Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ВА, Панна (лац. Virgo),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Самая яркая зорка — Спіка (L Дз., 1-й візуальнай зорнай велічыні) разам з 3 менш яркімі зоркамі ўтварае фігуру ромба, бачную простым вокам. У сузор’і 95 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні; выяўлена скопішча (2,5 тыс.) галактык спіральнай структуры, сярод якіх размешчана магутная крыніца радыёвыпрамянення — радыёгалактыка Дз.-А. У Дз. знаходзіцца пункт асенняга раўнадзенства. На тэр. Беларусі сузор’е відаць у канцы зімы і вясною.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел.нар. назва Малы Воз),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл.Зорнае неба. Іл.гл. да арт.Вялікая Мядзведзіца.