ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,

частка энергіі мех. сістэмы, залежная ад узаемнага размяшчэння матэрыяльных пунктаў (часціц) сістэмы і іх становішча ў знешнім сілавым полі (гл. Поле фізічнае).

П.э. сістэмы ў вызначаным стане роўная рабоце, якую выконваюць сілы, што дзейнічаюць на яе, пры перамяшчэнні сістэмы з гэтага стану ў той, дзе П.э. ўмоўна прынята роўнай нулю. З гэтага вызначэння вынікае, што тэрмін «П.э.» выкарыстоўваецца толькі для кансерватыўных сістэм, а сама П.э. вызначаецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай (дакладнае значэнне мае змена П.э.). Напр., для часціц з масамі m1 i m2, якія знаходзяцца на адлегласці r і ўзаемадзейнічаюць паводле сусветнага прыцягнення закону, П.э. U(r) = −G m1 m2 r , дзе G — гравітацыйная пастаянная (U(r) = 0 пры r→∞). Для цела з масай m, паднятага на вышыню h (h < R, R — радыус Зямлі), U(h) = mgh, дзе g — паскарэнне свабоднага падзення (U(h) = 0 пры h = 0). Пры адсутнасці дысіпацыі энергіі сума кінетычнай энергіі і П.э. (поўная мех. энергія сістэмы) застаецца пастаяннай (гл. Энергіі захавання закон). Адзінка П.э. ў СІ — джоуль.

А.​Л.​Болсун.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ (Northern Territory),

адм. адзінка на Пн Аўстраліі. Пл. 1,4 млн. км². Нас. 187,1 тыс. чал. (1997), у т. л. больш за 30 тыс. аўстралійцаў-абарыгенаў. Адм. ц., гал. порт — г. Дарвін. Займае пясчанікава-вапняковае плато выш. 200—300 м, на Пд невял. горныя хрыбты выш. да 1510 м. Радовішчы уранавых, медных, алюмініевых, марганцавых і інш. руд, золата. Клімат на Пн трапічны, мусонны, на Пд пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 29 °C, ліп. ад 24 °C на Пн да 12 °C на Пд. На Пн выпадае штогод да 1500 мм ападкаў, на Пд каля 200—300 мм. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, на Пн — трапічныя рэдкалессі і хмызнякі. Аснова гаспадаркі — здабыча карысных выкапняў і мясная жывёлагадоўля. Здабыча уранавых і марганцавых руд, золата, нафты. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў (разам каля 1,5 млн. галоў). Невялікія пасевы кукурузы, сорга, арахісу, фасолі, рысу, соі. Агародніцтва (дыні, кавуны, памідоры). Садоўніцтва (апельсіны і бананы). Марское рыбалоўства. У прам-сці пераважае харч. галіна (мясная, рыбакансервавая). Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці адзення, буд. матэрыялаў, метал. вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспарт пераважна аўтамабільны.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),

уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л. в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.

У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.​Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт. ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН У БССР,

аўтаномная адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1932—37. Створаны 15.3.1932 на базе Койданаўскага раёна як Койданаўскі нацыянальны польскі раён, з 29.6.1932 — Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. Арг-цыя раёна была практычнай спробай стварыць форму нац. аўтаноміі для палякаў у БССР у ходзе агульнасаюзнай кампаніі нац.дзярж. будаўніцтва нац. меншасцей. З 1926 у БССР пачалі стварацца польскія нацыянальныя сельсаветы, у 1931 4 такія сельсаветы створаны ў Койданаўскім р-не, у 1932 з 17 яго сельсаветаў было 10 польскіх і 1 яўр.-польскі. У 1932—33 раёну выдадзена 1,5 млн. рублёў (удвая больш, чым звычайным раёнам). Актыўна вялося нац.-культ. будаўніцтва: дзейнічала 135 польскіх школ (усяго ў БССР на 1935), працавалі Дзяржынскі польскі агранамічны тэхнікум, польскі навук. кабінет (пед. вучылішча) у в. Станькава, польскі калгасна-саўгасны тэатр у Дзяржынску, выдавалася газ. «Szturmowiec Dzierżyńszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»), У 1935 пагаршэнне сав.-польскіх адносін адбілася і на стаўленні да польск. насельніцтва ў СССР. 31.7.1937 нац. раён скасаваны. Па справе аб скасаванні раёна рэпрэсіям палітычным падверглася каля 250 чал. Шмат жыхароў было дэпартавана (гл. Дэпартацыя). А.​І.​Валахановіч.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне),

рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя, працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10​−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да пач. 1923. Утвораны 22.7.1773 у складзе Аршанскай правінцыі, з 22.3.1777 Магілёўскай губ. Цэнтр. — г. Сянно. У 1795 у С.п. перададзена частка тэрыторыі, далучанай у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай, з мяст. Лукомль і Чарэя. 12.12.1796 павет уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1795. Пл. С.п. 3,3 тыс. км². У 1861 далучана частка скасаванага Копыскага пав., пасля чаго пл. стала 4,9 тыс км². Тэр. С.п. была падзелена на 15 валасцей. У 1864 нас. павета 85,5 тыс. чал. У 1881 у С.п. (без г. Сянно) было 67 прадпрыемстваў, на якіх працавала 198 чал. У 1883 у 2 школах і 17 нар. вучылішчах навучалася 637 вучняў; былі 4 бальніцы на 72 ложкі, 2 аптэкі. На 1889 у павеце 786 паселішчаў, у 1897 161,7 тыс. чал., з іх у Сянне 4,1 тыс. З 26.4.1919 С.п. у складзе Віцебскай губ. 15.2. 1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Аршанскі, Бачэйкаўскі і Віцебскі паветы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ,

асноўная адзінка міжнар. стратыграфічнай шкалы, якая адпавядае прыроднаму этапу (геал. перыяду) у развіцці зямной кары і арган. свету Зямлі (гл. Геахраналогія) і аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся за гэты перыяд; састаўная частка эратэмы. Вылучана 12 сістэм, якія ўтвараюць фанеразой (кембрыйская, ардовікская, сілурыйская, дэвонская, кам.-вуг., пермская, трыясавая, юрская, мелавая, палеагенавая, неагенавая і антрапагенавая, або чацвярцічная, гл. адпаведныя арт.) і вендская сістэма ў познім пратэразоі (гл. Стратыграфічная шкала). Кожная сістэма падзяляецца на 3, радзей на 2 аддзелы. На Беларусі ёсць адклады ўсіх сістэм. Пры вылучэнні сістэм крытэрыямі з’яўляюцца істотныя змены ў складзе арган. свету, якія выражаюцца ў развіцці новых груп фауны і флоры вял. сістэм. рангу (надсямействаў, сямействаў, родаў). Кожнай сістэме ўласцівы пэўны характар літагенезу. Адклады адных сістэм макс. пашыраны (дэвонскай, мелавой, антрапагенавай), другіх вядомы на абмежаванай тэрыторыі (ардовікскай, сілурыйскай і інш.). З адкладамі многіх сістэм звязаны карысныя выкапні (напр., нафта, каменная і калійныя солі, гаручыя сланцы, даламіты, мінер. воды і расолы — з адкладамі дэвонскай; бурыя вуглі — кам.-вуг. і неагенавай; бурштын — палеагенавай і неагенавай; торф, буд. матэрыялы — антрапагенавай).

С.​А.​Кручак.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

муніцыпалітэ́т

(фр. Munizipalität, ад лац. municipium = вольны горад)

орган гарадскога або сельскага самакіравання ў некаторых краінах (параўн. магістрат 2);

2) ніжэйшая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Аўстраліі, Венесуэле і некаторых іншых краінах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

флары́н

(іт. florino, ад с.-лац. florenus)

1) старадаўняя фларэнтыйская залатая або сярэбраная манета, прынятая пазней за ўзор у многіх еўрапейскіх краінах;

2) грашовая адзінка Нідэрландаў, роўная 100 цэнтам, галандскі гульдэн.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Плат 1 ’намітка, галаўны ўбор у беларускіх жанчын накшталт рушніка’ (Малч.), ’хустка’ (пруж., Хрэст. дыял.; Касп.; пруж., Сл. ПЗБ; жлоб., Мат. Гом.; дзятл., Сцяшк. Сл.), ’тоўстая хустка, якою накрываюцца паверх верхняй вопраткі’ (кобр., ДАБМ, камент., 945), плато́к ’хустачка’ (Некр.), ’хустка’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), пла́цік ’палатно, якое ужываецца шапаваламі: намочаны плацік рассцілаюць на стале і на ім раскладваюць слой воўны’ (Дэмб. 2), плату́шка ’хустка, у якую ўвязвалі ежу ў поле’ (паст., Сл. ПЗБ), плато́чак ’пялёнка’ (брагін., Мат. Гом.). Укр. палес. плат ’3–4 м тонкага белага палатна, якім абвіваюць галаву маладой на вяселлі’, зах.-валын. ’пакрывала для нябожчыка’, ’кавалак грубага палатна, у які загортвалі насенне лёну ў час выціскання з яго алею’, бойк. плат, пла́тка ’хустка’, плата́ти ’латаць’; рус. плат ’вялікая хустка’, ’рушнік’, ’абрус’, ’тканіна, павешаная на крыж’, плата́ть ’латаць’, запла́тка ’лапік’; польск. płat ’кавалак палатна, сукна, анучы; ануча, хустка, палотнішча, лата, лахман’; з XV ст. таксама ’кавалак скуры’, płatak ’стракаты конь’; в.-луж., н.-луж. płat ’палатно, тканіна’, płataś ’латаць’, балг. плат ’тканіна, матэрыял’, ст.-слав. плать ’тс’. Прасл. *platъ ’кавалак палатна як грашовая адзінка, тканіна’, якое адносяць да гнязда дзеяслова plesti, pletǫ (Варбат, Этимология–1970, 62–63), і.-е. *plōt‑o‑s ’прымітыўная тканіна, пляцёнка-мата’ (Банькоўскі, 2, 619) < *plet‑, роднаснымі ім можна лічыць літ. platùs ’шырокі’, лат. plats, ст.-грэч. πλατύς ’тс’. Пазней у прасл. *platъ з’явілася значэнне ’кавалак скуры’ (гл. пла́та 2). Буга (Rinkt., 2, 516) для прасл. *platъ выводзіць і.-е. *plā‑to, даючы, такім чынам, магчымасць растлумачыць бел. дыял. платва < польск. płatwa ’бэлька’, płatewka ’аскепак, адколатае дрэва’, płatać ’расшчапляць’, укр. бойк. плата́ти ’адколваць’. З *platъ ’палатно як грашовая адзінка’ ўтварыўся дзеяслоў *platiti > плаці́ць (гл.), а са значэннем ’латка’ — дзеяслоў *platati ’латаць’ (Гаўлава, Etym. Brun., 39).

Плат 2 ’плацеж’ (Нас.), рус. маск. плат ’плата’. Да плат 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)