ДАГЕРАТЫ́ПІЯ (ад імя франц. вынаходніка Л.Ж.Дагера),

першы з набыўшых пашырэнне спосабаў фатаграфіі, заснаваны на выкарыстанні святлоадчувальных матэрыялаў, якія маюць галагеніды серабра. Прапанаваны ў 1839 (лічыцца годам заснавання фатаграфіі). Выкарыстоўваўся пераважна для партрэтнай здымкі да вынаходства мокракаладыйнага працэсу. Асн. недахопы дагератыпіі — нізкая святлоадчувальнасць фотапласцінак, немагчымасць атрымання копій з выявы.

т. 5, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ЦІН Яфім Ізраілевіч (2.9.1913, г. Магілёў — 23.8.1965),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскае ваен.-паліт. вучылішча імя Энгельса (1944). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1942 на Варонежскім, Сцяпным франтах. Мінамётны ўзвод на чале з сяржантам З. вызначыўся 24—25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг (Украіна).

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРЭСА́РЫО (італьян. impresario ад imprendere пачынаць),

у некаторых краінах прыватны прадпрымальнік, арганізатар відовішчных прадпрыемстваў, канцэртаў або агент, які дзейнічае ад імя вядомага артыста, заключае для яго кантракты, арганізуе гастролі і інш. У Італіі ў 16—18 ст. І. наз. арганізатараў, уладальнікаў прыватных труп, дырэктараў тэатраў. Гл. таксама Антрэпрэнёр.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НСКІ Віктар Мікалаевіч (17.9.1903, г. Магілёў — 17.8.1963),

генерал-лейтэнант (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на Зах., 1-м Бел. франтах: нам. камандзіра дывізіі, стралк. корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, у Сталінградзе, пад Курскам, Берлінам. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКУНО́Ў Мікалай Аляксеевіч (4.5.1911, в. Станіславова Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). У Чырв. Арміі з 1930. З 1945 на 2-м Далёкаўсх. фронце. Падпалкоўнік Л. вызначыўся 11.8.1945 пры авалоданні вузлом супраціўлення яп. войск. Памёр ад ран.

М.А.Ласкуноў.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАВА ПЯТЛЯ́,

«мёртвая пятля», адна з фігур вышэйшага складанага пілатажу, якая ўяўляе сабой замкнутую крывую ў верт. плоскасці. Назва ад імя П.М.Несцерава. Асобныя элементы Н.п. выкарыстоўваліся ў паветр. баях у 1-ю і 2-ю сусв. войны, таксама пры выпрабаванні авіяц. тэхнікі, у спаборніцтвах і інш.

Несцерава пятля.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГІ́МНІЯ, Палімнія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз. Лічылася дачкой Зеўса і Мнемасіны. П. — муза сур’ёзнай гімнічнай паэзіі, ёй прыпісвалі вынаходніцтва ліры. Імя П. паказвае на тое, што паэты — стваральнікі гімнаў набывалі бессмяротную славу. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі П. ў задуменнай позе і са скруткам у руках.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНЕЛО́ПА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі і паэме «Адысея» жонка цара Ітакі Адысея. Яна 20 гадоў чакала з Траянскай вайны мужа, якога ўсе лічылі загінуўшым, не прымала настойлівых дамаганняў шматлікіх жаніхоў. Калі Адысей тайна вярнуўся і знішчыў жаніхоў, П. пазнала ў ім свайго мужа. Імя П. — сімвал вернай, адданай жонкі.

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́УНА,

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі багіня лясоў і палёў, апякунка жывёл. Лічылася вучонай дачкой бога Фаўна, якая, каб пазбегнуць кровазмяшальнай сувязі з бацькам, прыняла выгляд змяі. У пазнейшыя часы атаясамлівалася з багіняй-мацеркай Бонай Дэа (Bona Dea). Ад яе імя пайшоў навук. тэрмін фауна для абазначэння жывёльнага свету.

т. 16, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)