БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,
ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.
т. 2, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Галіна Іванаўна) (н. 22.11.1930, Мінск),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1987). Скончыла БДУ (1954). З 1970 працуе ў БДУ. Асн. даследаванні па эканам. праблемах нар. гаспадаркі Беларусі і рыначнай сістэмы сучаснага капіталізму.
Тв.:
Экономика Белоруссии в условиях Великой Отечественной войны (1941—1945). Мн., 1982;
Экономическая система современного капитализма. Мн., 1988 (разам з С.В.Мачэрным);
Государственно-монополистический капитализм: Сущность и национальные особенности. Мн., 1991 (з ім жа).
т. 1, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯДО́ХІ (ад грэч. diadochos пераемнік, нашчадак),
палкаводцы Аляксандра Македонскага (Пердыка, Антыпатр, Антыгон I Аднавокі, Яўмен, Касандр, Пталамей, Лісімах, Селеўк I, Нікатар Селеўк I Нікатар і інш.), якія пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) падзялілі паміж сабой яго імперыю. У выніку працяглай барацьбы паміж імі (т. зв. войны дыядохаў), а таксама паміж іх нашчадкамі (т. зв. эпігонамі) узніклі 3 буйныя дзяржавы: Егіпет (пад уладай Пталамеяў), Македонія (на чале з Антаганідамі), дзяржава Селеўкідаў. Гл. таксама Элінізм.
т. 6, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГАЧ з Дубы
(Roháč z Dubé) Ян (? — 9.9.1437),
дзеяч гусіцкага руху ў Чэхіі (гл. Гусіцкія войны), паплечнік Яна Жыжкі. З 1420 кіраўнік табарытаў у крэпасці Ломніцы, з 1421 гетман. У 1423 разам з Жыжкам засн. брацтва арэбітаў. Пасля паражэння табарытаў пад Ліпанамі (1434) узначальваў войскі табарыцкага гар. саюза. У 1436 кіраваў абаронай крэпасці Сіён — апошняй апорнай базы табарытаў, якую асадзілі войскі Сігізмунда I. Пасля падзення Сіёна (1437) пакараны смерцю ў Празе разам з 52 паплечнікамі.
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААВЕ́ДРА ЛА́МАСА ПАКТ 1933,
дагавор аб прынцыпах міжнар. адносін, заключаны па ініцыятыве міністра замежных спраў Аргенціны К.Сааведра Ламаса. Падпісаны 10 кастр. прадстаўнікамі Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Парагвая, Уругвая і Чылі, пазней большасцю дзяржаў Лац. Амерыкі і ЗША. Асуджаў агрэсіўныя войны, дэклараваў урэгуляванне ўсіх міждзярж. спрэчак толькі мірнымі сродкамі. Забараняў узбр. ці інш. ўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, прадугледжваў міжнар. ціск на дзяржавы-агрэсары. Абавязаў бакі не прызнаваць змены граніц, якія ажыццёўлены гвалтоўным шляхам.
т. 14, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́КХІ (на мове хіндзі сікх — вучань),
паслядоўнікі сікхізму. У канцы 18 ст. стварылі ў Пенджабе ўласную дзяржаву, якая была знішчана англічанамі ў 1849 (гл. Англа-сікхскія войны). Зараз складаюць большасць насельніцтва інд. штата Пенджаб і значную ч. насельніцтва штата Утаранчал-Прадэш; асобныя абшчыны С. раскіданы па ўсёй Індыі, пераважна ў гарадах. У выніку міграцыі за мяжу абшчыны С. узніклі таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. і Паўд. Афрыцы, у апошнія дзесяцігоддзі ў ЗША.
т. 14, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІГНА́ЦЫІ (польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),
расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.
т. 2, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕНТЫНІЯ́Н (І Флавій) (Flavius Valentinianus, 321, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 17.11.375),
рымскі імператар з 364. Абвясціў брата Валента Аўгустам і сваім суправіцелем ва ўсх. ч. імперыі. У 366 выгнаў алеманаў з Галіі, да 374 вёў абарончыя войны з франкамі і саксамі на Рэйнскай мяжы. У 367 зрабіў суправіцелем сына Грацыяна. Пры Валентыніяну адбыліся буйныя антырым. выступленні ў правінцыях: паўстанні Пракопія ў М. Азіі і Фракіі (365—366), Фірма ў Афрыцы (372—373).
т. 3, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗІ́ЎНАЯ ВАЙНА́», «сядзячая вайна»,
пашыраная ў гіст. л-ры назва пач. перыяду (вер. 1939 — май 1940) другой сусветнай вайны 1939—45 на фронце ў Зах. Еўропе. Характарызавалася адсутнасцю актыўных баявых дзеянняў паміж англа-франц. і сканцэнтраванымі супраць іх герм. войскамі. Скончылася ў сувязі з наступленнем ням.-фаш. армій у Зах. Еўропе.
Літ.:
Мэйсон Д. «Странная война»: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.
т. 6, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛО́ТЫ,
земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.
т. 7, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)