ДОЖ (італьян. doge ад лац. dux правадыр),

кіраўнік Венецыянскай (у канцы 7—18 ст.) і Генуэзскай (у 14—18 ст.) рэспублік. У Венецыі выбіраўся патрыцыятам з свайго асяроддзя пажыццёва і першапачаткова меў вял. ўладу. У 12—14 ст. роля Д. паступова зведзена да намінальнага прадстаўніцтва. У Генуі пажыццёвая пасада Д. ўведзена ў 1339, пасля 1528 тэрмін яе выканання абмежаваны 2 гадамі. Скасавана ў 1797 пасля заняцця паўн. Італіі войскамі ген. Напалеона Банапарта.

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУІ́ДЫ (лац. druides),

жрацы стараж. кельтаў Галіі, Брытаніі, Ірландыі ў 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Разам з племянной знаццю складалі пануючую праслойку. Кіравалі ахвярапрынашэннямі, ажыццяўлялі суд. функцыі, былі ўрачамі, настаўнікамі і прадказальнікамі. вял. ролю адыгрывалі ў паліт. справах. З часоў рым. акупацыі (2-я пал. 1 ст. да н.э.) узначалілі супраціўленне ўладам. Рым. імператары Тыберый і Клаўдзій забаранілі ахвярапрынашэнні Д. У 47 перасталі існаваць як асобнае саслоўе і ператварыліся ў вандроўных прадказальнікаў.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬЁМ, Віём (Vuillaume) Жан Батыст (7.10.1798, г. Мірэкур, Францыя — 19.3.1875), французскі майстар смычковых інструментаў. У 1828 адкрыў у Парыжы ўласную майстэрню, дзе з 1835 вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі паводле ўзораў А.​Страдывары, Дж.Гварнеры дэль Джэзу і інш., з 1865 — інструменты ўласных мадэлей; вырабляў і смычкі. Яму належаць некалькі эксперым. інструментаў: актабас (вял. кантрабас, даўж. 345 см), кантральта (альт, 413 мм, амаль удвая шырэйшы за звычайны). У 1867 вынайшаў мех. педаль-сурдзіну (прымацоўвалася да падгрыфка).

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎБЕ́ШКІН (Пётр Лукіч) (8.10.1912, в. Паўлавічы Віцебскага р-на — 3.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі фін.-эканам. тэхнікум (1934), Сумскае артыл. ваен. вучылішча (1937). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Капітан Д. вызначыўся 22.9.1943 у баях каля г. Пераяслаў-Хмяльніцкі (Украіна): мінамётны дывізіён на чале з Д. фарсіраваў Дняпро, на захопленым плацдарме адбіў 8 контратак праціўніка. Загінуў у баі.

П.Л.Даўбешкін.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ЕЎ (Асман Мусаевіч) (11.10.1916, аул Хурзук Карачаеўскага р-на, Карачаева-Чэркесія — 18.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1939). З пач. вайны на Зах. фронце, з жн. 1941 у партызанах — камісар групы, атрада, камандзір атрада, 121-га партыз. палка, які пасля гібелі К. названы яго імем. Вёска Сярмяжонка Бялыніцкага р-на перайменавана ў Асман-Касаева, у г.п. Бялынічы ўстаноўлены яго бюст.

А.М.Касаеў.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЭМІНА́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту і энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) у Сярэдняй Азіі. Назва ад закінутага канала Кельтэмінар, каля якога зроблены першыя знаходкі. Адкрыта ў 1939 харэзмскай археал. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам С.​П.​Талстова. На стаянках выяўлены рэшткі вял. авальных дамоў каркаснай канструкцыі. Знойдзены мікралітычныя крамянёвыя вырабы, кругла- і вастрадонная кераміка з пракрэсленым і штампаваным арнаментам, упрыгожанні з ракавін. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, на познім этапе — жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСО́ННАЯ ХВАРО́БА,

від дэкампрэсійнай хваробы, якая ўзнікае пры хуткіх пад’ёмах на паверхню з вял. водных глыбінь. Бывае пасля кесонных і вадалазных работ пры парушэнні правіл дэкампрэсіі (паступовага пераходу ад высокага да нармальнага атм. ціску). Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю і цяжкую формы К.х. Прыкметы: сверб, болі ў суставах і мышцах, галавакружэнне, парушэнні мовы, зацямненне свядомасці, паралічы. Лячэнне: рэкампрэсія ў лячэбных шлюзах (паўторнае ўздзеянне на хворага павышаным ціскам да ўзроўню, пры якім знікаюць сімптомы К.х.).

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЧЭ́НКА (Анатоль Рыгоравіч) (н. 28.5.1922, г. Гомель),

расійскі географ і картограф. Акад. Расійскай экалагічнай акадэміі (1992). Д-р геагр. н. (1963), праф. Санкт-Пецярбургскага ун-та (1964). Скончыў Ленінградскі ун-т (1947). Навук. працы па ландшафтазнаўстве, фіз.-геагр. раянаванні, складанні ландшафтных картаў (рэдагаваў Ландшафтную карту Беларускай ССР маштабу 1:600 000; 1984), пытаннях экалогіі. Залаты медаль імя П.​П.​Сямёнава-Цян-Шанскага (1963), Вял. залаты медаль Расійскага геагр. т-ва (1995).

В.​А.​Ярмоленка.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Сяргей Анісімавіч) (27.11.1921, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 1.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У пач. Вял. Айч. вайны трапіў у лагер смерці, уцёк да партызан. У 1943—44 у партыз. атрадзе на тэр. Літвы. На фронце з крас. 1944, радавы. Вызначыўся ў баі на тэр. Польшчы. 1.2.1945 у вырашальны момант бою закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, кулямётны агонь якога перашкаджаў наступленню. Рота паднялася ў атаку і прарвала абарону праціўніка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗБЕ́К (груз. Мкінвары — ледзяны; асец. Урсхох — белая гара),

вяршыня Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Грузіі. Выш. 5033 м (усх. вяршыня), зах. вяршыня на 400 м ніжэй. Патухлы вулканічны конус, складзены з андэзітавых і трахіта-ліпарытавых лаў, насаджаны на масіў з юрскіх сланцаў. На схілах субальпійскія і альпійскія лугі, з выш. 3300 м — вечныя снягі. Далінныя ледавікі (Дэўдаракскі, Мна, Суатысі і інш.). Агульная плошча зледзянення 135 км². Раён альпінізму і турызму.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)