ПАЛКО́ЎНІК,
воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Беларусі. У Еўропе вядома з 16 ст. У Расіі ўведзена ў сярэдзіне 16 ст. для асоб, што камандавалі палкамі; як воінскае званне для камандзіраў палкоў «новага строю» — у 17 ст. Званне П. існавала ў войску Рэчы Паспалітай. П. называлі таксама камандзіраў палкоў ва Укр. казацкім войску, у т. л. ў Запарожскай Сечы. Ва Узбр. Сілах СССР уведзена ў 1935, у ВМФ для афіцэраў карабельнага саставу яму адпавядала званне капітана 1-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.
У.І.Свякла.
т. 12, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА.
1) галіна гаспадаркі, якая займаецца выкарыстаннем, аховай і аднаўленнем паляўнічага фонду, адна з арганізацыйна-гасп. сістэм рацыянальнага прыродакарыстання. На Беларусі існуе ў спартыўна-аматарскай форме. Вядзецца на навук. аснове паляўніцтвазнаўства ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі, заканадаўчымі і нарматыўнымі актамі.
2) Адм.-гасп. адзінка, якая ажыццяўляе мерапрыемствы па ахове, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні паляўнічых жывёл і рыбных запасаў у замацаваных угоддзях. На Беларусі П.г. аб’ядноўвае 227 адм.-гасп. адзінак — паляўнічых і лесапаляўнічых гаспадарак, пл. больш за 17 млн. га (2000), у т. л. грамадскае аб’яднанне Бел. т-ва паляўнічых і рыбаловаў, вытв. паляўніча-рыбалоўнае аб’яднанне Бел. ваен. т-ва паляўнічых, Бел. фізкультурна-спарт. аб’яднанне «Дынама», лесапаляўнічыя гаспадаркі Мінлясгаса і інш.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́Ў (Міхаіл Фёдаравіч) (21.11.1901, в. Аўчыннікава Пскоўскай вобл., Расія — 8.5.1979),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. танк. войск (1945). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі (1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Сталінградскім, Паўд., Бранскім, Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах: нам. камандуючага арміяй, камандзір 1-га гвардз. танк. корпуса. Удзельнік Гомельска-Рэчыцкай, Калінкавіцка-Мазырскай, Бел., Нараўлянскай, Усх.-Прускай аперацый, вызвалення Бабруйска, Мінска. Да 1967 у Сав. Арміі. Чл. ЦК КПБ у 1956—59. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—59. Ганаровы грамадзянін г. Калінкавічы і Мар’іна Горка.
т. 12, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),
геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
т. 12, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр. Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст. Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст. н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.
т. 12, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ПАЎ (Аляксандр Львовіч) (27.9. 1818—5.11.1886),
расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1874). Скончыў школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў (1837). Удзельнік падаўлення Венгерскай рэвалюцыі 1848—49, Крымскай вайны 1853—56. З 24.5.1864 пам. віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва. У 1868—74 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. нач. Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваеннай акругі. Пры П. ў бел. губернях адменена ваен. становішча, у 1869—70 ад Віленскага генерал-губернатарства аддзелены Магілёўская, Віцебская і Мінская губ. Падтрымліваў праект Э.Т.Баранава перагледзець на карысць памешчыкаў умовы сял. рэформы 1861 на Беларусі. 3 ліп. 1874 шэф жандараў і гал. нач. 3-га аддзялення. Са снеж. 1874 у адстаўцы.
А.М.Лукашэвіч.
т. 12, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКАЛІ́НСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́ЎНЫ БЛОК» у Расіі,
аб’яднанне шэрагу фракцый 4-й Дзярж. думы і Дзярж. савета («прагрэсісты», акцябрысты, кадэты і інш., усяго больш за 300 чал., у т. л. 236 з 422 дэпутатаў Думы) у 1915—17. Утвораны ў жн. 1915 пасля шэрагу паражэнняў рас. арміі на франтах 1-й сусв. вайны і ў сувязі з ростам грамадскай незадаволенасці ў краіне. Практычную работу вяло бюро з 25 чал. (П.М.Жлюкоў, В.В.Шульгін, А.І.Шынгароў і інш.). Дзеля дасягнення перамогі ў вайне і прадухілення наспяваючай рэвалюцыі «П.б.» патрабаваў стварэння адказнага перад Думай урада і ўключэння ў яго сваіх прадстаўнікоў для правядзення ліберальных рэформ. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 лідэры «П.б.» ўдзельнічалі ў Часовым ўрадзе 1-га складу.
т. 12, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫО́КСКА-ТЭРА́СНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
На Пд Маскоўскай вобл., у даліне р. Ака, у Расіі. Засн. ў 1945 з мэтай захавання унікальнага прыроднага комплексу на мяжы хвойна-шыракалістых і шыракалістых лясоў. Пл. 4945 га. Тэрасы і тэрасападобныя ўступы. Хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. У флоры больш за 800 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 100 відаў — характэрныя прадстаўнікі стэпавай зоны (вішня стэпавая, цюльпан Біберштэйна, рабчык рускі і інш.). У фауне больш за 50 відаў млекакормячых; звычайныя лось, дзік, ліс, вавёрка, куніца, заяц-бяляк, рэакліматызаваны бабёр і казуля сібірская. У арнітафауне 130 відаў птушак, у т. л. глушэц, рабчык, цецярук, дзятлы чорны і зялёны, няясыць і інш. Гадавальнік зуброў. З 1978 біясферны запаведнік.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПА (Сяргей Леанідавіч) (н. 2.1.1956, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1996), праф. (2000). Скончыў Маскоўскі інж.фіз. ін-т (1979). З 1982 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па фізіцы звышправаднікоў і звышправадніковых нізкаразмерных структур, тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі. Даследаваў звышправаднікі 2-га роду і танкаплёначныя структуры на іх аснове, а таксама ўласцівасці звышправаднікоў пры наяўнасці магн. парадку тыпу спінавага шкла.
Тв.:
Новые эффекты в сверхпроводящих вихревых мостиках (разам з А.М.Лыкавым) // Физика низких температур. 1984. Т. 10, вып. 1;
Критические токи в слоистых структурах на основе ниобия (разам з В.І.Дзедзю, А.М.Лыкавым) // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1990. Т. 97, вып. 3.
т. 13, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)