казыра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хадзіць з казырнай карты.

2. перан.; чым. Выстаўляць што‑н. як сваю перавагу; выхваляцца чым‑н. [Лабановіч] прыгадаў аднаго слуцкага рамізніка, які меў княжацкі тытул і ў крытычных выпадках казыраў ім. Колас. — А ты, хлопча, не дужа казырай сваімі ведамі, бо ведаеш усё гэта з газет. Скрыпка.

казыра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вітаць па-вайсковаму, прыкладваючы руку да казырка. Дзяўчына-яфрэйтар.. паказвала дарогу кожнай машыне і, спрытна перахапіўшы сцяжкі ў левую руку, казырала. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце. Вясковая ластаўка. Ластаўка беражанка. □ Мы, трое жэўжыкаў, стаім каля плота і назіраем, як над гразкай вуліцай вывіваюцца белагрудыя ластаўкі. Пальчэўскі.

2. (звычайна пры звароце). Разм. Ласкавая назва жанчыны, дзяўчыны, дзяўчынкі. [Дзюмон:] — А ну, адгадай, ластаўка, што я сёння прынёс табе? Шамякін.

3. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.

•••

Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люк, ‑а, м.

1. Адтуліна (звычайна з векам) для пранікнення ўнутр або на паверхню чаго‑н. Каналізацыйны люк. □ Быстроў, адчыніўшы люк, забраўся ў машыну. Мележ. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй .. [Зося] прынесла прасціну, падушку, коўдру. Шамякін.

2. Тое, што і амбразура (у 1 знач.). Пасажырскі «дуглас» быў пераабсталяваны на ваенны лад. Наверсе зрабілі вежу.. Уздоўж бартоў — люкі для кулямётаў. Новікаў.

3. Адтуліна ў сценках машын, труб (для загрузкі або разгрузкі чаго‑н., асвятлення і пад.). Люк для засыпання хімікатаў.

[Гал. luik.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люстэ́рка, ‑а; Р мн. ‑рак; н.

1. Тое, што і люстра ​1 (у 1, 2 знач.). Стаіць люстэрка аж да столі, На сценах граюць дываны. Бялевіч. Аер канчаўся, люстэрка затокі было зусім блізка. Хадкевіч. [Іра:] — Колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы. Гарбук.

2. Невялічнае люстра. У таксі, як і ў кожнай аўтамашыне, ёсць над рулём люстэрка. Брыль. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да грымець.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.

3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.

4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць да канца ці да якога‑н. месца. Хата дагарэла. Адна абкураная печ сіратліва стаяла на вогнішчы. Шамякін. Вэня.. трымаў рукі ў саломе, пакуль запалка не дагарэла да пальцаў. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Перастаць свяціцца; патухнуць. А зара як дагарыць, Усё звоняць камары. Танк.

3. перан. Зачахнуць, памерці. Увосень здароўе Зосі вельмі пагоршылася, і яна дагарэла, як свечка, на віду ў любага чалавека. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дваі́цца, двоіцца; незак.

1. Раздзяляцца надвое; раздвойвацца. Нітка пачала дваіцца. След двоіцца. // Быць накіраваным адначасова на два прадметы (пра думкі, пачуцці і пад.). Думка стала дваіцца. □ Пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Шамякін.

2. Здавацца падвойным; падвойвацца (пра зрокавыя ўспрыманні). Варта было доўга паглядзець на што-небудзь, як яно пачынала дваіцца, расплывацца. Хомчанка.

3. Зал. да дваіць.

•••

Дваіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і дваіцца (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́нус, ‑а, м.

1. У матэматыцы — знак у выглядзе гарызантальнай рыскі ( − ) для абазначэння аднімання або лічбы, меншай за нуль; проціл. плюс.

2. нескл. Паміж дзвюма лічбамі абазначае, што другая лічба аднімаецца ад першай. Сем мінус тры раўняецца чатыром.

3. Адмоўная велічыня. Мінус на мінус дае плюс. // Гарызантальная рыска пры школьных адзнаках, якая паказвае зніжэнне адзнакі. Чатыры з мінусам.

4. перан. Разм. Недахоп, адмоўны бок. У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Шамякін.

[Ад лац. minus — менш.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

моль 1, ‑і, ж.

1. Вельмі малы матылёк атрада лускакрылых, вусень якога нішчыць шарсцяныя тканіны, збожжа і інш. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю — недзе доўга ляжала. Шамякін.

2. перан. Аб чым‑н. вельмі малым.

моль 2, ‑я, м.

Спец.

1. Лес, які сплаўляецца па рацэ ўрассыпную, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.

2. у знач. прысл. мо́лем. Урассыпную. Сплаўляць лес молем.

моль 3, ‑я, м.

Спец. Колькасць грамаў хімічнага рэчыва, роўная малекулярнай масе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́сцік, ‑а, м.

1. Памянш. да мост (у 1 знач.); невялічкі мост. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін. І неяк міжвольна перакідаецца мосцік паміж учарашнім днём і заўтрашнім. Шахавец.

2. Тое, што і мост (у 2, 4 знач.).

3. Высокая пляцоўка, узвышэнне на караблях, некаторых машынах для назірання за чым‑н., камандавання. Капітанскі мосцік. □ Марына адной рукой ухапілася за поручань, а другой ускінула кошык на паравозны мосцік. Кавалёў. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў і тоўсты Амархан. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)