БАРЫ́ (Barye) Антуан Луі (24.9.1795 ці 1796, Парыж — 25.6.1875),
французскі скульптар і жывапісец. Прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў скульптара Ф.Ж.Бозіо (з 1816) і жывапісца А.Гро (з 1817). Чл. Парыжскай АМ (1868). Аўтар пейзажаў і скульпт. выяў жывёл, адметных тонкасцю назірання натуры, часта ў драматычныя моманты барацьбы («Тыгр, які раздзірае кракадзіла», «Удаў, які душыць газель», 1830-я г.; рэльеф «Леў» на цокалі Ліпеньскай калоны ў Парыжы, 1836; 4 групы драпежнікаў перад Музеем мастацтваў у Марселі, 1868; усе ў бронзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ Клеменс (1828, Вільня — ?),
бел.скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.Замойскага (1867), Л.Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.Вырубава, публіцыста З.Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́НЕР (Donner) Георг Рафаэль (24.5.1693, Эслінг, цяпер у межах Вены — 15.2.1741),
аўстрыйскі скульптар. Вучыўся ў Гайлігенкройцы. Працаваў у Вене (з 1715), Зальцбургу (1725—28), Браціславе (1728—38). Д. захоўваў уласцівую пластыцы барока дынаміку і адначасова імкнуўся да класічнай выразнасці формаў. Яго творы ў галіне манум.-дэкар. скульптуры адметныя дынамікай і эфектыўнасцю кампазіцыі, строгай вытанчанасцю формаў (гал. алтар сабора св. Марціна ў Браціславе 1732—34, алегарычныя фігуры для фантана на Новым рынку ў Вене 1737—39 і інш.).
Р.Донер. «Бажаство ракі Энс». Фігура для фантана на Новым рынку ў Вене. 1738.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭДА́Л І ІКА́Р,
персанажы старажытнагрэчаскай міфалогіі. Дэдал — выдатны вынаходнік, механік, будаўнік, скульптар. Ікар — яго сын. Паводле міфа, Дэдал па загадзе крыцкага цара Мінаса пабудаваў лабірынт для Мінатаўра і дапамог Арыядне вызваліць з лабірынта Тэсея, за што разам з Ікарам быў зняволены. Д. і І. зрабілі з пер’я і воску крылы, бацька даляцеў да Сіцыліі, а сын занадта наблізіўся да сонца, воск на крылах растапіўся, Ікар зваліўся ў мора і загінуў. Вобраз Ікара, чалавека, які ўзляцеў да сонца, часта выкарыстоўваецца ў л-ры, выяўл. мастацтве, музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖБА́НАЎ Уладзімір Іванавіч (н. 26.1.1954, Мінск),
бел.скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). Выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы (з 1985). Працуе ў манум. і станковай скульптуры, дробнай пластыцы. Сярод твораў: помнік Герою Сав. Саюза А.Міраненку (1981), помнік воінам-інтэрнацыяналістам у г. Светлагорск Гомельскай вобл. (1991, з А.Каструковым), бюсты Ю.Гагарына (1989), М.Горкага (1986), кампазіцыі «Жаночы эцюд» (1985), «Экзамен» (1988), «Галгофа» (1991), «Грацыя» (1994), «Восеньскі пацалунак» (1996), «Манекеншчыцы» (1997), рэльеф «Анёлы» (1990), партрэты актрысы Юр’евай (1974), акцёра А.Кляшторнага (1992), бацькі (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЕ́ (Gillet) Нікала Франсуа (2.3.1709, г. Мец, Францыя —7.2.1791),
французскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1745), у Франц. акадэміі ў Рыме (1746—52). Выкладаў у Пецярб.АМ (1758—77), значна паўплываў на развіццё рас. скульптуры; сярод вучняў Ф.І.Шубін, М.І.Казлоўскі, Ф.Ф.Шчадрын, Х.П.Пракоф’еў і інш. Удзельнічаў у аздабленні Зімняга палаца ў Пецярбургу (1758—77). У 1778 вярнуўся ў Парыж. Працаваў у станковай і арнаментальна-дэкар. скульптуры, дзе спалучаў рысы ракако з асобнымі элементамі класіцызму («Парыс з яблыкамі», 1757, партрэт вял.кн. Паўла Пятровіча, 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МАЎ Алег Канстанцінавіч (16.7. 1932, Масква — 3.8.1994),
расійскі скульптар. Нар.маст. Расіі (1976). Чл.-кар.АМСССР (1975). Скончыў Маскоўскі маст.ін-т (1959). Станковым і манум. творам уласцівы свежасць пластычных і прасторавых вырашэнняў, лірызм і шчырасць. Гал. месца ў творчасці займаюць помнікі, прысвечаныя дзеячам рус. гісторыі і культуры: А.Пушкіну ў Цверы (1974), Болдзіне (1979), Пскове (1983), А.Венецыянаву ў Вышнім Валачку (1980), А.Сувораву (1982) і Андрэю Рублёву (1985) у Маскве. Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАФТ (Kraffi, Kraft) Адам (каля 1460, г. Нюрнберг ?, Германія — 1508 або 1509), нямецкі скульптар, прадстаўнік мастацтва, пераходнага ад готыкі да Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу.
Творчасць вызначаецца стрыманасцю вобразаў, размераным рытмам, пластычнай важкасцю форм, ураўнаважанасцю кампазіцый. У работах часам трапляюцца жанравыя элементы. Сярод твораў: надмагілле Зебальда Шрэера (1490—92), дарахавальніца з партрэтнымі фігурамі К. і 2 чаляднікаў (1493—96), рэльеф «Вагаўшчык» (1497), серыя з 7 рэльефаў «Хрэсны шлях Хрыста» для могілак св. Іаана (каля 1505—08).
А.Крафт. Аплакванне Хрыста з серыі «Хрэсны шлях Хрыста». 1505—08.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЬЕ́ (Meunier) Канстантэн Эміль (12.4.1831, г. Этэрбек, Бельгія — 4.4.1905),
бельгійскі скульптар і жывапісец. Вучыўся ў свайго брата Ж.Б.Менье і ў АМ у Бруселі ў Ф.Ж.Навеза. У ранні перыяд працаваў у акад. манеры, пазней пад уплывам Г.Курбэ і Ф.Міле звярнуўся да рэалізму. У скульптурных творах увасабляў пераважна вобраз людзей працы: «Малатабоец», «Пудлінгоўшчык» (абедзве 1886), «Касец» (1891), «Пудлінгоўшчык каля печы» (1893), «Грузчык» (1905), кампазіцыя «Помнік працы» (1880-я г.). Аўтар жывапіснага трыпціха «Шахта» (каля 1878) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КАРНІ, Покарны (Pokorny) Карал (18.1.1891, Паўліцы, каля г. Знойма, Чэхія — 14.2.1962), чэшскі скульптар. Нар. мастак Чэхаславакіі (1956). Ганаровы чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе (1911—14), АМ (1914—17) у І.Мысльбека ў Празе. Аўтар рэалістычна абагульненых па формах твораў: помнікі загінуўшым шахцёрам у Лазах (1925), у Осеку (1936—38), А.Ірасеку (1952), Б.Немцавай (1954) у Празе, рэльефы для Нац. помніка ў Празе (1936—38), манумент «Братанне» ў г. Чэска-Тршэбава (1947—50). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1949, 1952, 1955.