ЖЫ́ГА (англ. jig),

1) старадаўні нар. танец кельцкага паходжання. Спачатку парны танец (у маракоў пашыраны як сольны танец жартоўнага характару). У 17—18 ст. папулярны салонны танец у краінах Зах. Еўропы. Пазней бытаваў пераважна ў народзе. Муз. памер ​6/8, ​9/8, ​12/8. Тэмп хуткі.

2) 3 17 ст. муз. п’есы розных тыпаў (у асн. 3-, 6-, 9-, 12-дольныя); заключная частка сюіты. Муз. форма «Ж.» выкарыстана ў балеце «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага; у сюітах многіх бел. кампазітараў.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБІ́ЛА (Наталля Львоўна) (5.3.1903, С.-Пецярбург — 6.2.1985),

украінская пісьменніца. Скончыла Харкаўскі ін-т нар. адукацыі (1925). Друкавалася з 1924. Дэбютавала кнігай вершаў для дзяцей «Далёкі край» (1927). Аўтар зб-каў вершаў «Дні трывог» (1945), «Наша Радзіма» (1947), «Вясёлыя сябры» (1975), кн. прозы «Радня» (1934), «Апавяданні, казкі, аповесці» (1962), рамана «Трактарабуд» (ч. 1—2, 1931—32) і інш. Вядома як перакладчыца. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.​Агняцвет, В.​Вярба.

Літ.:

Бичко В.В. Наталя Забіла. Київ, 1963.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РЫНЬ, Зарыньш (Zarins) Індуліс Аўгуставіч (н. 18.6.1929, Рыга), латышскі жывапісец. Нар. мастак Латвіі (1977), засл. дз. маст. Латвіі (1965). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Вучыўся ў АМ у Рызе (1952—58). Аўтар карцін на тэмы сучаснасці і гісторыка-рэв. зместу («Песня жніва», 1977, трыпціх «Салдаты рэвалюцыі», 1962—65, «Палі нашыя», 1980), партрэтаў («Т.​Залькалн», 1976—77), нацюрмортаў («Нацюрморт майго дзядулі», 1962) і інш. Творам характэрны манументальнасць, строгая рытмічная арганізацыя кампазіцыі, эмацыянальнасць колеравага вырашэння.

І.Зарынь. Палі нашыя. 1980.

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРЯ́»,

літаратурна-грамадскі рукапісны часопіс. Выдаваўся ў 1910 у г. Капыль Мінскай вобл. на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». У ім супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), А.​Гурло, Х.​Станілевіч, Х.​Чарнышэвіч і інш. Меў раздзелы белетрыстыкі, літ. крытыкі і публіцыстыкі. У часопісе змешчаны апавяданні Н.​Беленькага «Сухотны» і А.​Неўліна «Ахвяра», вершы. У крытычных артыкулах, скіраваных супраць дэкадэнтаў і мадэрністаў, высока ацэньвалася бел. паэзія, адзначалася яе цесная сувязь з нар. жыццём. Выйшла 15 нумароў.

А.​М.​Клачко.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕЛІЯ́НІ (Атар Давідавіч) (н. 2.2.1934),

грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1984). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). Паставіў фільмы: «Лістапад» (1968), «Жыў пеўчы дрозд» (1971), «Пастараль» (1982), «Фаварыты месяца» (1984), «І стаў свет», «Пажар, убачаны здалёк» (абодва 1989). Творчай манеры характэрны паэт. назіранне рэальнасці, уменне перадаць атмасферу дзеяння; у апошніх работах адчуваецца прытчавы пачатак. Прызы міжнар. кінафестываляў у Зах. Берліне (1982), Венецыі (1984) і інш.

Літ.:

Церетели К. Трилогия Отара Иоселиани // Кинопанорама. М., 1981. Вып. 3.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІВА́НКА»,

бел. нар. гульня. На зямлі чарцілі круг («лес»), а ў сярэдзіне крута квадрацік («дом лесавіка»). У квадрацік змяшчалі «Іванку» (ляльку ці любы прадмет) і выбіралі «лесавіка». Астатнія ўдзельнікі гульні — «лебедзі». Яны заляталі ў «лес», спрабавалі забраць «Іванку», а «лесавік» — злавіць «лебедзя» рукой або дакрануцца да яго галінкай. Злоўленыя «лебедзі» выбываюць з гульні. «Лебедзь», якому ўдасца вынесці з «ле́су» «Іванку», становіцца «лесавіком», і гульня пачынаецца спачатку. Гульня заканчваецца, калі злоўлены ўсе «лебедзі» або па жаданні ўдзельнікаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАВАЛІ́»,

бел. нар. танец. Муз. памер пераважна ​2/4, тэмп жвавы. Выконваецца 2 мужчынамі, якія імітуюць рухі каваля (удары адной рукой зверху ўніз па далоні другой рукі, што ляжыць на калене сагнутай нагі, і адпаведныя ўдарам ківанні корпуса). Зафіксаваны ў 1980 у Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Суправаджаецца прыпеўкамі; музыка зафіксавана ў Браслаўскім р-не. У 1982 балетмайстар П.​Свярдлоў стварыў на яго аснове сцэн. варыянт танца, які выконваюць 5 юнакоў (цэнтр. фігура — каваль); магчымы і масавы варыянт.

т. 7, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗАЧО́К»,

«Казак», бел. нар. сольны мужчынскі танец імправізацыйнага характару. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі.

Танцоры па чарзе дэманструюць сваю фантазію, спрыт, вынаходлівасць. Асн. элементы «К.» — вяровачка, па-дэ-баск, прысядка. Часам у выкананне ўключаюцца і жанчыны. У некат. рэгіёнах «К.» выконваецца парамі (асн. элемент — полька-вальсавы паварот па крузе). Суправаджаецца прыпеўкамі. У 19 ст. ў мностве варыянтаў бытаваў на Беларусі. Сцэнічны варыянт «К.» створаны ў 1928 К.​Алексютовічам. Падобны танец пашыраны ў Расіі і на Украіне.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т БЕЛАРУ́СІ імя У.​І.​Леніна,

вышэйшая парт. навуч. ўстанова, якая рыхтавала кіруючыя кадры парт. і сав. работнікаў. Існаваў з кастр. 1925 да вер. 1932. Засн. ў Мінску на базе Цэнтр. саўпартшколы (1920—25). Меў аддзяленні: парт., сав., прапагандысцкае, газетнае, нар. адукацыі (з 1930); сектары: асноўны (з падрыхтоўчым курсам), вячэрні, завочны (з 1927), курсавы. Тэрмін навучання 3 гады. Рэарганізаваны ў Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу Беларусі. На базе газетнага аддзялення ун-та створаны Камуністычны інстытут журналістыкі.

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)