цела ці паміж сабой. Пра галасавыя З. гл. ў арт. Галасавы апарат.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)