ГАЛЕ́Н-КА́ЛЕЛА ((Gallén-Kallela) Акселі Валдэмар) (26.5.1865, г. Поры, Фінляндыя — 7.3.1931),
фінскі жывапісец, графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1881—84) у Хельсінкі і акадэміі Жуліяна (1884—89) у Парыжы. Захапляўся сімволікай і стылізацыяй у духу «мадэрн». Асн. творы: размалёўка фін. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900), цыкл размалёвак у пахавальнай капэле Юселіуса (1901—03) у Поры; карціны «Старая і котка» (1885), «Першы ўрок» (1889), «Пастух з Панаярві» (1892), «Іматра ўзімку» (1893); партрэты маці (1896), М.Горкага (1906); афорты, іл. на тэму гераічнага нар. эпасу «Калевала» (трыпціх «Легенда пра Айна», 1891, «Маці Лемінкяйнена», 1897) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́БАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (31.1.1902, Масква — 26.11.1977),
рускі акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Герой Сац. Працы (1972). З 1924 у МХАТ. Ствараў драм. і камедыйныя вобразы, псіхалагічна распрацаваныя, натуральныя, сцэнічна выразныя: Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Чабутыкін, Фірс («Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.Чэхава), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага), Лука («На дне» М.Горкага), Глоба («Рускія людзі» К.Сіманава), Няпрахін («Залатая карэта» Л.Лявонава). З 1935 здымаўся ў кіно: «Вяселле», «Без віны вінаватыя», «Верныя сябры», «Паласаты рэйс», «За ўсё ў адказе» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951, 1952 і Расіі 1974 за тэатр. работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (11.1.1927, в. Зарэчча Валагодскай вобл., Расія — 1.2.1991),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў тэатр. студыю пры Валагодскім драм. т-ры (1944). Працаваў у Волагдзе, Уральску, Камянец-Падольску, Даўгаўпілсе. З 1963 у Магілёўскім абл.драм. т-ры. Яго майстэрства вызначалася ўменнем спасцігаць сутнасць вобраза і псіхалагічна матываваць яго дзеянні, знаходзіць нечаканыя вонкавыя рысы, уласцівыя персанажу. Выконваў драм. і камедыйныя ролі. Сярод іх: палкоўнік Кусонскі («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Шахматаў («Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка), Дасцігаеў («Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Акаёмаў («Машачка» А.Афінагенава), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Дон Луіс («Дон Жуан» Мальера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Мікалай Іванавіч) (21.12.1899, г. Вязнікі, Расія — 14.2.1965),
бел. жывапісец, графік, педагог. Вучыўся ў Мсцёрскім іканапісным вучылішчы (Вязнікаўскі р-н; 1910—16), Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—26), Ленінградскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30), Маскоўскім паліграф. ін-це (1930—32). Выкладчык БПІ (1936—65, дацэнт з 1954). Сярод работ: тэматычныя карціны «У ліцейнай майстэрні» (1929), «Будуемся!» (1947), «Янка Купала і Ян Райніс» (1959); партрэты А.Бембеля, А.Глебава (абодва канец 1940-х г.), Я.Купалы (1949), П.Броўкі, Р.Шырмы (абодва 1960); графічныя партрэты М.Горкага (1934), І.Харыка (1930-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІТАШВІ́ЛІ (Георгій Міхайлавіч) (27.2.1893, Баку — 4.7.1966),
грузінскі акцёр. Нар.арт. Грузіі (1934). Вучыўся ў школе сцэн. мастацтва ў Пецярбургу (1913—15). У 1915 выступаў у т-рах Таганрога, Уладзікаўказа, Баку, Батумі, з 1920 у драм. т-ры ў Тбілісі (цяпер Груз.т-р імя Ш.Руставелі). Яго творчасць вызначалася вял.сцэн. культурай, мяккай, высакароднай манерай выканання, рамантычнай узнёсласцю. Сярод роляў: Міндзія («Ламара» паводле Важы Пшавелы), Гелахсан («Тэтнульд» Ш.Дадыяні), Гарсія Лорка («Алькасар» Г.Мдывані), Гадуноў («Вялікі гасудар» У.Салаўёва), Захар Бардзін («Ворагі» М.Горкага), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРКЕ́ВІЧ (Хрыстафор Яўгенавіч) (1900, в. Міхалава Смаленскай вобл., Расія — 4.11.1937),
бел. мастак. Брат П.Я.Даркевіча. Вучыўся ў Пецярб. вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—26). У 1920-я г. выкладаў у сярэдніх школах Ленінграда, з 1931 — у Віцебскім маст. тэхнікуме. Працаваў у манум. і станковым жывапісе. Аўтар пейзажаў «Восень» (1932), «Саўгас «Сасноўка» (1934), «Над ракой» (1936), партрэты А.Стаханава, Я.Купалы, А.Александровіча, А.Пушкіна, М.Горкага, карцін «Малацьба ў саўгасе» (1936) і інш.; фрэсак на будынку вакзала станцыі Сіроціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. (1930-я г.). Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны 12.3.1961.
Літ.:
Сімановіч Д. Фрэскі на старой сцяне // ЛіМ. 1989. 22 верас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАВА (Вольга Сцяпанаўна) (11.7.1908, г. Яршоў Саратаўскай вобл., Расія — 6.6.1981),
руская актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1955). Скончыла Саратаўскі тэатр. тэхнікум (1932). Працавала ў т-рах Саратава, Грознага, Благавешчанска, Армавіра, Варонежа. З 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-ры, у 1958—69 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы адметныя творчай культурай, імкненнем да жыццёвай праўды, прастаты, дакладнасцю ўнутр. і знешняга малюнка. Сярод лепшых роляў: Ганна Ліхта («Змова асуджаных» М.Вірты), Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Каліберава («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка) у Брэсцкім драм. т-ры; Матрона («Улада цемры» Л.Талстога), Антонаўна («Дзеці сонца» М.Горкага) у Дзярж.рус. т-ры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІНА́ (Наталля Іосіфаўна) (19.5.1914, г. С.-Пецярбург — 19 1.1994),
руская пісьменніца. У 1920 з бацькамі эмігрыравала, з 1936 у Шанхаі. У 1947 рэпатрыіравалася ў СССР. Скончыла Літ.ін-т імя М.Горкага (1953). Аўтар кн. фельетонаў «Іншымі вачыма. Нарысы шанхайскага жыцця» (1946), зб-каў літ. фельетонаў і пародый «Увага: небяспека!» (1960), «Не трэба авацый!» (1964), «Нешта тут не клеіцца» (1968), «Табло, што свеціцца» (1974), аўтабіягр. рамана «Вяртанне» (кн. 1—2, 1957—65; пра лёс рус. эмігрантаў у Кітаі), кніг успамінаў «Лёсы. З даўніх сустрэч» (1980), «Дарогі: Аўтабіяграфічная проза» (1983), «Сустрэчы» (1987) і інш.
Тв.:
Белогорская крепость: Сатирическая проза, 1955—1985. М. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАКО́ВІЧ (Ала Канстанцінаўна) (7.3.1943, в. Гутава Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 11.2.1985),
бел. літ.знавец. Канд.філал.н. (1976). Скончыла БДУ (1964), Літ.ін-т імя М.Горкага (1971). У 1964—66 працавала на бел. радыё, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследавала гісторыю і тэорыю бел. паэзіі, сувязь яе з фальклорам. У кн. «Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978) прааналізавала асаблівасці майстэрства паэта, эвалюцыю бел. паэзіі. Адзін з аўтараў кн. «Паэзія абнаўлення свету» (1981). Вершы, пераклады, літ.крытычныя артыкулы сабраны ў кн. «Пасеянае ўзыдзе» (1991).
Тв.:
Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;
Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Мікалай) (Міклай) Іванавіч (н. 15.1.1918, с. Куцюк-Кінер Маркінскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),
марыйскі паэт.Нар. паэт Рэспублікі Марый Эл (1960). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1955). Друкуецца з 1934. Дэбютаваў кн. «Вершы» (1938). За зборнік вершаў «Паэзія — любімая сяброўка» (1950, на рус. мове) Дзярж. прэмія СССР 1951. Творы паэт. кніг «У краіне маёй Марыйскай» (1968), «Дарогай жыцця» (1975), «Лясныя напевы» (1976), «Дрэва, якое спявае» (1978) і інш. спалучаюць паглыблены лірызм і вострую публіцыстычнасць. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў І.Калеснік.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Йошкар-Ола, 1960.
Літ.:
Кадыков Н.С. Поэзия Миклая Казакова. Йошкар-Ола, 1960.