капту́р 1, ‑а, м.
1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар 2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.
2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.
3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.
капту́р 2,
гл. коптур.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каўту́н, ‑а, м.
1. толькі адз. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца. Галава .. [пані Даміцэлі] з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю. Колас. // Хвароба скуры ў коней (звычайна пад грывай).
2. Зблытаны, збіты пук валасоў, поўсці і пад. [Міхаська] успомніў, як калісьці дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.
3. толькі мн. (каўтуны́, ‑оў). Разм. пагард. Валасы. — Давялося пайсці на грэх: тузануў я .. [гаспадыню] за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што асталіся ў руцэ, і падаўся ў вішняк. Кулакоўскі.
[Ад казах. калтук — пучок валасоў.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
журбо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Ахоплены журбою; сумны, маркотны. Стасік сядзеў на ганку засмучоны, журботны. Няхай. // Які выражае журбу, уласцівы таму, каго апанавала журба. Журботны погляд. □ Адна толькі Ева.. стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах. Колас. // Поўны журбы, суму; невясёлы. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботныя. Лупсякоў. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка.
2. Які выклікае журбу, сум (пра час, выгляд чаго‑н. і пад.). Журботны дзень, журботны пейзаж. □ Вясёлая сустрэча з хлапцом развеяла думкі, якія падказала.. [Тапурыю] журботная цішыня балот. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.
Збіцца з дарогі, перастаць арыентавацца на мясцовасці. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Колас. Пайшоў [Сёмка], адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сн[езе], пакуль выйшаў на дарогу. Гартны. // Пра нечаканае, выпадковае паяўленне каго‑н. дзе‑н. А я тут чаго заблудзіў на могільнік? Блізкіх ці знаёмых шукаю? Каго? Танк.
•••
Заблудзіць у трох соснах — не змагчы разабрацца ў чым‑н. простым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зава́ла, ‑ы, ж.
1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.
2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.
3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наплы́ў, ‑лыву, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. наплываць — наплыць, наплысці (у 2, 3 знач.).
2. Тое, што наплыло, сабралася. Наплыў пяску. □ За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Кудравец.
3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Наплыў народу. Наплыў абітурыентаў. Наплыў заказаў. □ Летнім часам, калі настаўнікі, з’язджаліся на канікулы, тутэйшым людзям не раз траплялася сустракаць іх, але такога паплыву не здаралася бачыць. Колас. // Прыліў пачуццяў, думак і пад. Наплыў радасці. □ — А дзе ж дзеці? — крыху супакоіўшыся ад першага наплыву хвалявання, запытаў Васіль. Васілевіч.
4. Спец. Паступовая змена кадраў у кінафільме.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недалёка,
1. Прысл. да недалёкі (у 1, 2 знач.).
2. у знач. вык. Аб нязначнай адлегласці да каго‑, чаго‑н. Жаданы яр ужо недалёка. Колас. Ад вёскі да лясніцтва было недалёка. В. Вольскі.
3. у знач. вык. Аб хуткім надыходзе чаго‑н. Недалёка ўжо і вечар. А. Александровіч. Да вечара недалёка. Чорны. // безас. у знач. вык. Мала чаго не хапае да чаго‑н. Помнім толькі адно, што зацішак Перад громам бывае часцей. Што ў вятроў недалёка да здрады: Могуць з ростані рынуць і рваць. Хадыка.
•••
Недалёка адскочыць гл. адскочыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нерухо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не рухаецца, застаецца ўвесь час на адным месцы. Нерухомы блок. □ Над нізінай нерухомы Звіс, як дым, туман. Колас.
2. перан. Які не змяняе свайго выразу. Нерухомым позіркам .. [Міколка] углядаўся ў блакітнае неба. Лынькоў.
3. Які складаецца з зямельнага ўчастка, будынка (пра маёмасць). Нерухомая маёмасць. / у знач. наз. нерухо́мае, ‑ага, н. [Маханько:] — Раз.. [калгаснік] гаспадар нашых тысяч гектараў, гаспадар усяго нашага, як кажуць, рухомага і нерухомага, то ён ночы не даспіць, а падумае, што куды зручней павярнуць, як што лепш зрабіць. Кулакоўскі.
4. У граматыцы — які не мяняе свайго месца (пра націск).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
несвядо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўсведамляе сваіх адносін да рэчаіснасці. Несвядомае дзіця. // Пазбаўлены класавай свядомасці; палітычна адсталы. [Нявідны:] — І трэба, таварышы, не толькі пускаць у ход зброю знішчэння ў вайне з панамі, а трэба таксама і развязваць вочы несвядомым польскім салдатам, абуджаць іх класавую свядомасць. Колас. // Якому не ўласціва ўсведамленне сваіх абавязкаў. Несвядомы работнік. // Характэрны чалавеку, які не ўсведамляе сваіх абавязкаў. Несвядомыя адносіны да працы.
2. Які адбываецца без кантролю, свядомасці; неўсвядомлены, інстынктыўны. Успаміны.., здавалася, маладзілі .. [дзеда] на шмат гадоў і ўздымалі ў ім дух нейкага несвядомага пратэсту. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няло́ўка,
1. Прысл. да нялоўкі.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, сораму, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка. Колас. Шмат разоў я калісь на начлезе, Прызнавацца сягоння нялоўка, Нібы бачыў: лясун з дрэва лезе. Чарот. // з інф. Пра ўсведамленне нялоўкасці зрабіць што‑н. [Лазавы:] — А чаго чырванееце..? Нялоўка казаць нядобрае пра свайго калегу ды яшчэ начальства? Васілевіч. Рыгору трэба было збочыць, але Рымар вёў яго з сабою, і яму нялоўка было сказаць, што ім далей не па дарозе. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)