КАРА́СІК (Юлій Юр’евіч) (н. 24.8.1923, г. Херсон, Украіна),
расійскі рэжысёр. Нар. арт. РСФСР (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на кінастудыях Свярдлоўскай, «Ленфільм» і «Масфільм». Фільмы вызначаюцца псіхал. манерай апавядальнасці, яркімі акцёрскімі работамі: «Дзікі сабака Дзінга» (паводле Р.Фраермана, 1962, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Шостае ліпеня» (паводле М.Шатрова, 1968, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Чайка» (1972), «Самы гарачы месяц» (1974) і інш. У 1979 паставіў тэлефільм «Шклянка вады» (паводле Э.Скрыба).
т. 8, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСЕ́КА (Раман Міхайлавіч) (н. 1.5.1936, в. Ахрэмавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1967), праф. (1992). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957; цяпер Бел. дзярж. эканам. ун-т), працуе ў ім з 1965 (з 1979 прарэктар, з 1991 рэктар). Даследуе праблемы эканомікі і арганізацыі гандлю, развіцця вышэйшай эканам. адукацыі. Аўтар навук. дапаможнікаў для ВНУ «Арганізацыя гандлю» (1985), «Кіраванне працэсамі працы на прадпрыемствах гандлю» (1993, з М.І.Кабушкіным) і інш.
т. 8, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ТНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.6.1930, Масква — 9.10.1994),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1993). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Сярод твораў: оперы «Тыль Уленшпігель» (1984), «Містэрыя апостала Паўла» (1986), балеты «Геолагі» (паст. 1963), «Ваніна Ваніні» паводле Стэндаля (паст. 1961), «Малы Цахес, празваны Цыноберам» паводле Э.Т.А.Гофмана (паст. 1970); «Пяць духоўных песнапенняў» (1970); 5 сімфоній (1950—69); камерна-інстр. ансамблі; канцэрт для духавых інструментаў (1968); фп. п’есы; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.
т. 8, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,
орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),
старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.
т. 8, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСУ́МАЎ (Імран Ашум аглы) (25.9.1918, Баку — 20.4.1981),
азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Першы значны твор — кінасцэнарый «Падземны гул» (1937) прысвечаны геолагам-нафтавікам. Аўтар п’ес «Мара» (1938), «Мора любіць адважных» (1954), «Шырэй круг» (1954), аповесці «На дальніх берагах» (1954), рамана «Гады праходзяць» (1973, з Г.Сеідбейлі). Сцэнарыст маст.-дакументальных кінафільмаў «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» і «Пакарыцелі мора» (Ленінская прэмія 1961). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Ткачоў.
Тв.:
Рус. пер. — Высокое назначение: Публицистика разных лет. М., 1979.
т. 8, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЫ́МАЎ (Мухамеджан) (9.5.1907, г. Рыштан Ферганскай вобл., Узбекістан — 5.7.1971),
таджыкскі акцёр. Нар. арт. СССР (1941). Вучыўся ў Какандскім пед. і Ташкенцкім каап. тэхнікумах, удзельнічаў у тэатр. самадзейнасці. З 1931 у трупе Таджыкскага т-ра імя Лахуці (Душанбе), з пач. 1940-х г. вядучы акцёр гэтага т-ра. Сярод лепшых ролей: Рахімбек («Чырвонапалачнікі» С.Улуг-зада), Саліх-бай («Бай і батрак» Хамзы), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Атэла, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.Шэкспіра). Займаўся рэжысёрскай дзейнасцю. Здымаўся ў кіно.
т. 8, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХЕЦІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1659,
нацыянальна-вызв. паўстанне супраць іранскага панавання ва Усх. Грузіі (Кахеты). Выклікана намерам правіцеляў Ірана засяліць раўніны Кахеты туркм. качавымі плямёнамі, што пагражала знішчэннем мясц. груз. насельніцтву. Паўстанне ўзначальвалі Б.Чалакашвілі, ксанскі эрыстаў (правіцель) Шалва і яго брат Элізбар (загінулі ў баях). У паданнях апеты подзвігі нар. герояў З.Гапрындаулі, Н.Хашураулі, Гагалауры і інш. Кахецінцы разам з мясц. горцамі выгналі са сваіх зямель іранскія войскі і туркм. пасяленцаў; правіцелі Ірана былі вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.
т. 8, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕВО́РКАЎ (Сцяпан Агабекавіч) (1.4.1903, Масква — 1990),
армянскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1930). Працаваў на студыі «Азеркіно». З 1933 на студыі «Масфільм», з 1936 — «Арменфільм» (у 1949—51 дырэктар). З рэж. Э.Карамянам стварыў фільмы: «Горны марш» (1939), «Прывіды пакідаюць вяршыні» (1955), «Сцежкаю грому» (1956), «Асабіста вядомы» («Камо», 1958), «Надзвычайнае даручэнне» (1965), «Выбух пасля поўначы» (1968), «Апошні подзвіг Камо» (1974, з Р.Г.Мелік-Авакянам) і інш. Дзярж. прэмія Арменіі 1967.
т. 8, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫЕ́НКА (Зінаіда Міхайлаўна) (н. 9.7.1933, г. Махачкала, Дагестан),
расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1977).
Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Акцёрскае майстэрства вызначаецца эмацыянальнай напружанасцю, драматычнай насычанасцю ў спалучэнні з тонкім лірызмам. Сярод роляў: Наталля («Ціхі Дон», 1957—58), Кацярына («Паэма пра мора», 1958), Ірына («Лёс чалавека», 1959), Марыя («Аповесць палымяных гадоў», 1961), Ефрасіння Дзяругіна ў фільмах «Любоў зямная» (1975) і «Лёс» (1978; Дзярж. прэмія СССР і Залаты медаль імя Даўжэнкі 1979), Аляксандра Пераганец («Яны былі акцёрамі», 1981).
т. 8, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)