АДЗЁР,

вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).

Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ПІН (Ігар Іванавіч) (н. 10.10.1941, г. Каменск-Уральскі Чэлябінскай вобл., Расія),

расійскі паэт. Чл.-кар. Міжнар. славянскай акадэміі навукі, культуры, мастацтва і адукацыі (1996). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1979). З 1971 у выд-вах «Сучаснік», «Савецкая Расія», у 1982—85 гал. рэдактар выд-ва «Дзіцячая літаратура», з 1993 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Друкуецца з 1959. У паэт. зб-ках «Міжрэччы» (1973), «Жыву табой» (1976), «Невеснавыя воды» (1978), «Не ў чыстым полі» (1979), «Лінія лёсу» (1981), «Сам-насам з табою, жыццё» (1985), «Акно, расчыненае ветрам» (1986), «Вятры дарог» (1988), «Яе завуць Расіяй» (1997), «Аўтограф» (1998) і інш. роздум пра час, лёс Расіі, славян, абавязак перад сваім народам, складанасць духоўнага свету сучасніка, тэма кахання. Яго паэзіі ўласцівы шчырая спавядальнасць, канкрэтнасць вобразаў, грамадзянскі тэмперамент, вострая публіцыстычнасць. Піша вершы і на бел. тэматыку («Беларусь», «Зачараваныя мае...» і інш.).

Тв.:

А вечности в запасе нет... М., 1985;

Избранное. М., 1989.

А.​В.​Спрынчан.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗІЛЬ ((Musil) Роберт) (6.11.1880, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 15.4.1942),

аўстрыйскі пісьменнік. Вучыўся ў ваен. акадэміі ў Вене, скончыў вышэйшую тэхн. школу (1901), Берлінскі ун-т (1908). З 1938 у эміграцыі (Швейцарыя). Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантызму, рус. рэалізму, імпрэсіянізму, ням. мадэрну, філасофіі Ніцшэ. Самы значны яго твор — філас.-сатыр. раман «Чалавек без уласцівасцей» (кн. 1—3, 1930—43) — вострая сатыра на Аўстра-Венгрыю напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар рамана «Душэўныя пакуты выхаванца Цёрлеса» (1906, экранізацыя 1965), зб-каў навел «Злучэнні» (1911), «Тры жанчыны» (1924), драмы «Летуценнікі» (1921), кн. эсэ і мініяцюр «Прыжыццёвая спадчына» (1936) і інш. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам і стылявой дасканаласцю.

Тв.:

Рус. пер. — Человек без свойств: Роман. Кн. 1—2. М., 1984;

Малая проза: Избр. произв.: В 2 т. Т. 1. М., 1999.

Літ.:

Адмони В.Г. «Человек без свойств» Р.​Музиля // Адмони В.Г. Поэтика и действительность. Л., 1975;

Белобратов А.В. Роберт Музиль: Метод и роман. Л., 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛІН (Павел Піліпавіч) (16.1.1908, г. Іркуцк, Расія — 2.10.1981),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Чалавек ідзе ў гару. Нарысы звычайнага жыцця» (1936). Яго творчасці ўласцівы ўвага да рэальнага жыцця, вострая пастаноўка маральных, і грамадскіх праблем: апавяданне «Каханая дзяўчына» (1936, аднайм. фільм 1940), сцэнарый фільма «Вялікае жыццё» (1-я серыя 1940, Дзярж. прэмія СССР 1941; 2-я серыя 1958; пра шахцёраў Данбаса), аповесці «Выпрабавальны тэрмін» (1956, аднайм. фільм 1960), «Жорсткасць» (1956, аднайм. фільм 1960) і інш. Падзеі Вял. Айч. вайны на Беларусі ў аповесці «Праз могілкі» (1962, аднайм. фільм кінастудыі «Беларусьфільм», 1965). Аўтар рамана «Паездка ў Маскву» (1954), п’есы «На белым свеце» (1947, паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа) і інш. Неаднаразова быў на Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Жук, Т.​Мартыненка.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1985;

Жестокость: Повесть и рассказы. М., 1990.

Літ.:

Адамовіч А. Літаратура, мы і час. Мн., 1979. С. 116—118;

Кардин В. Павел Нилин. М., 1987.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́рты ’лыжы’ (Гарэц., Касп., Бяльк.; Маш., 26). Рус. арл., смал. и́рты ’лыжы’; параўн. таксама славен. rtíče ’сані’. Ст.-рус. рты ’лыжы’ зафіксавана ў Ніканаўскім летапісе пад 1444 г. (спіс XVI ст.). Бел. лексема з прыстаўным і‑ ўзыходзіць да ст.-рус. рты і генетычна звязана з *rъtъ (гл. рот.). Назва паводле формы загнутых і завостраных спераду палазоў; параўн. ст.-рус. рътъ ’верх’, ’пярэдняя частка, нос у карабля’, славен. ŕt ’вастрыё’, ’мыс’, серб.-харв. р̑т ’верхавіна, вострая частка якога-н. прадмета’, ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, макед. ʼрт ’мыс’. Гл. нарты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ражо́н ’завостраны кій’ (ТСБМ), ’вострая палка’ (іўеў., воран., паст., трак., Сл. ПЗБ), ’кол’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’дзяржанне’ (слонім, Сл. ПЗБ), ’стрэмка’ (паст., астрав., смарг., ігн., швянч., Сл. ПЗБ), ’стрыжань пяра птушкі’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), ’шост’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ’сцябло’ (пух., воран., Сл. ПЗБ), ’галлё, палка’ (Сцяшк., Нар. Гом., Др.-Падб., Янк. 2), ’палка, на якую набіваюць жалезную частку вілаў’ (Выг.), ’драўляны пруток, на якім смажаць сала’ (Нар. словатв.), рожо́н ’завостраны кіёк’ (ТС), ро́жан ’тс’ (Мат. Гом.), ражэ́нь ’тс’ (Юрч. СНЛ), рожно́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Сюды ж ражэ́ннік ’ламачча’ (Юрч. СНЛ). Рус. рожо́н, ’кол, вострая жэрдка’, рожны́ ’вілы для гною’, укр. роже́н ’ражон’, польск. rożen, в.-луж. rožeń, н.-луж. rožeń, rožon, чэш. rožeň, славац. ražež, славен. ráženj, серб.-харв. ра́жањ ’ражон’, балг. ръже́н ’качарга, ражон’, ц.-слав. ражьнъ, раждьнъ ’кол’. Прасл. *oržьnь/ь, параўн. літ. rãžas ’сухі прут, сцябло’. Калі лічыць утварэннем ад рог1 (Махэк₂, 521–522), тады незразумелымі застаюцца формы на ра‑, якія дазваляюць дапускаць паходжанне з *oržьn‑ або *orzni̯o‑ (Фасмер, 3, 493; Брукнер, 466; Бязлай, 3, 161). Але гэтая версія таксама недастаткова матываваная. З іншага боку, ставіцца пытанне аб паходжанні ад *razъ, *raziti і збліжэнні з *rogъ (Брант, РФВ 23, 100). Непераканальным падаецца параўнанне з грэч. όρχατος ’агароджа’, όρχάς ’плот’ (Лёвенталь, AfslPh, 37, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

knock

[nɑ:k]

1.

v.t.

1) сту́каць; уда́рыць; біць

2) валі́ць, зьбіва́ць

2.

v.i.

сту́кацца

to knock at a door — сту́каць у дзьве́ры

3.

n.

1) стук -у m.

2) Sl. во́страя кры́тыка

- knock about

- knock around

- knock out

- knock together

- knock down

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ВО́ЛКАЎ (Георгій Андрэевіч) (н. 20.7.1922, Масква),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.​Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.​Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн. формы: «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.​Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.​Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.​Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.​Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.​Тургенева (1975; т-р імя Ю.​Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).

Г.А.Волкаў.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́Ў ((Adamov) Арцюр) (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),

французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.​Чэхава і М.​Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.​Гогаля.

Тв.:

Рус. пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;

Весна семьдесят первого. М., 1968.

Літ.:

Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́НІС (Генрых Юр’евіч) (20.5.1889, в. Пабяржэ Вільнюскага р-на, Літва — 4.11.1955),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.​Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.​Чарота), Каваль («Каваль-ваявода» Е.​Міровіча), Мікола («Салавей» З.​Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.​Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.

Г.Грыгоніс. Мастак М.​Філіповіч. 1927.
Г.Грыгоніс у ролях Журдэна (злева) і Нічыпара.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)