рэінтраду́кцыя
(ад рэ- + інтрадукцыя)
1) развядзенне раслін у мясцовасцях, дзе яны раней раслі, але затым зніклі, як правіла, па віне чалавека;
2) другасная або кожная наступная інтрадукцыя раслін, якія раней культываваліся.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БІ́ЗНЕС-ПЛАН,
дакумент з абгрунтаваннем запланаванай камерцыйнай дзейнасці фірмы на пэўны перыяд. Распрацоўваецца супрацоўнікамі фірмы з дапамогай кансультантаў і, як правіла, з удзелам яе кіраўніка для абгрунтавання заявак на атрыманне крэдыту ў камерцыйных банках, распрацоўкі праектаў стварэння прыватных фірмаў, складання праспектаў эмісіі каштоўных папер (акцый і аблігацый), прыватных прадпрыемстваў і тых, якія прыватызуюцца. Мэта бізнес-плана: вывучэнне рынку збыту запланаванай прадукцыі (паслуг) з улікам іх колькасці і якасці, аналіз выдаткаў вытв-сці і ступень прыбытковасці запланаванага камерцыйнага мерапрыемства, аналіз магчымага развіцця падзей у запланаванай справе, у т. л. цяжкасцяў і шляхоў іх пераадолення, вылучэнне прыярытэтных паказчыкаў, па якіх можна ацаніць пачатак задуманага мерапрыемства.
А.М.Дземічаў.
т. 3, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКО́ЛЬ,
від кароткатэрміновага крэдыту, які выдаецца банкам на няпэўны тэрмін з прадастаўленнем пазычальніку права выкарыстоўваць гэты крэдыт паступова. Выдаецца па першым патрабаванні крэдытора. Выкарыстоўваецца банкамі для падтрымання неабходнага ўзроўню іх ліквіднасці. Анколь, як правіла, забяспечваецца залогам тавараў, вэксаляў і каштоўных папер. Ад звычайнай пазыкі адрозніваецца тым, што сума доўгу і сума забеспячэння маюць бягучы характар і па патрабаванні кожнага з бакоў у любы момант можа быць спынены. Пазычальнік плаціць банку працэнты толькі за фактычна ўзятыя сумы. У знешнім гандлі анколь прадугледжвае пастаўку тавару з фіксацыяй цаны, якая вызначаецца на аснове каціроўкі адпаведнай біржы ў выбраныя пакупніком дні.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Т (ад грэч. orchis яечка),
запаленне яечка. Адзначаецца ў чалавека і млекакормячых, часта спалучаецца з эпідыдымітамі. Неспецыфічныя архіты выклікаюцца бактэрыямі, вірусамі, часцей маюць другаснае паходжанне, спецыфічныя — узбуджальнікі туберкулёзу, бруцэлёзу, сіфілісу, актынамікозу. Ганарэйныя, трыхаманозныя, хламідыёзныя, мікаплазмавыя архіты перадаюцца палавым шляхам. Прычынай архіта могуць быць перакруты яечка і гідатыдаў, яго траўматычныя пашкоджанні. Пры вострых архітах павышаная балючасць пры хадзе, дотыку адзення, змена паходкі. Архіты могуць прывесці да атрафіі аднаго або абодвух яечак, што тоіць у сабе бясплоддзе і зніжэнне патэнцыі. Лечаць востры архіт у стацыянары, хірург. ускрыццём гнайнікоў або выдаленнем яечка. Хранічныя архіты трэба дыферэнцыраваць ад злаякасных пухлін. Палавыя здольнасці, як правіла, захоўваюцца.
т. 1, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),
1) жанр укр. нар. паэзіі, кароткая песенька накшталт прыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл. Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел. нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць у поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.Багдановіч стварыў бел. К.
2) Укр. нар. масавы танец гуцулаў.
3) Нар. інструментальная п’еса.
Літ.:
Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМІ́ТЫ (ад грэч. sōma цела), першасныя сегменты цела,
парныя метамерныя ўтварэнні, на якія ў працэсе зародкавага развіцця падзяляецца мезадэрма (у большасці беспазваночных) або яе дарсальная ч., што прылягае да нерв. трубкі і хорды (у хордавых). Як правіла, С. паступова пашыраюцца ад пярэдняга канца цела да задняга. У хордавых кожны С. пры развіцці падзяляецца на дэрматом, міятом і склератом; з іх утвараюцца адпаведна злучальнатканкавая ч. скуры разам з яе вытворнымі, тулаўная мускулатура і восевы шкілет (у рыб і шкілет плаўнікоў). С. вызначаюць метамерыю зачаткаў эктадэрмальнага паходжання або тых, што ўтвараюцца пры ўдзеле эктадэрмы (спінальных нерв. вузлоў у пазваночных, канечнасцей у беспазваночных).
т. 14, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ МЕТА́ЛАЎ,
змена структуры і ўласцівасцей металаў (асабліва сплаваў), якое адбываецца самаадвольна ў звычайных умовах (натуральнае старэнне) або пры награванні (штучнае). Асн. працэс пры С.м. — распад перанасычанага цвёрдага раствору, які атрымліваецца, як правіла, пры загартоўцы сплаву.
С.м. суправаджаецца звычайна павышэннем трываласці, цвёрдасці, каэрцытыўнай сілы, электраправоднасці металу (сплаву), а таксама зніжэннем яго пластычнасці і ўдарнай вязкасці. Адмоўны ўплыў С.м. прадухіляюць больш дасканалай тэхналогіяй выплаўкі металу (сплаву), яго легіраваннем, спец. тэрмічнай апрацоўкай. Штучнае С.м. (дасягаецца пластычным дэфармаваннем, радыеактыўным абпрамяненнем, лазернай і ультрагукавой апрацоўкай і інш.) ужываюць для павышэння трываласці сталей, алюмініевых, медных, тытанавых і інш. сплаваў, паляпшэння характарыстык магнітна-цвёрдых матэрыялаў. Працэсы С.м. вывучае металазнаўства.
Л.А.Сасноўскі.
т. 15, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТАБ-АФІЦЭ́РЫ назва групы старшых афіцэраў у арміях шэрагу Краін. У рас. арміі катэгорыя Ш.-а. ўведзена ў пач. 18 ст. і паводле Табеля аб рангах 1722 да іх належалі афіцэры ад маёра да палкоўніка (на флоце — ад капітан-лейтэнанта да капітана 1-га рангу). Як правіла, з Ш.-а. складаўся штаб (адсюль назва). У адрозненне ад обер-афіцэраў (групы малодшых афіцэраў) Ш.-а. насілі эпалеты з махрамі і пагоны з дзвюма падоўжнымі палосамі (прасветамі). Паводле Табеля аб рангах 1884 у 8-ы клас (групу Ш.-а.) пераведзены капітан, ротмістр, есаул; пры гэтым яны лічыліся обер-афіцэрамі, але атрымалі права на тытулаванне Ш-а.
т. 17, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,
лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
т. 5, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦКІ СУД,
суд у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст., які ствараўся канфедэрацыямі замест дзярж. судоў як сродак у барацьбе з паліт. праціўнікамі. На Беларусі К.с. былі створаны Таргавіцкай канфедэрацыяй. Дзейнічалі ў Браславе, Віцебску, Ваўкавыску, Лідзе, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слоніме, Слуцку і інш. Разглядалі справы аб крымінальных злачынствах супраць дзяржавы і дзеяннях асоб супраць канфедэрацыі, а таксама справы аб даўгах, зборах дзярж. чыншу. Суддзі (консулы) выбіраліся канфедэратамі, старшынёй суда, як правіла, быў маршалак канфедэрацыі ў адпаведным павеце. К.с. прымалі да разгляду справы ў тым выпадку, калі хоць бы адным з бакоў выступаў шляхціц. Працэдура суда была аналагічная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракі) прымаліся тайным галасаваннем. Апеляцыі маглі падавацца ў суд Ген. канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Ген. канфедэрацыяй Гродзенскім сеймам 15.9.1793.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)