БЕЛАРУ́СКАЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ ГРАМАДА́,
грамадская арг-цыя католікаў Беларусі. Створана ў 1990. Асн. кірункі дзейнасці: вяртанне бел. касцёла да нац. вытокаў, забеспячэнне паўнапраўнага функцыянавання ў ім бел. мовы, выданне рэліг. і богаслужэбнай л-ры, выхаванне патрыятызму, маральнасці, культуры і грамадз. адказнасці. Падтрымлівае сувязі з каталіцкімі арг-цыямі замежжа. З 1992 выдае час. «Хрысціянская думка». Выдала кнігу А.Станкевіча «Родная мова ў святынях» (факсіміле), зб. вершаў А.Зязюлі «З роднага загону» і інш. Скульптурна-манум. секцыя грамады ўдзельнічае ў распрацоўках праектаў рэстаўрацыі культавых збудаванняў, стварэнні помнікаў гіст. асобам.
М.В.Анцыповіч.
т. 2, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ»,
незалежная, народна-радыкальная газета групы Беларускі фронт, створанай ксяндзом В.Гадлеўскім. Выходзіла штомесячна з чэрв. 1936 да жн. 1939 (у 1939 два разы на месяц) у Вільні на бел. мове. Выйшла 50 нумароў, некаторыя з іх былі канфіскаваны. Выступала за роўныя паліт., эканам. і сац. правы ўсяго бел. народа. Асвятляла жыццё беларусаў у Зах. Беларусі, БССР, краінах Зах. Еўропы і Амерыкі; імкнулася быць іх аб’яднаўчым органам пад заклікамі незалежнасці, нац. годнасці і роўнасці. Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
С.В.Говін.
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЛЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,
газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, з № 6г. Вільня, з № 9 — Віленскай вобл. і г. Вільня. Выдавалася з 22.9 да 25.10.1939 у Вільні на бел. мове. Вяла паліт. і агітац. работу па растлумачэнні асноў сав. улады і пераваг сацыялізму, перадвыбарную кампанію ў сувязі з выбарамі ў Нар. сход Зах. Беларусі. Друкавала пастановы Часовага ўпраўлення і Ваен. савета па Віленскай акрузе. Інфармавала пра падзел памешчыцкай зямлі, арганізацыю добраахвотнай міліцыі, адкрыццё бел. школ і хат-чытальняў. Пісала пра падзеі ў Польшчы, Балгарыі, Турцыі і інш. краінах.
Л.І.Чарняева.
т. 4, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНО́Е ПРАЎЛЕ́ННЕ,
выканаўчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзена ў 1797 для дзярж. сялян. Пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. выбіралася валасным сходам на 3 гады. Валасное праўленне ўзначальваў валасны старшына (галава). На Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве валасныя праўленні перасталі існаваць у сувязі са скасаваннем тут валасцей паводле названай рэформы. Пасля сялянскай рэформы 1861 дзейнічалі на землях б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. — і б. дзярж. сялян. Выконвалі абмежаваныя функцыі. 3.6.1917 скасаваны разам з валаснымі сходамі Часовым урадам.
т. 3, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў.
Існавала ў Брэсце ў 1903—15. Аб’ядноўвала ўрачоў горада (у 1903 — 28 чал., 1907 — 21). Старшыня Л.І.Ястражамбецкі-Дзем’яновіч, віцэ-старшыня К.І.Штарк. Мела статут, які прадугледжваў вывучэнне сан. стану Гродзенскай губ., збор і вывучэнне мед. статыстыкі, публічныя чытанні, выданне папулярных твораў для пашырэння ведаў па агульнай і асабістай гігіене і інш., садзейнічанне мясц. адміністрацыі ў стварэнні сельскіх урачэбных пунктаў і ўладкаванні клінік, узаемны абмен практычнымі назіраннямі за развіццём хвароб і найб. паспяховымі спосабамі іх лячэння і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з 1-й сусв. вайной.
т. 3, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГА́ (Būga) Казімерас
(6.11.1879, в. Пажыеге Зарасайскага р-на, Літва — 2.12.1924),
літоўскі мовазнавец. Праф. Пермскага (1918), Томскага (1919) і Ковенскага (1922) ун-таў. Даследаваў слав.-балтыйскія моўныя сувязі (у т. л. літоўска-беларускія) і балт. міфалогію; запісваў фальклор; вывучаў літ. геагр. назвы і ўласныя імёны, узаемаадносіны літоўцаў і беларусаў («Літоўска-беларускія ўзаемаадносіны і іх старажытнасць», 1925). Сабраў вял. картатэку (каля 500 тыс. картак), якая пакладзена ў аснову акад. слоўніка літоўскай мовы. Аўтар працы «Мова і старажытнасць» (1922).
Тв.:
Rinktiniai raštai. T. 1—3. Vilnius, 1958—62.
т. 3, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.
Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.Ф.Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.Л.Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.М.Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.
т. 5, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ Іван Мікалаевіч
(1898, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1924—27 сакратар падп. райкома КПЗБ на Брэстчыне. У 1927 арыштаваны і зняволены ў турму. У сувязі з завочным выбраннем яго дэпутатам польскага сейма (1928) вызвалены з турмы. Адзін з кіраўнікоў пасольскай фракцыі і рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». За рэв. дзейнасць 30.8.1930 арыштаваны і зняволены на 8 гадоў. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у БССР, жыў у Мінску.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН Юрый Андрэевіч
(н. 13.5.1950, г.п. Свіслач Гродзенскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў новы метад рашэння задач рэлятывісцкай кінематыкі, заснаваны на сувязі алг. кватэрніёнаў і бікватэрніёнаў з геаметрыяй прастораў Лабачэўскага. Разам з інш. даў тлумачэнне прыроды выраджэння спектраў энергій задач Кеплера ў прасторах пастаяннай крывізны.
Тв.:
Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.В.Бярэзіным, Я.А.Талкачовым).
А.І.Болсун.
т. 9, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)