ВАДАРО́Д, гідраген (лац. Hydrogenium),

H, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 1, ат. м. 1,00794. Прыродны вадарод складаецца з 2 ізатопаў ​1H (протый, 99,98% па масе) і ​2H ці Д (дэйтэрый, 0,02%), атрыманы штучныя радыеактыўныя ​3H ці T (трытый) і вельмі няўстойлівы ​4H. У паветры колькасць вадароду 3,5∙10​−6% па масе, у літасферы і гідрасферы — 1%, у вадзе — 11,19%, у складзе арганічных злучэнняў вадароду маюць усе раслінныя і жывёльныя арганізмы. Самы пашыраны элемент у космасе, складае каля палавіны масы Сонца, большасці зорак. Газ без колеру і паху, tпл -259,1 °C, tкіп -252,6 °C, шчыльн. вадкага 70,8 кг/м³ (-235 °C). Вадарод і яго сумесі з паветрам і кіслародам (гл. Грымучы газ) пажара- і выбухованебяспечныя.

Малекула вадароду двухатамная. Пры звычайных умовах узаемадзейнічае толькі з фторам і хлорам (на святле), пры павышаных т-рах у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Вада), галагенамі (гл. Галагенавадароды), азотам (гл. Аміяк). Са шчолачнымі і шчолачназямельнымі металамі, элементамі III—IV груп перыяд. сістэмы ўтварае гідрыды. Аднаўляе аксіды і галагеніды металаў да металаў, ненасычаныя вуглевадароды (гл. Гідрагенізацыя). Лёгка аддае электрон, у водных растворах пратон H​+ існуе ў выглядзе іона гідраксонію, утварае вадародную сувязь. У прам-сці атрымліваюць канверсіяй метану: CH4 + 2H2O = 4H2 + CO2; пры газіфікацыі вадкага і цвёрдага паліва (гл. Вадзяны газ).

Газападобны вадарод выкарыстоўваюць для сінтэзу аміяку, хлорыстага вадароду, метылавага і вышэйшых спіртоў, вуглевадародаў, для гідрагенізацыі тлушчу, таксама для зваркі і рэзкі металаў вадародна-кіслародным полымем, вадкі — як гаручае ў ракетнай і касм. тэхніцы, ізатопы — у атамнай энергетыцы.

І.​В.​Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гу́мар

(польск. humor, ад лац. humor = вільгаць як адна з арганічных сіл, што паводле даўнейшых уяўленняў вызначае характар, тэмперамент чалавека)

1) дабрадушна-жартаўлівыя адносіны да чаго-н. (напр. пачуццё гумару);

2) прыём у творах літаратуры і мастацтва, заснаваны на паказе чаго-н. у смешным, камічным выглядзе.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

дысіміля́цыя

(лац. dissimilatio = распадабненне)

1) распад складаных арганічных рэчываў у працэсе жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў (параўн. асіміляцыя 2);

2) лінгв. распадабненне гукаў пры вымаўленні (напр. «канбайн» пры напісанні «камбайн»).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

глей

(англ. gley)

1) слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтварыўся пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый;

2) адклады на дне вадаёмаў, у склад якіх уваходзяць найдрабнейшыя часцінкі мінеральных і арганічных рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІДРО́ЛІЗ (ад гідра... + ...ліз),

рэакцыя абменнага ўзаемадзеяння паміж рэчывам і вадой.

Пры гідролізе солей, утвораных слабай асновай і моцнай к-той (напр., хларыд амонію NH4Cl) ці — моцнай асновай і слабай к-той (напр., ацэтат натрыю CH3COONa), водныя растворы маюць кіслую (NH4+Cl​+HOH=NH4OH+Cl​+H​+) ці шчолачную (CH3COO​+Na​++HOH=CH3COOH+Na​++OH​) рэакцыю, што абумоўлена ўтварэннем слабых электралітаў. Гідроліз солей, утвораных моцнымі асновай і к-той, не ідзе. Гідролізам абумоўлена існаванне буферных раствораў, здольных падтрымліваць пастаянную кіслотнасць. Гідроліз мінералаў выклікае змяненні ў саставе зямной кары. Пры гідролізе арганічных злучэнняў пад уздзеяннем вады разрываюцца сувязі ў малекуле з утварэннем двух і больш злучэнняў. Гідроліз вугляродаў і бялкоў у жывым арганізме каталізуюць ферменты гідралазы. Гідроліз адыгрывае значную ролю ў працэсах засваення стравы і ўнутрыклетачнага абмену. З дапамогай гідролізу ў хім. прам-сці атрымліваюць спірты, карбонавыя к-ты з іх вытворных, мыла і гліцэрыны з тлушчаў. Гідроліз раслінных матэрыялаў — аснова гідролізных вытв-сцей. У працэсе тэрмакаталітычнага гідролізу з поліцукрыдаў (цэлюлоза і геміцэлюлозы), якія складаюць каля 70% расліннай біямасы, утвараюцца растваральныя ў вадзе монацукрыды і прадукты іх распаду, што пераходзяць у раствор — гідралізат. Гідралізат акрамя монацукрыдаў (2,5—3,5 %, пераважна пентозы і гексозы) мае фурфурол, оксіметафурфурол, воцатную і мурашыную к-ты, гумінавыя рэчывы і інш. Пасля гідролізу застаецца цвёрды астатак — гідролізны лігнін (30—35% ад масы сыравіны). Хім. і біяхім. перапрацоўкай (ферментацыяй) гідралізату атрымліваюць харч. глюкозу, тэхн. ксілозу, шмататамныя спірты (ксіліт, сарбіт), гліцэрыну, этыленгліколь, этылавы спірт, ацэтон, бялковыя кармавыя дрожджы, вітаміны і інш. З гідролізнага лігніну атрымліваюць адсарбенты, арганамінер. ўгнаенні, паліва і інш. прадукты тэхн. прызначэння. Гл. таксама Гідролізная прамысловасць.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

батахро́мны

(ад батахромы)

б. эфект — змена афарбоўкі арганічных злучэнняў пры змяненні іх хімічнай будовы ў бок паглыблення колеру — пераход ад жоўтага праз аранжавы, чырвоны, фіялетавы, сіні да зялёнага колеру (параўн. гіпсахромны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бітумініза́цыя

(ад бітумы)

1) запаўненне трэшчын у грунтах і горных пародах расплаўленымі прыроднымі бітумамі;

2) разбурэнне арганічных рэчываў, у выніку якога ў іх павялічваецца колькасць вугляроду і ўтвараюцца парафіны і нафтэны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біястэ́лы

(ад бія- + стэла)

вертыкальныя нагрувашчванні біястромаў або лінз арганічных вапнякоў у выглядзе слупоў або штокаў 2, якія ўтвараюцца на прыўзнятых участках дна вадаёмаў ад працяглага нарастання арганізмаў на адным месцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стэро́іды

(ад гр. stereos = цвёрды + -оід)

група арганічных рэчываў расліннага і жывёльнага паходжання (стэрыны, гармоны кары наднырачных залоз, жоўцевыя кіслоты, палавыя гармоны і інш.), якія маюць важнае значэнне для жыццядзейнасці арганізмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

асіміля́цыя

(лац. assimilatio)

1) біял. утварэнне складаных арганічных рэчываў з больш простых у працэсе жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў (проціл. дысіміляцыя 1);

2) зліццё аднаго народа з другім у выніку засваення ім чужой мовы і культуры і паступовай страты самабытнасці;

3) лінгв. прыпадабненне гукаў пры вымаўленні (проціл. дысіміляцыя 2).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)