АФРЫКА́НСКАЕ ПРО́СА,

негрыцянскае проса, перыстамяшэй амерыканскі (Pennisetum americanum), гібрыдная кветкавая расліна сям. метлюжковых з роду перыстамяшэй. Радзіма — Афрыка. Культывуецца ў засушлівых раёнах Афрыкі і Азіі, менш на Пд Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі.

Аднагадовая травяністая расліна са шматлікімі высокімі (да 3 м і больш) сцёбламі і доўгім шырокім лісцем. Суквецце — густая цыліндрычная або эліпсападобная, коласападобная мяцёлка. Зярняўкі авальна-яйцападобныя або грушападобныя; белыя або шэрыя, багатыя бялком (12—13%), крухмалам (да 60%) і алеем (да 7%). Збожжавая і кармавая святло- і цеплалюбівая, засухаўстойлівая расліна, непатрабавальная да глебавых умоў. Размнажаюць насеннем. Апрацоўваецца, як прапашная культура.

Г.У.Вынаеў.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРД (Beard) Чарлз Остын

(27.11.1874, Найтстаўн, штат Індыяна, ЗША — 1.9.1948),

амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў эканам. кірунку ў гістарыяграфіі ЗША. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1904—17 — праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку і ун-та ў Балтымары. Адзін з заснавальнікаў новай школы сац. даследаванняў у Нью-Йорку (1919). З 1933 прэзідэнт Амер. гіст. асацыяцыі. Даследаваў уплыў эканомікі на развіццё грамадскіх ін-таў ЗША, ролю эканам. і сац. фактараў у гісторыі і інш. Асн. працы: «Эканамічнае тлумачэнне канстытуцыі ЗША» (1913), «Развіццё амерыканскай цывілізацыі» (т. 1—2, 1927, разам з М.Р.Бірд) і інш.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЯНТ (Bryant) Уільям Кален

(3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),

амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.

Н.М.Саркісава.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖМЕН (Bridgman) Персі Уільямс

(21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),

амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус. пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус. пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РБЕР (Barber) Сэмюэл

(9.3.1910, Уэст-Чэстэр, штат Пенсільванія, ЗША — 23.1.1981),

амерыканскі кампазітар. Скончыў Муз. ін-т Кёртыс у Філадэльфіі (1928), выкладаў у ім (1939—41). Выступаў як спявак і дырыжор. Сталыя творы Барбера спалучаюць рысы рамантызму і неакласіцызму. Асн. тв.: оперы «Ванеса» (1958), «Антоній і Клеапатра» (1966), камерная «Партыя ў брыдж» (1959); балет «Змяінае сэрца» (1946, 2-я рэд. 1947; на яго аснове арк. сюіта «Медэя»); кантата «Малітва К’еркегора» (1954); 2 сімфоніі; Адажыо для стр. арк.; канцэрты з арк. для фп., скрыпкі, віяланчэлі; камерна-інстр. ансамблі; саната для фп.; хары; цыклы песень на сл. Дж.Джойса і Р.М.Рыльке.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБС (Gibbs) Джозая Уілард

(11.2.1839, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 28.4.1903),

амерыканскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі і статыстычнай механікі. Чл. Нац. АН ЗША, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1807). Скончыў Іельскі ун-т (1863), дзе працаваў з 1869. Распрацаваў тэорыю тэрмадынамічных патэнцыялаў, адкрыў агульную ўмову раўнавагі гетэрагенных сістэм (1875; гл. Гібса правіла фаз), устанавіў фундаментальны закон статыстычнай фізікі — Гібса размеркаванне. У працы «Асноўныя прынцыпы статыстычнай механікі, выкладзеныя са спецыяльным прымяненнем да рацыянальнага абгрунтавання тэрмадынамікі» завяршыў стварэнне класічнай статыстычнай фізікі (1902).

Літ.:

Франкфурт У.И., Френк А.М. Джозайя Виллард Гиббс. М., 1964.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЬЁ (Vigneaud) Вінсент Дзю

(18.5.1901, г. Чыкага, ЗША — 11.12.1978),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1944). Скончыў Ілінойскі ун-т (1923) і Мед. школу Рочэстэрскага ун-та (1927). З 1929 у Ілінойскім ун-це, з 1932 праф. ун-та Дж.Вашынгтона, у 1938—75 Корнелскага ун-та. Навук. працы па хіміі гармонаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Даследаваў хім. будову інсуліну і біяціну, устанавіў структуру і сінтэзаваў вазапрэсін, аксітацын, вітаміны групы В. Прапанаваў метады сінтэзу, ачысткі і вылучэння антыбіётыкаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Літ.:

Волков В.А., Вонскнй Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 157.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУД (Wood) Роберт Уільямс

(2.5.1868, г. Конкард, штат Масачусетс, ЗША — 11.8.1955),

амерыканскі фізік-эксперыментатар, заснавальнік ультрафіялетавай і інфрачырвонай фатаграфіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1912), ганаровы чл. АН СССР (1930). Скончыў Гарвардскі ун-т (1891). У 1901—38 праф. ун-та Дж.Хопкінса ў Балтымары. Навук. працы па фіз. оптыцы. Адкрыў аптычны рэзананс (1902). Заклаў асновы тэорыі атамных і малекулярных спектраў. Зрабіў значны ўклад у стварэнне аптычных прылад (спектрографаў, дыфракцыйных рашотак, установак для атрымання спектраў камбінацыйнага рассеяння і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Физическая оптика. М.; Л., 1936.

Літ.:

Сибрук В. Роберт Вуд: Пер. с англ. 5 изд. М., 1985.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРЭ́ЗЫ

(Rynchopidae),

сямейства птушак атр. сеўцападобных. 3 віды: вадарэз афрыканскі (Rynchops flavirostis), вадарэз амерыканскі, або чорны (R. nigra), вадарэз індыйскі (R. albicollis). Жывуць у тропіках у вусцях вял. рэк, каля марскіх узбярэжжаў і на вял. унутр. вадаёмах Афрыкі, Паўд. Амерыкі, ПдУ Паўн. Амерыкі, Індастана і часткі Індакітая.

Даўж. да 45 см. Зверху чорныя, знізу белыя. Крылы доўгія і вострыя. Дзюба доўгая, ніжняя частка на ​1/3 даўжэйшая за верхнюю. Ногі кароткія. Шчылінападобная зрэнка — выключэнне ў класе птушак Лятаюць над вадой у пошуках корму, здабываюць дробную рыбу, вадзяных насякомых, рачкоў. Гнёзды на водмелях пясчаных астравоў. Нясуць 2—5 яец.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНБЕРГ (Weinberg) Стэвен

(н. 3.5.1933, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1972). Скончыў Карнельскі ун-т (1954). З 1957 праф. розных ун-таў ЗША, з 1973 — Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, тэорыі гравітацыі, касмалогіі. Незалежна ад А.Салама прапанаваў адзіную мадэль слабага і эл.-магн. ўзаемадзеяння (тэорыя Вайнберга—Салама), выказаў гіпотэзу глюонаў. заклаў асновы кіральнай дынамікі — новага кірунку ў тэорыі элементарных часціц. Нобелеўская прэмія 1979.

Тв.:

Гравитация и космология. М., 1975;

Единые теории взаимодействия элементарных частиц // Успехи физ. наук. 1976. Т. 118, вып. 3;

Первые три минуты. М., 1981.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)