РАМАНІ́ЦКІ (Барыс Васілевіч) (30.3.1891, с. Чарнабай Чаркаскай вобл., Украіна — 24.8.1988),

украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Кіеўскую муз.-драм. школу (1915). З 1913 выступаў у трупе П.​Саксаганскага. У 1922 адзін з заснавальнікаў і маст. кіраўнік (да 1948), акцёр і рэжысёр Укр. т-ра імя М.​Занькавецкай у Львове. Вастрынёй характарыстык, разнастайнасцю фарбаў вылучаюцца ролі: Чалы («Сава Чалы» І.​Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» І.​Франко), Гайдай («Гібель эскадры» А.​Карнейчука), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Храпаў («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Карл («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Гібель эскадры» Карнейчука (1933), «На вялікую зямлю» А.​Хіжняка (1949). Аўтар кн. «Украінскі тэатр у мінулым і сучасным» (1950). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія імя Т.​Шаўчэнкі 1974.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖО́ВА (Варвара Мікалаеўна) (27.1.1871, Масква — 18.5.1963),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1937). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1893), паступіла ў трупу Малога т-ра. Выступала як камед. і вадэвільная актрыса, з канца 1900-х г. выконвала пераважна характарныя ролі т.зв. камічных бабуль. Найвыш. майстэрства дасягнула ў рус. класічных п’есах, асабліва А.​Астроўскага. Майстар рус. сцэн. мовы. Творчасці ўласцівы дасканаласць раскрыцця ўнутр. свету герояў, мяккі гумар, лірычнасць: Фяклуша, Анфуса Ціханаўна, Уліта, Глумава, Феліцата, Домна Панцялеўна («Навальніца», «Ваўкі і авечкі», «Лес», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Праўда — добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Графіня-бабуля («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Аўдоцця («Расцяраева вуліца» паводле Г.​Успенскага), Дзямідаўна («Нашэсце» Л.​Лявонава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЙФЕ́РЦІС (Леанід) (Веньямін) Уладзіміравіч (14.11.1911, г. Ільінцы Вінніцкай вобл., Украіна — студз. 1996),

расійскі графік. Нар. маст. Расіі (1982). Нар. маст СССР (1996). Чл.-кар. АМ СССР (1966). Вучыўся ў Харкаўскім маст. ін-це (1928—30). З 1930 у Маскве. Супрацоўнічаў з газ. «Комсомольская правда», час. «Смена», «Огонек» і інш., з 1934 у час. «Крокодил». Станковыя творы вызначаюцца абагульненай лаканічнасцю лінейнага штрыха, мяккай празрыстасцю колеравых плям, вастрынёй кампазіцыйных ракурсаў, карыкатуры — мяккім гумарам. Аўтар серый «Старая Масква» (1938), «Абарона Севастопаля» (1941), «Берлін» (1945), «Метро» (1957), «Маскоўскія жанры» (1966—67), «Спорт» (1967—70), «Новыя раёны Масквы» (1970-я г.) і інш.

Літ.:

Семенова Т. Л.​В.​Сойфертис. М., 1962;

Гурьева Т.Г. Л.​В.​Сойфертис. Графика: [Альбом]. М., 1973.

Л.Сайферціс. Некалі! 3 серыі «Абарона Севастопаля». 1941.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАВА (Таццяна Яўгенаўна) (н. 4.5.1934, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Дачка Я.​В.​Самойлава. Нар. арт. Расіі (1993). Вучылася ў Тэатр. вучылішчы імя Б.​Шчукіна (1953—56), скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1962). У 1958 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, у 1967—92 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Т-ры сучаснай п’есы. Ігра адметная глыбокім драматызмам, тонкім псіхалагізмам. З 1956 здымаецца ў кіно: «Мексіканец» (1956), «Ляцяць жураўлі» (1957, Гал. прыз кінафестывалю ў Канах, 1958), «Неадпраўлены ліст», «Леон Гарас шукае сябра» (СССР—Францыя, абодва 1960), «Альба Рэгія» (Венгрыя, 1961), «Яны ішлі на ўсход» (1964, Італія—СССР), «Ганна Карэніна» (1968), «Доўгая дарога ў кароткі дзень» (1972), «Акіян» (1974), «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту» (1976), «24 гадзіны» (2000) і інш.

Т.Я.Самойлава.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРО́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (18.2.1892, г. Курск, Расія — 26.6.1948),

рускі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі ў СССР. Чл.-кар. АН СССР (1933), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). У 1929 заснаваў і ўзначаліў лабараторыю генетыкі ў Біял. ін-це імя К.​А.​Ціміразева, у 1931 — сектар генетыкі і селекцыі ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Арганізатар і з 1930 заг. кафедры генетыкі Маскоўскага ун-та. Навук. працы па генетыцы, селекцыі, гібрыдызацыі с.-г. жывёл і раслін. Прапанаваў і эксперым. пацвердзіў схему будовы гена, выказаў ідэю пра яго дыскрэтнасць, сфармуляваў тэорыю паходжання новых генаў шляхам дуплікацыі. Стварыў новы кірунак эвалюц. вучэння — генагеаграфію.

Унёс уклад у распрацоўку асноў селекцыі і гібрыдызацыі, метадаў генет. аналізу і ўвядзенне навук. распрацовак у с.-г. практыку.

А.С.Сераброўскі.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МАНАЎ (Мікалай Канстанцінавіч) (4.12.1901, г. Самара, Расія —20.4.1973),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1950). Герой Сац. Працы (1971). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1919—22). P 1924 (з перапынкам) акцёр Ленінградскага т-ра драмы імя А.​Пушкіна. Мастацтва С. адметнае высокай. героіка-рамантычнай адухоўленасцю: Механошаў («Канец Крыварыльска» Б.​Рамашова), Вяршынін («Браняпоезд 14-69» У.​Іванава), Хлебнікаў («Персанальная справа» А.​Штэйна). Сярод роляў класічнага рэпертуару: Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Сальеры («Моцарт і Сальеры» Пушкіна), Матыяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана) і інш. P 1924 здымаўся ў кіно: «Чапаеў» (1934), «Пётр I» (1937—39), «Сталінградская бітва» (1949), «Авадзень» (1955) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1950. Дзярж. прэміі Расіі 1973.

Літ.:

Цимбал С. Николай Симонов. М., 1973.

М.К.Сіманаў.

т. 14, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬЦЫН (Барыс Мікалаевіч) (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦК КПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністр СССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам. рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая Канстытуцыя Рас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.

Тв.:

Записки президента. М., 1994;

Бел. пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.

Б.М.Ельцын.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

галіна медыцыны, мэтай якой з’яўляецца бяспека і стварэнне аптымальных умоў жыццядзейнасці чалавека на ўсіх стадыях касм. палёту. Вывучае ўздзеянне фактараў касм. палёту (касм. выпраменьванне, бязважкасць, паскарэнне, вібрацыя, ізаляцыя ў замкнутай прасторы і інш.) на арганізм чалавека, распрацоўвае меры па змяншэнні іх шкодных уплываў, прафілактыцы і лячэнні захворванняў, метады адбору, падрыхтоўкі касманаўтаў і адаптацыі іх да зямных умоў пасля палёту. Выкарыстоўвае дасягненні фізіялогіі, псіхафізіялогіі, радыебіялогіі, гігіены, генетыкі і інш.

Зарадзілася ў 1950-я г. на базе авіяц. медыцыны і фізіял. даследаванняў у касмічнай біялогіі. Развіццё К.м. звязана з дасягненнямі ў асваенні касм. прасторы: першым палётам чалавека ў космас (1961), выхадам чалавека ў адкрыты космас (1965), высадкай на паверхню Месяца (1969). У СССР працу па К.м. ўзначальвала Камісія па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы АН СССР і Мін-ва аховы здароўя СССР. Міжнар. арг-цыі ў галіне К.м.: Камітэт па даследаванні касм. прасторы (COSPAR), Акадэмія авіяц. і касм медыцыны, Камітэт біяастранаўтыкі Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі. Даследаванні па К.м. праводзяць Расія, ЗША, Германія, Францыя і інш.

На Беларусі даследаванні ўплыву гіпергравітацыі на механізмы кампенсацыйных рэакцый вестыбулярнага апарату і біяхім. зрухі ад малых доз радыяцыі праводзіліся ў Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Космическая биология и медицина. Т. 1—5. М., 1994;

Новиков В.С., Колосов И.А. Космическая медицина. СПб., 1996.

В.​П.​Трыбіс.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЕЎ (Іван Сцяпанавіч) (28.12.1897, в. Ладзейна Падасінаўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 21.5.1973),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). У арміі з 1916. Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1940 камандуючы войскамі Забайкальскай і Паўн.-Каўк. ваен. акруг. У Вял. Айч. вайну камандуючы 19-й арміяй (лета 1941), Зах. (вер. — кастр. 1941, жн. 1942 — люты 1943), Калінінскім (кастр. 1941 — жн. 1942), Паўн.-Зах. (сак. — чэрв. 1943), Сцяпным (ліп. — кастр. 1943), 2-м Укр. (кастр. 1943 — май 1944) і 1-м Укр. (май 1944 — май 1945) франтамі; удзельнік Смаленскай, Маскоўскай і Курскай бітваў, бітвы за Дняпро, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай, Пражскай і інш. аперацый. З 1945 галоўнакамандуючы Цэнтр. групай войск і вярхоўны камісар па Аўстрыі. З 1946 галоўнакамандуючы сухап. войскамі і нам. міністра Узбр. Сіл СССР. З 1950 гал. інспектар Сав. Арміі і нам. ваен. міністра СССР. З 1951 камандуючы войскамі Прыкарпацкай ваен. акругі. У 1955—60 1-ы нам. міністра абароны СССР, адначасова ў 1955—56 галоўнакаманд. сухап. войскамі краіны і ў 1955—60 галоўнакаманд. аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. У 1961—62 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі.

Тв.:

Записки командующего фронтом. М., 1991.

І.С.Конеў.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕ́НАС ((Mikėnas) Юозас) (12.2.1901, Скардупіс, Латвія — 24.10.1964),

літоўскі скульптар; заснавальнік сучаснай літ.. скульптуры. Чл.-кар. АМ СССР (1955). Нар. маст. Літвы (1960). Нар. маст. СССР (1961). Скончыў Каўнаскую маст. школу (1926). У 1926—31 вучыўся ў прыватных студыях і маст. ВНУ Парыжа. У 1932—34 удзельнік групы «Арс». З 1931 выкладаў у Каўнаскай, з 1940 у Вільнюскай маст. школах, з 1941 у вільнюскай маст. акадэміі, з 1945 маст. ін-це, у Каўнаскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, Маст. ін-це Літвы (з 1946 праф.). Творам характэрны арыгінальнае спалучэнне традыцый прафес. і нар. літ. скульптуры, лірызм, манументальнасць форм, выразны сілуэт. Аўтар партрэтаў А.​Гудайціса (1934), скульпт. кампазіцый «Хлопчык з голубам» (1935), рэльефаў «Маці» (1935), «Жанчына з граблямі» (1936), помнікаў «Перамога» ў Калінінградзе (1945—46), М.​Мельнікайтэ ў г. Зарасай (1947), П.​Цвірку ў Вільнюсе (1959), статуі «Літва» для павільёна Літвы на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939), манум. твораў «Мір» (1960), «Першыя ластаўкі» (1964), скульптур «Танец» (1946), «Юная піяністка» (1958), мазаік «Галава юнака» (1931), «Рабочы» (1934), ілюстрацый да кніг. Дзярж. прэмія СССР 1947. Дзярж. прэмія Літвы 1966. Іл. гл. таксама да арт. Літва.

Літ.:

Юозас Микенас: [Альбом]. М., 1983.

Ю.Мікенас. Скульптурная група помніка «Перамога» ў Калінінградзе. 1945—46.

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)