зваць, заву, завеш, заве; завём, завяце; незак., каго-што.
1. Голасам або кіўком запрашаць падысці ці абазвацца; клікаць. Зваць да сябе дзяцей. □ Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // Запрашаць куды‑н. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці. Лынькоў. На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Заклікаць, агітаваць да выканання чаго‑н. Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Адась:] Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады. Козел. // перан. Прывабліваць, прыцягваць. Вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй. Чорны. Сонца.. вабіла і звала да сябе малога Янку. Бядуля.
2. Называць. Івана Сцяпанавіча і Мар’ю Сцяпанаўну Юра зваў татам і мамай... Васілевіч. Салаўіны гай, а побач — вёска, І завуць Мядзведзічы яе. Бялевіч.
•••
Памінай як звалі гл. памінаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пас 1, ‑а, м.
1. Прыстасаванне для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма. Малатарня ўжо стаяла напагатове, злучаная пасам з Ладуцькавым трактарам «Беларусь». Хадкевіч. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар. Шамякін.
2. Тое, што і пояс (у 1 знач.), пасак. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Колас. // Паласа. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Бядуля.
пас 2, ‑а, м.
Перадача мяча, шайбы і пад. каму‑н. з ігракоў сваёй каманды ў спартыўнай гульні. Дакладны пас.
[Ад англ. pass — перадаваць.]
пас 3, выкл.
1. Пры гульні ў карты — вокліч аб адказе ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.
2. перан.; у знач. вык. Разм. Няма сіл, магчымасцей; вымушаны адмовіцца што‑н. рабіць (зрабіць). Аматар траскатні з трыбуны ўзнімае «шквал» Пра статыстычны «вал», Як аб прагрэсе, дасягненні веку... А што дае канкрэтнаму ён чалавеку, Як паляпшае дабрабыт ён мас — Аратар «пас». Валасевіч.
[Ад фр. (je) passe — прапускаю, не гуляю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. растрос, ‑трасла і ‑трасла, ‑трэсла і ‑трасло; зак., каго-што.
1. Трасучы, раскідаць, рассыпаць. Растрэсці сена. □ [Іван:] — Чорныя латы Саломы вецер растрос ля дарогі. Танк.
2. Разм. Разгубіць дарогай. Пуд сена рас трос за дарогу. // перан. Страціць, згубіць. — Годз[е] ўжо, Папас, не бі ты, І так розум ён [Сымон] растрос. Колас. [Загорскі:] — А раскольнікі — харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй, — мову, звычаі — збераглі, не растрэслі... Караткевіч.
3. Разбурыць, прымусіць распасціся. Растрэсці сноп. □ [Бабка:] — Зноў смыкаеш тую цыбулю? Увесь вянок зараз растрасеш! Каліна. — Гняздо маё Растрэсла навальніца І з дзеткамі мне недзе прытуліцца, — Чырыкаў Верабей пра зорачка сваё. Валасевіч. // Зрабіць непрыгодным, няспраўным; разбіць. Я пашкадаваў ужо, што так не па-людску абышоўся з Карлам — яшчэ, чаго добрага, растрасе калымагу. Сачанка.
4. Натаміць, намучыць пры трасучай яздзе. — Растрасяце хлопца па шашы, а тут ці мала яго натузалі. Чарнышэвіч. Легкавой машыны .. няма, а на грузавой бакі растрасеш па карчах. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які патрабуе хуткага выканання; тэрміновы. За дзвярыма грукаталі боты, Над сталом задумаўся марксіст І, адклаўшы спешную работу, Малаком пісаў па волю ліст. Грахоўскі. Як Антось мацней за ўсіх бегае, то яму даваліся найбольш спешныя заданні. Кулакоўскі. Калгас засыпаны дэпешамі З Масквы, Туркменіі, Дняпра, — І ўсе вітальныя і спешныя, То ад Івана, то Пятра. Астрэйка. // Які выконвае што‑н. тэрміновае. Красуняй паланянкай паланёны, ён [Кайдан] выгнаў нават спешнага ганца, прысланага з далёкага загону, дагаварыць не даўшы да канца. А. Вольскі.
2. Які робіцца або адбываецца хутка; паспешлівы. Дзед Талаш з сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу. Колас. У штабах спешным парадкам складалі спісы. Пальчэўскі. Сяргееў быў здаволены, што хлопец не робіць спешных вывадаў, а цвяроза ацэньвае абстаноўку. Федасеенка. Чалавек дваццаць паліцыянтаў скакала на конях спешнай рыссю. Пестрак. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. А Казік падбег да бацькі і, Юзік чуў, казаў ён спешным дрыжачым голасам: — Злодзей!.. Злодзей... Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шах 1, ‑а, м.
Тытул манарха ў некаторых краінах Усходу. // Асоба, якая носіць гэты тытул. [Даніла Платонавіч:] — Прачытаў гэтыя вершы шах, уладар краіны, і паклікаў паэта. Шамякін.
[Перс. šāh — цар.]
шах 2, ‑а, м.
У шахматнай гульні — нападзенне якой‑н. фігуры або пешкі на караля праціўніка. — А мы, — сказаў Ігнат, — канём аб’явім шах. Корбан.
•••
Вечны шах — безупынныя нападзенні адной або некалькіх фігур на караля праціўніка, ад якіх кароль не можа пазбавіцца і вымушаны паўтараць адны і тыя ж хады.
[Перс. šāh — цар.]
шах 3, выкл.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шумных адрывістых гукаў. [Толік] перахапіў далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч. Чутно было, як правальваўся пад дзядзькавымі нагамі снег: шах! шах! шах! М. Стральцоў. — Шах-шах, шах-шах, — праходзілі.. [салдаты] роўнымі радамі. Арабей.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шахаць — шахнуць. На спіну ўпаў, гатовы к бою, І — шах арла ён [заяц] з усіх сіл! Колас. Глянуў скоса страшны шах — Галованька з плячэй — шах. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гразь, ‑і, ж.
1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.
2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.
3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.
4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.
•••
Абліць граззю гл. абліць.
Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.
Зарасці граззю гл. зарасці.
Затаптаць у гразь гл. затаптаць.
Змяшаць з граззю гл. змяшаць.
Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.
Як гразі чаго — вельмі многа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злажы́цца, злажуся, зложышся, зложыцца; зак.
1. Даць грошы на якую‑н. агульную справу (пра ўсіх, многіх); скласціся (у 6 знач.). — Таварыш кантралёр! — рэзка падняў руку пасажыр у капелюшы, у добрым лёгкім паліто.. — Колькі з гэтай жанчыны патрэбна?.. Я плачу за яе, ці мы .. усе пасажыры зложымся. Скрыган.
2. Прыняць адпаведную позу для стральбы па цэлі. Сяргей злажыўся і стрэліў, фанера з малюнкамі перавярнулася дагары нагамі. Гурскі.
3. Разм. Набыць навыкі, спрыт у выкананні якой‑н. работы. — Я шафёр.. У салдатах злажыўся і правы цяпер маю. Думаю на базе з пад’ёмнага крана за руль сесці. Пташнікаў. Як падымалі, трывожылі думку і некуды звалі.. кніжкі! І можа ад тых кніжак я сам злажыўся пісаць... Скрыган.
4. Атрымацца ў працэсе творчасці. Я падслухаю Гэты шум лістоў, А з іх гутаркі Песня зложыцца. Колас. // Узнікнуць, з’явіцца (пра погляды, думкі і пад.). У яго галаве злажыліся выразныя думкі наконт знойдзенага кавалка жалеза. Гартны.
5. Арганізавацца, стварыцца. — Цяпер я зноў у Загор’і. У нас тут злажыўся краязнаўчы гурток. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пага́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Мярзотны, подлы. Паганы чалавек. □ Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая здрадніцкая місія, скончана. Колас. Партызаны .. вартавалі вёску ад паганых гасцей. Чорны. // Дрэнны, нядобры. Паганае надвор’е. □ Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, а дарога паганая. Колас. / Пра характар, звычкі, душэўны стан і пад. Паганы настрой. Паганы характар.
2. Прызначаны для смецця, нечыстот; брудны. Паганае вядро.
3. Які нельга есці, ядавіты. Паганы грыб.
4. Злы, куслівы (пра сабаку). [Мужык:] — Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся. Якімовіч.
5. Уст. Нехрысціянскі, язычніцкі. Паганыя ідалы. // Забаронены рэлігіяй. Паганая ежа. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень сварку. Чарот.
6. Разм. Не варты ўвагі. І зусім незразумела, навошта было падымаць такі шум з-за гэтай паганай двойкі? Краўчанка.
7. у знач. наз. пага́нае, ‑ага, н. Што‑н. дрэннае, нядобрае. Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ско́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Які адбываецца з вялікай скорасцю. Сябры выходзяць крокам скорым. Сядзяць за півам, выпіваюць, Аб розных справах разважаюць. Колас. // Які рухаецца з вялікай скорасцю. Скоры поезд. / у знач. наз. ско́ры, ‑ага, м. Яшчэ некалькі секунд — і вось ужо скоры як віхор праляцеў міма. Васілёнак.
2. Разм. Здольны імкліва, хутка дзейнічаць. Скоры ў рабоце. □ А Уладзік .. быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваімі сябрукамі. Колас. Каб мне тады сённяшні розум! Але я — ад роду купаны ў гарачай вадзе — у той час быў вельмі скоры на рашэнне. Карпюк. // Схільны спяшацца; нецярплівы. [Міхальчук:] — Хай ідзе ячмень. На тыдзень хопіць для малатарні? [Мікалай:] — Які ты ў мяне скоры! Хаця б за два ўправіліся. Якімовіч. Як да чаркі — скоры, як да працы — хворы. Прыказка.
3. Які адбываецца хутка, у кароткі тэрмін. Скоры ад’езд.
4. Такі, які павінен адбыцца ў хуткім часе. [Валошын:] Пайшлі, таварышы, Пайшлі. Да скорага спаткання, хлопцы. Глебка.
•••
На скорую руку гл. рука.
На скорым часе гл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвала́, ‑ы, ж.
1. Праслаўленне, усхваленне. Дык урачыста, з пачуццём Братэрства нашых сэрцаў, — хорам, Браты, уславім залп «Аўроры», Хвалу Кастрычніку спяём! А. Александровіч. Пайшла пра звеннявую на ўвесь край Такая слава і хвала, Што і сама таго Агата ўцяміць не магла. Маеўскі. // Адабрэнне, добры водзыў, пахвала. Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх. Колас.
2. у знач. вык. Вокліч захаплення, прызнання, удзячнасці каму‑, чаму‑н. Хвала вам, адважных героі! □ Хвала табе, Кастрычніка дзяржава! Машара. І земляроб у кожным доме, на кожнай ніве паўтарыў: — Хвала дажджу!.. Вялюгін.
3. Разм. Рэпутацыя каго‑н., агульная думка пра каго‑н. Граф Кісялёў, які «заваяваў» сабе хвалу «рэфарматара», не вельмі спяшаўся зрабіць вывады. «Полымя».
•••
Адна хвала — усё роўна. [Цімох:] — Ці так або сяк прападу — Адна табе ўсюды хвала. Колас. Адзін хоць з’еш вала — усё адна хвала. Прыказка.
Пець хвалу гл. пець.
Хвала богу (у знач. пабочн.) — тое, што і дзякуй (дзякаваць) богу (гл. дзякуй).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)