Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.І.Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл.Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБАША́НСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Любашанскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, са Свіслацкага княства, уключанага ў ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. Да пач. 16 ст. мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв., пазней кіравалася намеснікам (дзяржаўцам) на ўмовах закладу, калі намеснік за пазычаную дзярж. казне суму мог карыстацца даходам з воласці. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая частка воласці (на левым беразе р. Бярэзіна) увайшла ў Аршанскі павет, невял. частка (на правым беразе) з мяст. Беразіно, сёламі Палажаны і Жорнаўка — у Мінскі павет. У 1775 у склад воласці ўваходзілі 3 мястэчкі і 30 вёсак, 577 дымоў; у 1790—651 дым. У 1793 Л.в. далучана да Рас. імперыі, захавала статус т.зв. старасцінскага дзярж. маёнтка ў Ігуменскім пав. Мінскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ КНЯ́СТВА, Новагародскае княства,
удзельнае княства ў Панямонні ў 13—14 ст. Цэнтр — Навагрудак (Новагародак). Новагародскі кн.Ізяслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1237 (1236?), калі галіцка-валынскі кн.Даніла Раманавіч «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского» на кн. Конрада Мазавецкага. На падставе гэтага запісу лічыцца, што побач з Міндоўгам у барацьбе з мазавецкім князем удзельнічаў і Ізяслаў, які быў у саюзных або васальных адносінах з Данілам Раманавічам. Пазней Н.к. ўваходзіла ў склад уладанняў М шдоўга, Рамана Данілавіча, Войшалка, у 1-й пал. 14 ст. — удзел сына Гедзіміна Карыята (разам са Слонімам і Мсцібавам). Нейкі ўдзел меў у Н.к. сын Карыята Фёдар. У канцы 14 ст.вял.кн. Вітаўт зняволіў, а пасля выгнаў Фёдара з ВКЛ. З гэтага часу Н.к. канчаткова перайшло да велікакняжацкага дамена, у Навагрудку сядзелі намеснікі вял. князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ЗАСЯДА́ЦЕЛЬ,
грамадзянін, выбраны для ўдзелу ў разглядзе крымін. і цывільных спраў у судах па 1-й інстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і ў некаторых краінах СНД. Мае роўныя правы з суддзёй. Як правіла, у склад суда, які разглядае справу, уваходзяць 2 Н.з. (за выключэннем спраў, што паводле заканадаўства могуць разглядацца суддзёй аднаасобна), зацверджаныя ў спісах Н.з. дадзенага суда ва ўстаноўленым парадку. У спісы Н.з. уносяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што дасягнулі 25-гадовага ўзросту і пастаянна пражываюць на тэр. раёна або горада не менш як 3 гады. Працуючым Н.з. за час выканання абавязкаў у судзе робяцца выплаты ў памеры заработку або даходу, якія яны атрымліваюць па месцы работы, непрацуючым Н.з., а таксама пенсіянерам час выканання абавязкаў аплачваецца ў памеры акладу суддзі гэтага ж суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎЗНАЎЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, не здольныя самааднаўляцца за час, сувымерны з тэмпамі іх расходавання чалавекам; частка вычарпальных прыродных рэсурсаў. Напр., карысныя выкапні, глебы, некат. віды жывога і экасістэмы (у колькасным сэнсе), відавы склад жывых істот. Некат. Н.п.р. лічацца эканамічна аднаўляльнымі, калі іх запасы могуць кампенсавацца для гаспадаркі (пэўны час) шляхам удасканалення тэхналогій іх здабычы і выкарыстання, прыцягнення рэзерваў, якія раней не выкарыстоўваліся з-за эканам. немэтазгоднасці, пошуку новых крыніц (напр., некат. карысныя выкапні, біял. рэсурсы акіяна) ці ўзнаўляцца штучна (напр., некат. мінералы, глебы). Рацыянальнае расходаванне Н.п.р. заключаецца ў іх ахове і комплексным і эканамічным выкарыстанні. Асобна вылучаюць групу прыродных рэсурсаў, што не могуць быць адноўлены ў выпадку іх змены ці знікнення, напр., віды, эталоны рэгіянальнай прыроды. Гл. таксама Ахова прыроды, Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
назва ў 1815—30 дзяржавы ў складзе Нідэрландаў і Бельгіі пад уладай нідэрл. караля Вільгельма I [1815—40]. Утворана паводле рашэння лонданскіх нарад прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі (21.6.1814, 19.5.1815) і пастаноў заключнага акта Венскага кангрэса 1814—15. З 1815 паводле персанальнай уніі ў склад Н.к. ўваходзіў Люксембург. У каралеўстве фактычна ўсталявалася панаванне Нідэрландаў, эканам. і паліт. інтарэсы бельг. правінцый ушчамляліся. Аднолькавае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце Ген. штатаў (55 месцаў) пры перавазе бельг. насельніцтва, засілле ў дзярж. апараце і арміі галандцаў, зніжэнне мытных пошлін у інтарэсах нідэрл. гандлю, закрыццё каталіцкіх школ у Бельгіі ў 1825 і інш. выклікалі незадавальненне негаландскага насельніцтва. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 Бельгія атрымала незалежнасць, Н.к. распалася. За галандскай часткай захавалася назва Нідэрланды. У 1890 скасавана персанальная унія Люксембурга і Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАТЫ́ДЫ, нуклеазідфасфаты,
фосфарныя эфіры нуклеазідаў. Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай к-ты. Уваходзяць у складнуклеінавых кіслот, найважнейшых каферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нуклеазідтрыфасфаты — Н., што маюць 3 астаткі фосфарнай к-ты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хім. энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых к-т. Да важнейшых рэгулятарных Н. адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты ўтвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых к-т, далейшае іх фасфарыліраванне прыводзіць да ўтварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад Н. адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКАЕ ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА,
створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах.ч.Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс.км.2, нас. ў 1815 каля 776 тыс.чал., у 1871 — больш за 1,5 млн.чал. Цэнтр — г.Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл.«Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ (устаноўчая). Адбылася нелегальна ў канцы кастр. 1923 у Вільні; прысутнічала 9 дэлегатаў ад Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Кампартыі Польшчы (КПРП). Склікана ў адпаведнасці з рашэннямі П з’езда КПРП пра неабходнасць стварэння «беларускай тэрытарыяльнай арганізацыі». Паводле рашэнняў канферэнцыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) павінна была дзейнічаць на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі ў складзе адзінай КПРП у адпаведнасці з яе праграмнымі ўстаноўкамі, разлічанымі на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне рабоча-сял. ўрада, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Беларусі, уз’яднанне яе з БССР. У склад абранага ЦККПЗБ увайшлі С.А.Дубовік (Балюк), А.Буксгорн (Юльскі), С.А.Мертэнс (Скульскі), С.Т.Мілер (Шлёмка). У парт. арг-цыях на момант стварэння КПЗБ налічвалася 528 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЎСКІ (Яўген Аляксандравіч) (1855, г. Кобрын Брэсцкай вобл. — 1923),
расійскі астрафізік і фізік. Магістр фізікі (1903). Чл. рускіх фіз.-хім. і астранамічнага, Французскага фіз. і Харкаўскага матэм. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў у фіз. лабараторыі (у 1903—04 прыват-дацэнт); адначасова выкладаў фізіку і матэматыку ў гімназіях Пецярбурга, супрацоўнічаў у рэдакцыі час. «Журнал Русского физико-химического общества». З 1904 в.а. экстраардынарнага прафесара Харкаўскага ун-та. Аўтар навук. прац «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» (ч. 1—2, 1882—84) і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» (1899), за якія ў 1903 удастоены прэміі Рус.астр.т-ва і медаля імя Мікалая II, дысертацыі «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» (1903).