КЕ́РЭР (Рудольф Рыхардавіч) (н. 10.7.1923, Тбілісі),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Чымкенцкі настаўніцкі ін-т (1952), Ташкенцкую кансерваторыю (1957), у 1957—61 выкладаў у ёй. З 1961 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1979 праф.). У рэпертуары творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў і сучасных аўтараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1961). З канца 1980-х г. жыве за мяжой.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Антон Якаўлевіч) (18.3. 1821, г. Слуцк Мінскай вобл. — 25.4. 1898),

расійскі ўрач; адзін з заснавальнікаў аперацыйнага акушэрства і гінекалогіі ў Расіі. Праф. (1858). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1848). Працаваў у ёй (у 1858—76 заг. кафедры). З 1871 дырэктар Пецярбургскай радзільнай установы. Навук. працы па хірургіі, анатама-гісталагічных і фізіял. даследаваннях жаночых палавых органаў. Выканаў першую ў Расіі аперацыю па выдаленні яечніка. Заснавальнік час. «Журнал акушерства и женских болезней».

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́НСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (7.2.1847, в. Шахварастоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 26.10.1918),

расійскі заолаг, эмбрыёлаг. Акад. Пецярбургскай АН (1897; чл.-кар. 1893). Скончыў Харкаўскі ун-т (1867). З 1871 праф. Казанскага, з 1882 — Новарасійскага (г. Адэса) ун-таў. Дырэктар з 1897 Заалаг. музея Пецярбургскай АН і адначасова з 1901 Севастопальскай біястанцыі. Навук. працы па параўнальнай эмбрыялогіі нерв. сістэмы беспазваночных і рыб. Распрацоўваў параўнальна-эмбрыялагічны кірунак, створаны работамі І.І.Мечнікава і А.А.Кавалеўскага.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКА́РПАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (8.7.1892, слабада Георгіеўская, цяпер Лівенскі р-н Арлоўскай вобл., Расія — 30.7.1944),

расійскі авіяканструктар. Герой Сац. Працы (1940). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1916). Ў 1923 стварыў першы сав. знішчальнік І-1 (ІЛ-400). У 1924—38 сканструяваў самалёт-разведчык Р-5, вучэбны самалёт У-2 (По-2), знішчальнікі І-3, І-15, І-16, І-153 («Чайка») і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943.

М.М.Палікарпаў.

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНФЁРАЎ (Вадзім Паўлавіч) (н. 16.9.1934, г. Дзмітраў Маскоўскай вобл.),

расійскі і бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1959). З 1990 у Брэсцкім аддзяленні Ін-та тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па аўтаматызацыі схематэхн. праектавання, сістэмах лагічнага мадэліравання, апісанні алгарытмаў тэнзарнымі ўраўненнямі.

Тв.:

Проектирование и применение систем математического обеспечения. М., 1983.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХТУСАЎ (Пётр Кузьміч) (1800, г. Кранштат, Расія — 19.11.1835),

расійскі мараплавец і гідрограф. Скончыў штурманскае вучылішча ў Кранштаце (1820).

У 1820—32 прымаў удзел ў гідраграфічных даследаваннях р. Пячора, Баранцава і Белага мораў. У 1832—35 кіраваў экспедыцыямі на архіпелаг Новая Зямля, апісаў узбярэжжы Паўн. і Паўд. а-воў Новай Зямлі, праліў Матаччын Шар і астравы ў ім. Імем П. наз. астравы ў Карскім м., горны хрыбет на Шпіцбергене.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ (Іван Іванавіч) (1830, С.-Пецярбург — ?),

расійскі і бел. архітэктар і інжынер-будаўнік. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1855). Працаваў у Гродзенскім (1857—62) і Віленскім (1862—84) буд.-дарожных к-тах. У канцы 19 ст. пабудаваў на Беларусі настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне, Полацку, Свіслачы, мужчынскую гімназію ў Віцебску (1876—80, з арх. М.​Карчэўскім), рэальнае вучылішча ў Магілёве (1884—85, з арх. У.​Міляноўскім) і інш.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (27.12. 1911—15.8.1982),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1936, майстэрня С.​Эйзенштэйна). З 1957 працаваў у навукова-папулярным і дакумент. кіно. Сярод фільмаў: «Рускі камень» (1960), «Вялікі выкрывальнік» (1971, сцэнарый з Л.​Горыным), па ўласных сцэнарыях зняў фільмы «Крылом да крыла» (1972), «Рэпін малюе Талстога» (1978), «Яўген Баратынскі» (1979), «Фёдар Дастаеўскі» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1968.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Андрэй Андрэевіч) (14.6.1856, г. Разань, Расія — 20.7.1922),

расійскі матэматык. Акад. Пецярб. АН (1896). Скончыў Пецярб. ун-т (1878), дзе і працаваў (з 1886 праф.). Асн. працы па тэорыі імавернасцей і яе дастасаваннях, тэорыі лікаў, матэм. аналізе і матэм. статыстыцы. Даў пачатак тэорыі т.зв. маркаўскіх працэсаў, увёў паняцце паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл. Маркава ланцуг), даў імавернаснае абгрунтаванне метаду найменшых квадратаў.

Тв.:

Избр. труды. Теория чисел. Теория вероятностей. М., 1951.

А.А.Маркаў.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Георгій Фёдаравіч) (19.1.1867, С.-Пецярбург — 9.5.1920),

расійскі лесазнавец, батанік і географ; адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі. Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1893); з 1901 праф. у ім, з 1918 праф. Таўрычаскага ун-та ў г. Сімферопаль. Стварыў вучэнне аб лесе як біягеацэналагічнай, геагр. і гіст. з’яве. Распрацаваў вучэнне пра тыпы лесанасаджэнняў, развіў уяўленне аб змене лясных парод і іх згуртаванняў.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)