ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ШКО́ДНАСЦІ,

фактары працоўнага працэсу і вытворчай сферы, якія аказваюць прамое або ўскоснае неспрыяльнае ўздзеянне на стан здароўя і працаздольнасць чалавека. Могуць выклікаць прафесійныя хваробы. Да П.ш. належаць хім. (таксічныя рэчывы і інш.), фіз. (шум, вібрацыя, ультрагук, іанізаваныя, лазерныя і інш. выпрамяненні, электрамагнітныя палі і інш.), біял. (узбуджальнікі інфекц. захворванняў, гармоны, антыбіётыкі і інш.) фактары; вымушанае нязручнае становішча цела ў час працы, нерв.-псіхічнае, зрокавае, слыхавое напружанне і інш. Падзяляюць на 2 групы: небяспечныя фактары, якія выклікаюць вострае парушэнне здароўя і гібель арганізма і шкодныя фактары, якія аказваюць адмоўны ўплыў на працаздольнасць або выклікаюць прафес. хваробы. Пры ўдасканаленні ўмоў працы П.ш. могуць памяншацца або ліквідавацца. З мэтай прафілактыкі П.ш. праводзяцца перыяд. мед. агляды працуючых.

М.​В.​Шчавелева.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРА́НАЎ-САКАЛО́Ў (Ігар Васілевіч) (18.6.1907, с. Вял. Якшань Ніжагародскай вобл., Расія — 19.5.1996),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1929 у Фіз.-хім. ін-це імя Л.​Я.​Карпава, адначасова (з 1947) праф. Маскоўскага хіміка-тэхнал. ін-та, гал. рэдактар час. «Химия и жизнь» (з 1964). Навук. працы па фізікахіміі аэрадысперсных сістэм. Распрацаваў метады даследавання аэразоляў (1933—39), даследаваў законы іх фільтрацыі. Прапанаваў метад атрымання і тэхналогію вытв-сці прынцыпова новых звышэфектыўных тонкавалакністых фільтравальных матэрыялаў (фільтры П.; 1936—38), а таксама матэрыялы для засцярогі ад вытв. і бытавога шумаў. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Волокнистые фильтрующие материалы ФП. М., 1968 (у сааўт.).

І.В.Пятранаў-Сакалоў.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»

(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),

навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр. т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.​Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.​Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.​Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.​Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.​Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.​Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.​Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.​Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.​Аксамітава, В.​Бандарчыка, М.​Чурак, Я.​Чачота, М.​Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЧАДЗІ ((Acsády) Ігнац) (9.9.1845, г. Надзькарай, Венгрыя — 17.12.1906),

венгерскі гісторык. Чл.-кар. Венгерскай АН (1888). Аўтар прац па сац.-эканам. гісторыі феад. Венгрыі, у т. л. «Землеўладанне ў Венгрыі 1494—1598» (1894), «Гісторыя венгерскага прыгоннага сялянства» (1906). Працы Ачадзі змяшчаюць вялікі фактычны матэрыял.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛДЗІН (Аляксандр Міхайлавіч) (20.11.1892, г. Сімбірск, Расія — 27.9.1963),

савецкі хірург. Д-р мед. н. (1947), праф. (1948). Скончыў мед. ф-т Казанскага ун-та (1916). З 1950 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па хірургіі страўнікава-кішачнага тракту і жоўцевых шляхоў.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Франц Вікенцьевіч) (1864, в. Клесель Рэчыцкага пав. — 10.6.1933),

бел. хірург. Д-р медыцыны (1900). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1889). З 1914 урач у бальніцах Гомеля, Мазыра. Працы па даследаванні хвароб органаў брушной поласці, па клінічнай хірургіі і арганізацыі хірург. дапамогі.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ ПРА́ЦЫ»,

газета. Выдавалася з 3.2 да 26.5.1934 у Вільні на бел. мове Бел. нацыяналістычнай сябрынай (БНС). Друкавала заклікі, дакументы і праграмы БНС па пытаннях нац. адраджэння, барацьбы з голадам, хваробамі і інш. Мела рубрыкі: «Апошнія весткі», «Хроніка», «Адказы», «Аб’явы». Выйшла 5 нумароў.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Жазеф Луі Франсуа) (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́НІНГС ((Jennings) Герберт Спенсер) (1868—1947),

амерыканскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Расійскай АН з 1924. Праф. заалогіі ун-та Дж.​Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па генетыцы папуляцый і экалогіі жывёл, фізіялогіі размнажэння, спадчыннасці і паводзін прасцейшых і інш. ніжэйшых жывёл.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁРЛ ((Curl) Роберт) (н. 23.8.1933, г. Аліс, ЗША),

амерыканскі хімік. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1957). З 1958 ва ун-це У.​М.​Райса (г. Х’юстан; з 1967 праф.). Навук. працы па даследаванні адкрытых ім фулерэнаў (1985). Нобелеўская прэмія 1996 (з Г.Крота, Р.Смелі).

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)