ЛІ́КАВАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,

набліжанае вылічэнне інтэграла па некалькіх значэннях падынтэгральнай функцыі. Выкарыстоўваецца ў выпадках, калі падынтэгральная функцыя зададзена набліжана (напр., таблічна), інтэграл не выражаецца праз вядомыя функцыі, а таксама, калі Л.і. хутчэй вядзе да вынікаў з зададзенай дакладнасцю, чым дакладныя метады.

Вызначаныя інтэгралы ад адной пераменнай вылічваюцца па квадратурных формулах, кратныя — па кубатурных. Нявызначаныя інтэгралы папярэдне зводзяцца да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Падынтэгральную функцыю даводзіцца вылічваць у многіх пунктах, што прывяло да распрацоўкі спец. метадаў. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя, Набліжанае інтэграванне.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎНТБЕ́ТЭНА ПЛАН,

план прадастаўлення незалежнасці Брыт. Індыі, які прапанаваў яе віцэ-кароль Л.​Маўнтбетэн. Абнародаваны брыт. урадам 3.6.1947. Прадугледжваў падзел Брыт. Індыі на 2 дамініёны — Інд. Саюз (пераважна з індуісцкім насельніцтвам) і Пакістан (пераважна з мусульм. насельніцтвам). Правінцыі Пенджаб і Бенгалія падзяляліся паміж імі паводле вынікаў галасавання ў мясц. асамблеі. Правіцелі княстваў мелі права далучыцца да аднаго з дамініёнаў або захаваць ранейшыя адносіны з Вялікабрытаніяй. 15.8.1947 працэдура падзелу была скончана, а М.п. зацверджаны каралём Вялікабрытаніі як Закон пра незалежнасць Індыі.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кампіля́цыя

(лац. compilatio = крадзеж, аграбленне)

апрацоўка вынікаў чужых даследаванняў без самастойнага вывучэння першакрыніц, а таксама сама работа, зробленая такім спосабам.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

стварэнне аптымальнай сістэмы працоўнай дзейнасці людзей. Сутнасць арганізацыі працы ў межах асобнага прац. калектыву — у рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы. Уключае: падбор і прафес. падрыхтоўку кадраў; аптымальную расстаноўку работнікаў у адпаведнасці з падзелам і кааперацыяй працы і вытв. задачамі; арганізацыю рабочых месцаў; нарміраванне, дысцыпліну і стымуляванне працы. Для эфектыўнага выкарыстання рабочай сілы ў вытв. працэсе ўводзіцца навуковая арганізацыя працы. Грамадская арганізацыя працы звязана з многімі фактарамі ў краіне: умовамі занятасці насельніцтва, падзелам і кааперацыяй працы, размеркаваннем яе вынікаў паміж членамі грамадства і інш.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТАЦЫ́ЙНЫ СІНДРО́М,

стрэс, сукупнасць рэакцый жывога арганізма на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў (стрэсараў). Адрозніваюць 3 стадыі: трывогі (мабілізацыя ахоўных сіл арганізма), рэзістэнтнасці або супраціўлення (прыстасаванне да цяжкай сітуацыі), знясілення (пры моцным і доўгім уздзеянні стрэсараў можа скончыцца смерцю). У развіцці адаптацыйнага сіндрому гал. роля належыць пярэдняй долі гіпофіза і кары наднырачнікаў. Змены ў арганізме на стадыі рэзістэнтнасці небяспечныя (напр., павелічэнне артэрыяльнага ціску ў чалавека) і могуць прывесці да інсульту або інфаркту. Канцэпцыя адаптацыйнага сіндрому прапанавана канадскім патолагам Г.​Селье (1936).

Схема асноўных рэакцый і вынікаў адаптацыйнага сіндрому.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БАЯ ДУ́МКА ў судаводстве,

у бел. праве выкладзенае пісьмова і далучанае да справы меркаванне суддзі або засядацеля, не згодных з рашэннем ці прыгаворам суда, прынятым большасцю галасоў. Пры абвяшчэнні рашэння (прыгавору) у зале судовага пасяджэння не аб’яўляецца, але далучаецца да справы. Калі па справе, дзе адзін з суддзяў застаўся пры асобай думцы, не паступіць касацыйнай скаргі або пратэсту, суд пасля набыцця рашэннем (прыгаворам) законнай сілы накіроўвае справу старшыні вышэйстаячай суд. інстанцыі для вырашэння пытання аб апратэставанні вынікаў суд. разгляду ў парадку нагляду.

І.​І.​Пацяружа.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́СЛЕД,

агульнанавуковы метад вывучэння з’яў аб’ектыўнага свету ў спецыяльна створаных, дакладна вызначаных умовах. Адрозніваецца ад назіранняў актыўным аперыраваннем аб’ектам, які вывучаецца. Ажыццяўляецца на аснове тэорыі, што вызначае пастаноўку задач і інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Д. — праверка гіпотэз і пацвярджэнне тэорыі; часам выступае як адна з формаў практыкі (эксперыменту), выконвае функцыю крытэрыю сапраўднасці, навук. пазнання ўвогуле. З развіццём навукі і тэхнікі межы выкарыстання Д. пашыраюцца, ён робіцца больш складаным. Вял. значэнне мае сац. Д., які дапамагае выяўляць і даследаваць працэсы сац.-эканам., паліт. і духоўнага развіцця грамадства.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТАТЫ́ЧНАЕ ЎЗВА́ЖВАННЕ,

метад вымярэння шчыльнасці вадкасцей і цвёрдых цел, заснаваны на Архімеда законе.

Для вызначэння шчыльнасці цвёрдага цела яго ўзважваюць двойчы: у паветры (вызначаецца маса цела) і ў вадкасці вядомай шчыльнасці, напр., у дыстыляванай вадзе (аб’ём цела — па рознасці 2 вынікаў). Пры вызначэнні шчыльнасці вадкасці ў ёй узважваюць цела вядомых мас і аб’ёму (напр., шкляны паплавок). У залежнасці ад патрэбнай дакладнасці праводзяць з дапамогай вагаў аналітычных, тэхн. або ўзорных; пры масавых вымярэннях выкарыстоўваюць спец. гідрастатычныя вагі, якія забяспечваюць хуткія вымярэнні, напр., вагі Мора—Вестфаля.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТУІЦЫЯНІ́ЗМ,

кірунак у асновах матэматыкі і логікі, які лічыць інтуіцыю гал. і адзіным крытэрыем правамернасці метадаў і вынікаў гэтых навук. Узнік у пач. 20 ст. (Л.​Браўэр, Г.​Вейль, А.​Гейтынг і інш.). Адмаўляе выкарыстанне ў матэматыцы і логіцы ідэі актуальнай бясконцасці і выключанага трэцяга прынцыпу. Паводле І., прадметам даследаванняў матэматыкі выступаюць разумовыя пабудовы матэм. аб’ектаў, што разглядаюцца па-за залежнасцю ад свету рэчаў. У адрозненне ад інтуітывізму не проціпастаўляе інтуіцыю логіцы, якую разглядае толькі як частку матэматыкі, а лагічныя тэарэмы — як матэм. тэарэмы найвышэйшай ступені агульнасці.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі сушы на адносна аднародныя рэгіёны (раёны, правінцыі, падзоны, зоны) паводле асаблівасцей ландшафтнай структуры; адзін з відаў прыроднага раянавання. Праводзіцца на падставе вынікаў ландшафтнага карціравання і складання ландшафтнай карты. Асн. прынцыпы Л.р.: адносная аднароднасць, комплекснасць, генет. і тэр. супольнасці. Тэр. Беларусі падзяляецца на 2 падзоны, якія вылучаюцца з улікам біякліматычных фактараў: падтаежных (мяшана-лясных) і палескіх (шыракаліста-лясных) ландшафтаў; 5 правінцый, якія аб’ядноўваюць раёны, блізкія па структуры ландшафтаў; 55 ландшафтных раёнаў — тэрыторый, дзе спалучаюцца аднародныя ландшафты, што сфарміраваліся ў аднатыпных умовах.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)