ПРАЕ́КТНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «БЕЛГАНДАЛЬСІСТЭ́МА» Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1973 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага аб’яднання «Саюзгандальсістэма» як Бел. праектна-тэхнал. ін-т Усесаюзнага праектна-тэхнал. і вытв. аб’яднання па ўкараненні аўтаматызаваных сістэм кіравання (АСК) гандлем Мін-ва гандлю СССР. З 1978 БелгандальАСКпраект Мін-ва гандлю БССР. З 1981 Праектна-тэхнал. ін-т па распрацоўцы, укараненні і эксплуатацыі аўтаматызаваных сістэм кіравання гандлем (ПТІ «Белгандальсістэма»). З 1997 Праектна-тэхнал. дзярж. прадпрыемства, з 2000 — рэсп. унітарнае. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка праектнай дакументацыі і ўкараненне аўтаматызаваных сістэм кіравання (комплексаў задач) на прадпрыемствах і ў арг-цыях гандлю, грамадскага харчавання і інш.; аказанне ўлікова-вылічальных, інфарм. і паліграфічных паслуг; стварэнне і падтрымка ў рабочым стане галіновай інфарм. камп’ютэрнай сеткі «Гандальсетка», суправаджэнне (адаптацыя, дастасаванне да мясц. умоў і інш.) праграмнага забеспячэння, абслугоўванне тэхн. сродкаў; абагульненне навукова-тэхн. дасягненняў у галіне вылічальнай тэхнікі і ўкараненне іх у арг-цыях і прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання Беларусі.

В.​А.​Шкандзяюк.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЗДЫ́МКА,

здымка зямной паверхні з лятальных апаратаў. Робіцца ў шырокім дыяпазоне спектра эл.-магн. хваляў з дапамогай розных здымачных сістэм. Бывае фатаграфічная, тэлевізійная, цеплавая, радыёлакацыйная і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАГА АБСЛУГО́ЎВАННЯ ТЭО́РЫЯ,

раздзел імавернасцей тэорыі, які вывучае працэсы абслугоўвання ў сістэмах з уваходным выпадковым патокам патрабаванняў (кліентаў, выклікаў ці інш.) і правіламі (алгарытмам) іх абслугоўвання. Тыповыя аб’екты М.а.т.: аўтам. телеф. станцыі, вылічальныя сістэмы, камп’ютэрныя сеткі, прадпрыемствы гандлю, медыцыны, аэрадромы, аўтадарогі і чыгункі, білетныя касы, арганізацыі па рамонце і прафілактычным абслугоўванні і інш.

Узнікла ў 1920-я г. са стварэннем сістэм тэлеф. сувязі і неабходнасцю разліку іх прапускной здольнасці. Асн. задача М.а.т.: вывучэнне стацыянарных характарыстык выпадковых працэсаў з мэтай выбару рацыянальнай структуры сістэмы масавага абслугоўвання, а таксама працэсу абслугоўвання; у прыватнасці, даследуюцца размеркаванні розных параметраў, што характарызуюць стан сістэмы (даўжыні чэргаў, час чакання пачатку абслугоўвання, інтэрвалы занятасці, імавернасці адмовы і інш.). Асн. дастасаванні — разлік сетак, якія складаюцца з сістэм абслугоўвання (напр., сістэмы сувязі з вял. прапускной здольнасцю). Сістэму абслугоўвання можна ўявіць як набор прылад (каналаў) абслугоўвання; калі яны занятыя, то запатрабаванні, што паступаюць, назапашваюцца і ўтвараюць чэргі, прасоўванне якіх адбываецца паводле пэўных правіл. Для дастаткова простых сістэм абслугоўвання ўдаецца знайсці патрэбныя характарыстыкі аналітычнымі метадамі. напр., на аснове маркаўскіх працэсаў. Для больш складаных сістэм выкарыстоўваюцца асімптатычныя метады даследаванняў, а таксама мадэліраванне выпадковых працэсаў з дапамогай Монтэ-Карла метаду.

Літ.:

Хинчин А.Я. Работы по математической теории массового обслуживания М., 1963;

Гнеденко Б.В., Коваленко И.Н. Введение в теорию массового обслуживания. М., 1966;

Ивченко Г.И., Каштанов В.А., Коваленко И.Н. Теория массового обслуживания. М., 1982.

В.​С.​Гардон, М.​П.​Савік.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ІНФАРМА́ТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКІ.

Засн. ў 1964 як Мінскі радыётэхн. ін-т на базе радыётэхн. ф-та БПІ, з 1993 сучасная назва. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: камп’ютэрнага праектавання; інфарм. тэхналогій і кіравання; радыётэхнікі і электронікі; камп’ютэрных сістэм і сетак, тэлекамунікацый; эканамічны; вячэрняга навучання; завочнага навучання; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі; перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1964, дактарантура з 1988. Мае 36 лабараторый, спецыялізаванае канструктарска-тэхнал. бюро з доследнай вытворчасцю, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.

Заняткі ў лабараторыі шматканальных сістэм перадачы інфармацыі Беларускага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

рэгуляцыя жыццядзейнасці арганізма жывёл і чалавека або яго асобных сістэм, якая ажыццяўляецца з дапамогай гармонаў; адна з сістэм самарэгуляцыі функцый, цесна звязана з нерв. і гумаральнай сістэмамі рэгуляцыі і каардынацыі функцый. Гармоны выдзяляюцца ў кроў залозамі ўнутр. сакрэцыі, разносяцца па ўсім арганізме і ўплываюць на стан і дзейнасць розных органаў і тканак. Гарманальная рэгуляцыя абмену рэчываў забяспечвае нармальнае функцыянаванне органаў і тканак. Пры ўдзеле гарманальнай рэгуляцыі ў выпадку неабходнасці адбываецца мабілізацыя магчымасцей арганізма. Напр., пры небяспецы і мышачным напружанні ўзмацняецца паступленне ў кроў адрэналіну, які павышае ўзровень цукру ў крыві і павялічвае забеспячэнне крывёй сэрца і мозга.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНЦЮ́К (Анатоль Сяргеевіч) (н. 5.4.1932, в. Марынаўка Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне эмбрыялогіі і гісталогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1975). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955) і працуе ў ім (у 1971—97 заг. кафедры). Навук. працы па эмбрыянальным марфагенезе органаў і рэгулюючых сістэм (нерв., эндакрыннай, імуннай), матэм. аналізе арганізацыі біял. сістэм, эмбрыянальным развіцці кітападобных, эксперым. марфалогіі і транспланталогіі.

Тв.:

Информационный анализ в морфологических исследованиях. Мн., 1981 (разам з Л.​А.​Леанцюк, А.​І.​Сыкала);

Возрастная гистология. Ч. 1—5. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тыксатрапі́я

(ад гр. thiksis = дотык + -трапія)

здольнасць дысперсных сістэм вяртаць зыходную структуру, разбураную механічным уздзеяннем; мае практычнае прымяненне ў тэхналогіі лакафарбавых матэрыялаў, кляёў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац. аб’ектаў — т.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовы сац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш. сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць сістэм, прылад і фотаматэрыялаў адрозніваць (узнаўляць) блізкія ў прасторы, часе ці па фіз. уласцівасцях аб’екты ці працэсы; колькасная мера такой здольнасці.

Р.з. аптычных сістэм — здольнасць аптычных сістэм даваць раздзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. З-за дыфракцыі святла аптычная сістэма адлюстроўвае святлівы пункт у выглядзе светлай плямы, абкружанай папераменна цёмнымі і светлымі кольцамі. Паводле крытэрыя У.Рэлея, 2 дыфракцыйныя плямы, адпаведныя відарысам пунктаў аднолькавай яркасці, лічацца раздзельнымі, калі светлы цэнтр адной з іх прыпадае на сярэдзіну першага цёмнага кольца суседняй. Р.з. спектральнай прылады — здольнасць такой прылады ўзнаўляць 2 спектральныя лініі з блізкімі даўжынямі хваль. Паводле крытэрыя Дж.​Рэлея такія лініі раздзяляюцца, калі адлегласць паміж максімумамі іх інтэнсіўнасцей не меншая за шырыню ліній. Р.з. фотаматэрыялаў — уласцівасць матэрыялу раздзельна ўзнаўляць у фотаматэрыяле дробныя суседнія дэталі аб’екта. Абумоўлена ступенню дысперснасці святлоадчувальных кампанентаў фотаслоя, залежыць ад кантрасту аптычнага відарыса, спектральнага складу аптычнага выпрамянення, часу асвятлення (экспазіцыі), умоў праяўлення і інш. Вызначаецца найб. колькасцю паралельных ліній на 1 мм фотавідарыса штрыхавой міры, якія бачныя паасобку ў мікраскопе.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙШУ́Н (Іван Васілевіч) (н. 29.9.1946, в. Пятровічы Бабруйскага р-на),

бел. матэматык. Акад. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1989), д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1992). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1984 заг. лабараторыі, з 1985 намеснік дырэктара, з 1992 дырэктар гэтага ін-та. Навук. працы па дыферэнц. ураўненнях, працэсах кіравання і метадах матэм. мадэлявання. Распрацаваў агульныя прынцыпы даследавання ўстойлівасцей дынамічных сістэм, тэорыю ўраўненняў у поўных вытворных, метады даследавання сістэм кіравання ў функцыян. прасторах.

Тв.:

Вполне разрешимые многомерные дифференциальные уравнения. Мн., 1983;

Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;

Многопараметрические системы управления. Мн., 1996.

М.​У.​Токараў.

І.В.Гайшун.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)