А́ЛЬБІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Беларусі, у Акцябрскім р-не Гомельскай вобл. За 27 км на З ад г.п. Акцябрскі. Створана ў 1976 для жыўлення канала ў летні перыяд і рэгулявання водна-паветранага рэжыму меліяраваных глебаў. Пл. 0,63 км². Даўж. 1,15 км, найб. шыр. 0,7 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,4 млн. м³. Напаўняецца вадой помпамі з Слаўкавіцка-Ямінскага канала ў перыяд веснавога разводдзя.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЕВЫ ГАЛЫ́Н,

комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных соляў тыпу M [Al(SO4)2]∙12H2O (M—K, Na, NH4 і інш.). Бясколерныя крышталі, растваральныя ў вадзе, пры награванні страчваюць крышталізацыйную ваду з утварэннем т.зв. паленага галыну. Найб. ужывальны алюмакаліевы галын; атрымліваюць апрацоўкай баксіту ці гліны гарачай сернай кіслатой з наступным дабаўленнем да раствору сульфату калію. Выкарыстоўваюць пры фарбаванні тканін, дубленні скур, праклейванні паперы, ачыстцы вады, у медыцыне як дэзінфекцыйны і вяжучы сродак.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета

(каля 588 — каля 525 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЫДЖЭ (Adige),

рака на Пн Італіі. Даўж. 410 км, пл. бас. 14,7 тыс. км², большая ч. — у Альпах. Пачынаецца на З Эцтальскіх Альпаў, да г. Верона цячэ ў трогавай даліне, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Упадае ў Адрыятычнае м., утвараючы агульную дэльту з р. По. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні расход вады 266 м³/сек. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На рацэ г. Верона.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Н,

O3, алатропная мадыфікацыя кіслароду. Газ сіняга колеру, з рэзкім пахам, tкіп -112 °C, моцны акісляльнік, у вял. канцэнтрацыях раскладаецца з выбухам, утварае азаніды. Асн. колькасць азону ў прыродзе знаходзіцца ў азанасферы Зямлі. Атрымліваюць дзеяннем эл. разраду ці УФ-выпрамянення на паветра. Выкарыстоўваюць для дэзінфекцыі вады, паветра, адбельвання тканін, мінер. масла, як бактэрыцыдны сродак. Лішак азону шкодны для жывых арганізмаў, ГДК у паветры 1 мг/м³.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАСТА́ННІ, перыфітон,

сукупнасць водных арганізмаў, якія пасяляюцца на штучных (днішчы суднаў, буі, збудаванні на па́лях, трубаправоды, прычалы) і прыродных (камяні, карчы, вышэйшыя водныя расліны і інш.) цвёрдых субстратах. Складаюцца з бактэрый, грыбоў, прасцейшых, водарасцяў, чарвей, імшанак, малюскаў, губак. З’яўляюцца прыродным біяфільтрам, індыкатарам якасці вады, прадуцэнтам арган. рэчываў, кармавой базай і сховішчам для водных жывёл. Прыносяць вял. страты засмечваннем водазабіральных адтулін, трубаправодаў, памяншаюць скорасць руху суднаў і г.д.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́А́БІ, Абу-Забі,

горад, сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і эмірата Абу-Дабі. 328 тыс. ж. (1992). Размешчаны на прыбярэжным востраве Персідскага зал., які злучаны з мацерыком дамбамі і мастамі. Буйны прамысл., культ. і гандл. цэнтр, другі па велічыні порт краіны. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр нафтаздабычы. Нафтаперапр. і газаперапр. прам-сць; цэментны, металургічны, пластмасавых труб з-ды; прадпрыемства па апрасненні вады. Суднабудаванне. Рыбалоўства.

Горад Абу-Дабі.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУВІ́МІ (Aruwimi),

рака ў Афрыцы, у Заіры, правы прыток р. Конга. Даўж. каля 1300 км, пл. бас. 116 тыс. км². Пачынаецца ў Сініх гарах пад назвай Ітуры (на З ад воз. Мабуту-Сесе-Сека), цячэ на плато, потым спускаецца ва ўпадзіну Конга. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады. Паводкі (сак.кастр.). Сярэдні расход вады 2 тыс. м³/с. Суднаходная на працягу 60 км ад вусця.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,

водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).

Выкарыстанне архімедавага вінта для перамяшчэння вады: 1 — труба; 2 — архімедаў вінт; 3 — ветравы рухавік.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІН-ВО́САЎЦЫ,

вадасховішча ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., за 14 км на Пд ад г. Драгічын, каля в. Белін. Створана ў 1984 для рыбагадоўлі, арашэння. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з Белінскага і навакольных каналаў. Пл. 0,62 км², даўж. 3,39 км, найб. шыр. 0,4 км, найб. глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 2,32 млн. м³. Берагі спадзістыя, вакол вадасховішча лесапасадкі. Мае мясц. рэкрэацыйнае значэнне.

т. 3, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)